4 траўня 2024, Субота, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дольнікі спыталі Лукашэнку, чаму такі дарагі метр жылля

41

Дольнікі ЖБВК «БТІ-2007» звярнуліся да Лукашэнкі з пытаннем, чаму кошт квадратнага метра будаўніцтва іх дамоў несправядліва павялічваецца.

Тры дзевяціпавярховыя дамы ў Калодзішчах першапачаткова павінныя былі быць здадзеныя ў 2012 годзе. Заказчык будаўніцтва - УКБ Менскага раёна, забудоўшчык - ТАА «Ослябя», піша Naviny.by.

Асноўнае пытанне, якое дольнікі задаюць Лукашэнку, - «чаму жыллё ў Калодзішчах на балоце каля чыгункі каштуе больш, чым у цэнтры Менска?»

«Каля кінатэатра «Кіеў» у жніўні здалі даўгабуд. Гэта аналагічны дом, у аздабленне якога ўваходзіць аздабленне балкона, абліцоўванне сцен пліткай ў ваннай і туалеце, міжпакаёвыя дзверы. Кошт - 9 млн. 600 тыс. рублёў. У нас ні дзвярэй, ні балконаў, ні пліткі, а кошт - 12 млн. рублёў за квадратны метр. У Ждановічах здаецца аналагічны дом: цана для льготнікаў - 9 млн. 200 тыс. рублёў, для дольнікаў - 9 млн. 700 тыс. рублёў».

Забудоўшчыкі сцвярджаюць, што за тры гады кошт метра павялічыўся на 400%. Людзі плацілі паводле ўстаноўленага графіку, а грошы абясцэньваліся.

У відэазвароце адзначаецца, што ў 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка «запатрабаваў не толькі дабудаваць праблемныя дамы, але і захаваць кошт квадратнага метра не вышэй за сярэдні заробак па краіне»: «Узнікае пытанне пра законнасць павелічэння кошту квадратнага метра амаль на 400% за тры гады. Пра гэта гаварылі на сходзе, нам адказалі: «Прэзідэнт абяцаў, хай пабудуе па гэтай цане». Таму мы да вас і звяртаемся».

Ва ўсіх катэгорыях дамоў сярэдні кошт будаўніцтва квадратнага метра летам 2014 года ў Беларусі складаў - 7 млн. 418 тыс. рублёў. Пры гэтым у траўні 2014 года сябры ЖБВК «БТІ-2007» на сходзе прагаласавалі за кошт у 11 млн. 450 тыс. рублёў за метр. Аднак у відэазваротах да Лукашэнкі адзначаецца, што іх «прымусілі».

Як патлумачыла сябра ЖБВК «БТІ-2007» Вікторыя Халімонец, на сходзе з 215 сяброў кааператыва было 140 чалавек, 60 з якіх прагаласавалі за змяненне цаны ў большы бок, 50 - супраць, 30 - устрымаліся:

«Паводле нашых звестак, тыя, хто ўстрымаўся, з'яўляюцца супрацоўнікамі БТІ і баяліся праблем на працы. Акрамя таго, на сходзе было шмат людзей, якіх мы не ведалі, ніколі не сустракалі іх да таго. Мы пісалі звароты ва УКБ, райвыканкам, аблвыканкам з просьбай патлумачыць, чаму павялічвалася цана. Нам адказалі, што такое было нашае рашэнне».

15 снежня 2014 года, звяртаючыся да ўзгодненага на пасаду намесніка старшыні Менскага гарвыканкама Віктара Лапцева, Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў праблему даўгабудаў:

«Не гледзячы ні на каго, вы гэтую праблему павінныя вырашаць. Ёсць той, хто плаціць. Я ўпэўнены, што людзі плацяць сумленна, паводле дамовы. Ёсць тыя, хто павінны будаваць. Баюся, што там праблемы ў будаўнікоў. Імем рэвалюцыі вы павінныя вырашыць гэтыя пытанні! У адваротным выпадку, я проста хачу паўтарыць, - усе сядуць!»

«Я не дазволю болей, каб людзі звярталіся да вас, а ў галаве мелі на ўвазе заўсёды прэзідэнта, чаму няма парадку, а так і бывае, і яны маюць рацыю. Таму я выкарыстоўваю і крайнія метады для навядзення парадку», - сказаў дыктатар.

Аднак забудоўшчыкі дамоў у Калодзішчах ужо не бачаць іншых спосабаў паўплываць на сітуацыю, акрамя як прасіць умяшацца Лукашэнку. На днях сябрам ЖБВК «БТІ-2007» абвясцілі, што цана зноў павялічылася - да 12 млн. 500 тыс. рублёў за метр.

«З пытаннем, якім чынам фарміруецца цана, мы звярталіся ў раённы, абласны выканкамы, Камітэт архітэктуры, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру Менскага раёна. Атрымлівалі толькі адпіскі. Часцяком адказ не адпавядае пытанні, якое задавалася. Мы скардзіліся ў пракуратуру на райвыканкам, а пракуратура перасылала туды зварот. Пасля звароту асабіста да Андрэя Кабякова (на той момант кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі і кіраўнік рабочай групы праблемных пытанняў у будаўніцтве. - Рэд.) сітуацыя была ўзятая на кантроль, і дамы да 31 снежня 2014 года былі дабудаваныя».

Вікторыя Халімонец дадала, што ў кастрычніку 2014-га праходзіў банкаўскі абмер, які выявіў завышэнне ў кошце будаўніцтва на 1 млрд. 200 млн. рублёў. Гэтыя грошы вярнулі кааператыву.

«У лістападзе, - распавядае Халімонец, - Праходзіла толькі ўнутраная аздабленне, а 15 снежня была прыёмка дамоў. І ўжо пасля таго, як дамы здалі, сфарміравалі новую цану, і нам зноў трэба даплаціць. Мне, напрыклад, неабходна ўнесці 45 мільёнаў рублёў. Для таго, каб легалізаваць новую цану, плануецца правесці яшчэ адзін сход сяброў кааператыва».

«Крыўдна ўсведамляць, што агучаныя ўголас патрабаванні дзяржавы могуць быць проста праігнараваныя. Спадар прэзідэнт, дапамажыце зняць наспелую сацыяльную напружанасць і незадаволенасць грамадзян сваёй выканаўчай уладай, якая распачала ўсе крокі, каб дыскрэдытаваць сябе ў вачах народа», - гаворыцца ў звароце.

Такім чынам, падсумавала Вікторыя Халімонец, забудоўшчыкі хочуць, каб ім патлумачылі, чаму дамы ЖБВК «БТІ-2007» такія дарагія і чаму кошт прадаўжае расці пасля таго, як дом быў здадзены.

Як растлумачыў дырэктар УКБ Менскага раёна Васіль Аўраменка, цана будаўніцтва павялічылася за кошт дадатковых работ на аб'екце, якія першапачаткова не планаваліся:

«Мы цану не дыктуем, яна складаецца з кошту выкананых работ. Паменшыць цану - азначае, што забудоўшчык ТАА «Ослябя» возьме сабе яе на страты. Вядома, на гэта ён не пойдзе».

Васіль Аўраменка сцвярджае, што фарміраванне цаны можна праверыць: «Усё дакументальна пацверджана, ёсць акты выкананых работ. Любая праверка ў любы момант можа азнаёміцца з імі. Дадатковыя будаўнічыя, пуска-наладачныя працы павялічваюць кошт квадратнага метра».

Дом у эксплуатацыю здалі, але нармальна жыць у ім, сцвярджаюць дольнікі, немагчыма: «Расколіны ўнутры дамоў, мокрыя сцены, вада ў падвалах, непрацуючыя катлы і ліфты. Будаўнікі эканомілі на ўсім. Мы яшчэ не заехалі ў свае кватэры, а на газавых лічыльніках 300-400 кубоў, якія мы павінныя аплаціць».

Што тычыцца будаўнічых недапрацовак, то яны, паводле слоў Васіля Аўраменкі, «будуць ліквідаваныя згодна з заканадаўствам цягам студзеня».

Фота: ЖБВК «БТІ-2007»

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках