2 траўня 2024, Чацвер, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст прайграў суд «дэпутату»

11
Журналіст прайграў суд «дэпутату»

Уладзімір Лапцэвіч спрабаваў высветліць праз суд, на якой падставе яго не пусцілі на сесію Магілёўскага аблсавету.

Карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч (на фота) паскардзіўся ў Ленінскі суд Магілёва на дзеянні адказных асоб, якія, на ягоную думку, парушылі ягонае права як журналіста, не дапусціўшы на пасяджэнне прадстаўнічага органа ўлады. Ён прасіў суд прызнаць гэтыя дзеянні незаконнымі, больш не перашкаджаць яму ў выкананні службовых абавязкаў і спагнаць з вінаватых 150 тысяч рублёў.

21 студзеня суддзя Валянціна Лапаціна пазоў Лапцэвіча не задаволіла, паведамляе БелаПАН.

Уладзімір Лапцэвіч абвінавачваў у парушэнні сваіх праў старшыню аблсавету Анатоля Ісачанку і галоўнага спецыяліста аблсавету Яўгена Нальгачова. У судзе журналіст настойваў, што адказныя асобы аблсавету, не дазволіўшы яму прысутнічаць на сесіі, парушылі не толькі ягоныя правы як журналіста, але і шэраг законаў Рэспублікі Беларусь, сярод якіх закон "Аб кіраванні і самакіраванні", дзе пазначана, што сесіі дэпутатаў павінныя праходзіць адкрыта і галосна.

Лапцэвіч хацеў прысутнічаць на пазачарговай сесіі Магілёўскага аблсавету, якая праходзіла ў мінулым годзе восенню. Як ён кажа, яму заявілі, што ягонага імя няма ў спісах запрошаных асоб, таму ён не можа прысутнічаць на паседжанні:

"Якіх-небудзь прэтэнзій з боку дэпутацкага корпуса або выканаўчай улады адносна маёй працы не паступала. Цалкам магчыма, што тыя крытычныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць, што выходзілі на сайце БелаПАН за маім подпісам, камусьці не падабаліся. Напэўна, гэта і было асноўнай прычынай незаконнага нядопуску мяне на сесію абласнога савета", - тлумачыў суду Уладзімір Лапцэвіч.

Прадстаўнік аблсавету Яўген Нальгачоў пазоў Лапцэвіча не прызнаў. Заявіў: прэтэнзіі журналіста неабгрунтаваныя і незаконныя. У сваіх доказах служачы спасылаўся на рэгламент прадстаўнічага органа ўлады. У адным з пунктаў дакумента пазначана, што на сесію запрашаюцца ў тым ліку і прадстаўнікі СМІ. Але з яго не было зразумела, як фарміруюцца спісы запрошаных.

Нальгачоў настойваў: ад Лапцэвіча не было ні пісьмовага, ні вуснага звароту ў аблсавет з просьбай прысутнічаць на сесіі. Калі ж зварот паступіў, то спісы ўжо сфарміравалі. Іх колькасны i персанальны склад зацвердзіў старшыня аблсавету.

"У сувязі з тым, што спісы былі складзеныя, старшыня аблсавету прыняў рашэнне іх ня карэктаваць, а пакінуць такімі, як яны былі", - так прадстаўнік аблсавету тлумачыў у судзе, чаму журналіста не дапусцілі на сесію.

Лапцэвіч спытаў у Нальгачова: "Ці з'яўляецца адсутнасць запрашэння на сесію забаронай прысутнічаць на ёй?"

Нальгачоў адказаў: "Запрашэнне з'яўляецца падставай для ўключэння вас у спіс".

Лапцэвіч: "Гэта значыць, мне забаронена прысутнічаць на сесіі?"

Нальгачоў: "Вам ніхто не забараняе прысутнічаць. У адпаведнасці з законам аб СМІ вы маеце права прысутнічаць, але вы абавязаныя падаць заяўку. Ад вас заяў не паступала".

Лапцэвіч: "Якую вам трэба заяву? Якім нарматыўным актам гэтая заява прадугледжваецца?"

Нальгачоў перадаў суду спіс запрошаных журналістаў. Суддзя назвала толькі некаторыя з выданняў, якія яны прадстаўлялі. Усе названыя выданні былі праўладнымі.

На пытанне Лапцэвіча: "Як разумее прадстаўнік аблсавету паняцці "галоснасць" і "адкрытасць"?" Нальгачоў адказаў: інфармацыю аб працы аблсавету падаюць друкаваныя і электронныя СМІ, журналісты якіх прысутнічаюць на сесіях. Паводле ягоных слоў, журналістаў запрашаюць на пасяджэнні аблсавету зыходзячы з тэматыкі парадку дня. Калі разглядаюцца, да прыкладу, пытанні сельскай гаспадаркі, то запрашэнні атрымліваюць тыя, хто піша пра гэтую вобласць.

Працэс праходзіў эмацыйна, са сваркамі удзельнікаў. Уладзімір Лапцэвіч настойваў, каб на ягоныя пытанні адказваў сам прадстаўнік аблсавету, а не нехта за яго. Суддзя журналісту рабіла заўвагі. Падаваў рэплікі ў адрас журналіста і пракурор. У пэўны момант ён заявіў:

"Вам адмовілі, таму што вы персона нон грата, і ўсё".

Прадстаўнік аблвыканкама з такім доказам пракурора не пагадзіўся. Звяртаючыся да суду, ён прасіў не задавальняць пазоў Лапцэвіча, паколькі той не даказаў, што дзеянні служачых аблсавету былі незаконнымі.

Суддзя Валянціна Лапаціна ў сваім рашэнні назвала прэтэнзіі Лапцэвіча надуманымі і не адпаведнымі рэчаіснасці, а адказныя асобы аблсавету, на яе погляд, дзейнічалі ў адпаведнасці з рэгламентам савета. Пазоў журналіста пакінуты без задавальнення.

Прысуд не стаў нечаканасцю для карэспандэнта БелаПАН. Пасля суда Уладзімір Лапцэвіч заявіў, што будзе абскарджваць пастанову суддзі Лапацінай. Тое, што яго не пусцілі на сесію аблсавету, кажа журналіст, сведчыць пра закрытасць улады:

"Улада не зацікаўленая інфармаваць пра свае дзеянні як мага большае кола насельніцтва. Калі яны кажуць, што мы ад народа, і пры гэтым ад народа хаваюцца, то, прабачце, аб якім народзе ідзе гаворка - напэўна, не пра тых людзей, якія выбралі іх".

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках