4 траўня 2024, Субота, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Стасевіч: Я шчасліўчык, паколькі гуляў у двух вялікіх беларускіх клубах

2
Ігар Стасевіч: Я шчасліўчык, паколькі гуляў у двух вялікіх беларускіх клубах

Былы гулец менскага "Дынама" распавёў, чаму падпісаў кантракт з барысаўскім клубам.

Паўабаронца Ігар Стасевіч, які падпісаў кантракт з БАТЭ, распавёў by.tribuna.com аб вяртанні ў барысаўскі клуб.

- Адчуваю самыя станоўчыя пачуцці. Я прыехаў дадому, у клуб, дзе пачаў свой гульнявы шлях. Дарэчы, гэта ж тэндэнцыя: многія хлопцы, якія выступалі ў БАТЭ і затым пакінулі каманду, па сканчэнні гадоў вяртаюцца сюды. Нездарма кажуць пра асаблівую атмасферу, якая пануе тут. Гэта сапраўдная футбольная сям'я, з якой не хочацца расставацца надоўга.

- Калі даведаўся пра цікавасць з боку «жоўта-сініх»?

- Не так даўно. Мы сустрэліся і пагутарылі з Анатолем Анатольевічам Капскім аб тым, хто чаго чакае ад гэтага супрацоўніцтва, пра мэты, якія стаяць перад БАТЭ. І даволі хутка паразумеліся. Калі шчыра, гэта запрашэнне стала для мяне шмат у чым нечаканым. І вельмі прыемным. Хачу падкрэсліць, што пры падпісанні кантракта з БАТЭ фінансавы фактар не меў для мяне першараднага значэння.

- А з галоўным трэнерам кантакт трымалі?

- Аляксандр Уладзіміравіч тэлефанаваў, казаў, што мяне хочуць бачыць у камандзе. Думаю, больш грунтоўная гутарка адбудзецца сёння.

- Ты пераходзіш у БАТЭ ў статусе лепшага футбаліста чэмпіянату Беларусі.

- У любым выпадку заўсёды ёсць што даказваць. Буду імкнуцца стаць лідарам каманды, што не так проста. Тут усе харызматычныя хлопцы, якія прывыклі кожны год здабываць залатыя медалі чэмпіянату краіны. Але я гатовы да канкурэнцыі, стаўлю перад сабой задачу правесці сезон-2015 яшчэ больш паспяхова, чым папярэдні, дапамагчы роднаму клубу дамагчыся максімальных вынікаў і на ўнутранай арэне, і ў еўракубках.

- Дадатковую адказнасць напэўна накладае і статус аднаго з самых дасведчаных гульцоў у шэрагах «жоўта-сініх».

- Мы закраналі гэтую тэму ў размове з Анатолем Анатольевічам. Мяркуецца, што я прыходжу ў каманду як футбаліст, які павінен стаць лідарам як на полі, так па-за ягонымі межамі, служыць прыкладам для моладзі. Паспрабую годна выконваць гэтыя функцыі.

- Да таго ты на працягу трох гадоў безвынікова спрабаваў скінуць БАТЭ з нацыянальнага трона.

- Выступаючы за менскае «Дынама», я прыкладаў усе намаганні, каб стаць чэмпіёнам. Праўда, з розных прычын гэтага так і не ўдалося зрабіць. Хоць у мінулым годзе ў складзе менчукоў рэальна змагаўся за золата. Вось толькі ў канцоўцы сезона камандзе чагосьці не хапіла. Перш за ўсё перамог. Наогул жа я шчасліўчык, паколькі гуляў у двух вялікіх беларускіх клубах.

- Ты вяртаешся не толькі туды, дзе пачынаў кар'еру. Але і ў родны горад.

- Гэта таксама немалаважны фактар. У Барысаве ў мяне шмат сяброў, знаёмых, сваякоў - увогуле значна больш людзей, якія жадаюць мне дабра. У «Дынама» ў гэтым плане было больш складана - тыя ж фанаты не адразу мяне прынялі. Тут жа, спадзяюся, падобных праблем з боку заўзятараў не ўзнікне.

- Што хацеў бы сказаць заўзятарам БАТЭ?

- Буду імкнуцца заслужыць павагу ў іх не проста за кошт былых заслуг. Ёсць велізарнае жаданне даказаць на полі, што я добры футбаліст, што я прыйшоў не дагульваць, што здольны па-сапраўднаму дапамагчы камандзе. Ну і заклікаю заўзятараў падтрымліваць нас з усіх сіл.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках