2 траўня 2024, Чацвер, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін атрымаў дзве аплявухі

8
Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін атрымаў дзве аплявухі

Актывізацыя баявых дзеянняў у Данбасе падштурхоўваюць да думкі аб магчымым пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Улічваючы зацяжны характар вайсковага канфлікту, шараговыя грамадзяне пачынаюць верыць у несуцяшальныя прагнозы ў дачыненні да перспектыў устанаўлення міру ў рэгіёне. З просьбай пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтыя асцярогі "Обозреватель" звярнуўся да вядомага расейскага палітолага Станіслава Бялкоўскага.

- Ці можна назваць тое, што адбываецца на ўсходзе Украіны апошнія дні, пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну?

- Якасна нічога не змянілася. Няма ніякага афіцыйнага ўварвання - як не было яго і раней. Ідзе гібрыдная вайна - як яна і вялася. Тактыка Расеі не зведала ніякіх якасных зменаў. Актывізацыя баявых дзеянняў таксама была абсалютна прадказальная, у тым ліку і мною.

Таму што Уладзімір Пуцін рэагуе на тыя імпульсы, якія ён атрымлівае ад Захаду. Калі ён спадзяецца, што вось-вось выйдзе на прамыя перамовы з лідэрамі Захаду, у першую чаргу, з Баракам Абамам і Ангелай Мэркель, пра лёсы постсавецкай прасторы і свету наогул, ён памяншае рыторыку і ўзровень падтрымкі дэстабілізацыйных працэсаў паміж Расеяй і Украінай.

Але ў гэтым месяцы Пуцін атрымаў дзве аплявухі. Першая - скасаванне, фактычна на ініцыятыву Нямеччыны, саміту ў Астане, у выніку чаго Пуцін апынуўся без прасторы дыялогу з заходнімі лідэрамі і ўмацаваў свой статус ізгоя ў сучасным свеце, якога больш за ўсё ён хоча пазбегнуць. А другая аплявуха - Пуціна не запрасілі на 70-годдзе вызвалення Асвенцыма. Гэта для яго была вельмі важная падзея - дзесяць гадоў таму, на 60-годдзе вызвалення Асвенцыма, Пуцін быў не проста раўнапраўным удзельнікам, але галоўнай зоркай гэтага мерапрыемства.

Яго заканамерны адказ - пагаршэнне эскалацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, таму што чым яшчэ ён можа гандляваць? Ён можа гандляваць вайной і мірам. Такім чынам ён пасылае мэсэдж: хлопцы, добра вы ставіцеся да мяне ці дрэнна, прыстойны я чалавек ці ізгой, але без мяне мір усталяваць не атрымаецца. І я вам гэта ў чарговы раз давяду.

- Раней вы казалі аб трох мэтах Пуціна па стаўленні да Украіны. Ці зведаў гэты спіс нейкія змены апошнім часам?

- Не, я думаю, што нічога не змянілася. Але я настойваю на сваёй тэзе: Украіна - не канчатковая мэта Пуціна, гэта прастора для гандлю з Захадам. Але задачы ў дачыненні да Украіны застаюцца.

Я думаю, цяпер узраслі надзеі Пуціна на тое, што ў 2015 годзе Украіна пацерпіць поўны эканамічны крах. На ягоную думку, яна пацерпіць крах значна раней, чым Расея. Калі ж гэта здарыцца, Пуцін зноў будзе запатрабаваны як адзін з мадэратараў сітуацыі, як адзін з лідэраў, які здольны дапамагчы Украіне выйсці з сітуацыі эканамічнага краху.

Ён спадзяецца на тое, што падтрыманне цяперашняга статус-кво ў гібрыднай вайне на ўсходзе Украіны разам з эканамічным пагаршэннем усё роўна дазволіць яму дасягнуць сваіх мэтаў - хай не так хутка і прама, як ён разлічваў.

- Хто і як сёння можа спыніць агрэсію Пуціна ў дачыненні да Украіны? Або праблема не толькі ў ім?

- Праблема ў тым, што Захад не гатовы ваяваць ні пры якіх абставінах. Гэта ўжо ясна. Як я неаднаразова казаў, каштоўнасць жыцця на Захадзе стала такой высокай, што ні ЗША, ні Еўразвяз не гатовыя выкарыстоўваць свае войскі для супрацьстаяння з Расеяй. Акрамя таго, перспектыва ядзернай вайны разглядаецца Захадам як рэальная ў выпадку прамога сутыкнення з Расеяй.

- А яна рэальная, на вашу думку?

- Скажам так: я б гэтага не выключаў да канца. Улічваючы прыярытэты і псіхалагічны стан Пуціна, на сто адсоткаў перспектывы ядзернага ўдару я б не выключаў.

- Зыходзячы з таго, што вы сказалі, атрымліваецца, што сёння няма каму спыніць Пуціна?

- Украіна самастойна ў вайсковым плане цяпер не можа справіцца з гэтай задачай, паколькі Расея мацнейшая. Патрэбен міжнародны механізм пасярэдніцтва, пра што я таксама кажу даўно. Трэба вызначыць міжнародных пасярэднікаў, якія ў стане ўгаварыць Пуціна і стварыць нейкі фармат камунікацыі з ім.

У ролі такіх патэнцыйных пасярэднікаў я б бачыў Папу Рымскага Францыска і былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. Але гэта асобнае вялікае пытанне.

- Чаму Папа Францыск - зразумела, ён часта кажа аб праблеме ўстанаўлення міру ва Украіне. Але чаму Біл Клінтан?

- Пасрэднік павінен адказваць вызначаным крытэрам для таго, каб гэтага пасярэдніка прыняў Пуцін і гаварыў бы з ім па ўсім комплексе праблем. Па-першае, гэта павінен быць безумоўны міжнародны аўтарытэт - не меншы, чым сам Пуцін. Па-другое, гэта павінен быць чалавек, які будзе ўспрымацца Пуціным чыста псіхалагічна пазітыўна. Які ніколі не лаяў Пуціна, не крытыкаваў яго і не дзейнічаў супраць яго. Біл Клінтан быў прэзідэнтам ЗША, калі Пуцін толькі стаў прэзідэнтам Расеі, і ён успрымаецца Пуціным пазітыўна. Тады Пуцін быў максімальным заходнікам, ён вельмі хацеў сябраваць з ЗША, і Клінтан у агульным ставіўся да яго добра. Акрамя таго, Клінтан успрымаецца Пуціным не проста як былы прэзідэнт, але, магчыма, і як муж будучага прэзідэнта, што актуалізуе яго як палітыка нашых дзён.

А Папа Рымскі - гэта безумоўны аўтарытэт для ўсіх. Да таго ж, ён даказаў эфектыўнасць сваіх міратворчых намаганняў у аднаўленні адносінаў паміж ЗША і Кубай. Чаму б яму не паспрабаваць зрабіць тое ж самае ў камунікацыі паміж Абамам і Пуціным? Наколькі я разумею, паміж Абамам і Папам Францішкам склаліся самыя даверныя стасункі, якія толькі магчымыя паміж амерыканскім лідэрам і Святым Прастолам.

- Усе мы ва Украіне чакаем толькі аднаго: калі наступіць мір. У чым складаецца галоўная ўмова для ўстанаўлення міру на ўсходзе Украіны?

- Галоўная ўмова для ўстанаўлення міру - гэта жаданне Пуціна спыніць вайну. Пакуль мы гэтага жадання не бачым. Пуцін гатовы спыніць вайну, але на пэўных умовах, на якія Захад не ідзе. Таму пакуль сітуацыя тупіковая.

Калі сепаратысты пазбаўляцца эканамічнай і вайсковай падтрымкі Масквы, калі Масква пойдзе на поўнае ўсталяванне кантролю над украіна-расейскай мяжой з боку афіцыйных уладаў, то на гэтым, уласна, "ДНР" і "ЛНР" спыніць сваё існаванне. Але Пуцін цяпер гэтага не хоча, таму што ў такім выпадку ён пазбаўляецца рычага ціску на Захад праз Украіну.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках