3 траўня 2024, Пятніца, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Логвінаў просіць дапамогі ў выплаце штрафу

14
Ігар Логвінаў просіць дапамогі ў выплаце штрафу

Выдавец Ігар Логвінаў просіць у грамадскасці дапамогі ў выплаце штрафу, які перасягае 960 млн рублёў.

З такім зваротам ён выступіў сёння на прэс-канферэнцыі ў кнігарні "ЛогвінаЎ", піша БелаПАН.

Нагадаем, у снежні мінулага года інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Цэнтральнага раёна Менска на запатрабаванне Мінінфарма правяла пазапланавую праверку ў кнігарні "ЛогвінаЎ". Па выніках праверкі было заяўлена, што крама займаецца рэалізацыяй друкаванай прадукцыі без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.

Выдавецтва было пазбаўленае ліцэнзіі ў верасні 2013 года за выпуск альбома "Прэс-фота Беларусі 2011", у якім суд Ашмянскага раёна ўгледзеў экстрэмізм.

9 студзеня гэтага года Эканамічны суд Менска пастанавіў аштрафаваць прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства "Логвінаў" на 30 базавых адзінак (5,4 млн рублёў) за вядзенне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама канфіскаваць даход, атрыманы юрыдычнай асобай у студзені-снежні 2014 года ў суме больш за 960 млн рублёў.

Выдавец Ігар Логвінаў вінаватым сябе не прызнае. Ён сцвярджае, што рабіў усё магчымае для таго, каб не рабіць правапарушэння. Прынамсі, цягам 2014 кіраўніцтва ПІУП "Логвінаў" шэсць разоў спрабавала атрымаць патрэбную ліцэнзію Мінінфарма, аднак з розных прычын у выдачы такога дакумента ім адмаўлялі.

Логвінаў заявіў журналістам, што расцэньвае дзеянні Мінінфарма як вайну, якая доўжыцца ўжо некалькі гадоў. "Ні ў адной краіне свету няма законаў, актаў, якія б забаранялі прадаваць кніжкі, не кажучы ўжо пра тое, каб друкаваць іх і выдаваць", - падкрэсліў выдавец.

30 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе разглядацца скарга Логвінава на апошнюю адмову Мінінфарма ў выдачы выдавецтву ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках