7 траўня 2024, aўторак, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Эстоніі ў Беларусі: Не хочацца наступаць на тыя ж граблі

13
Амбасадар Эстоніі ў Беларусі: Не хочацца наступаць на тыя ж граблі

У Еўропе памятаюць пра падзеі 2008-2010 гадоў у Беларусі.

Беларусі і Еўрапейскаму звязу трэба "выйсці з акопаў", часцей сустракацца, абмяркоўваць, выкладаць пазіцыі і аргументы адзін аднаму. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Эстоніі Майт Марцінсан.

"Мы настроеныя на тое, каб еўрапейска-беларускія стасункі сталі больш гнуткімі, інтэнсіўнымі, блізкімі", - сказаў Марцінсан.

У Еўразвязе, адзначыў ён, цяпер ідзе "даволі інтэнсіўная дыскусія" з нагоды ўзаемаадносін з Беларуссю. "Мне здаецца, што цяперашні стан спраў не задавальняе ні адзін, ні другі бок, - сказаў дыпламат. - Трэба выйсці з акопаў, трэба сустракацца, абмяркоўваць, выкладаць нашы пазіцыі і аргументы. У Еўропе столькі войнаў было, але ўсё роўна знайшлі, нарэшце, агульную мову. Я думаю, што досвед, які маецца і з аднаго, і з другога боку, дапаможа".

На думку Марцінсана, для таго, каб бакі знайшлі кампраміс у сваіх адносінах, варта "весці дыялог, зразумець, чаго мы чакаем адзін ад аднаго і праз што нашы чаканні не апраўдваюцца".

На пытанне, як можна развязаць праблему палітвязняў, якая застаецца каменем перапоны ў беларуска-еўрапейскіх стасунках, пасол адказаў: "Тут ёсць агульначалавечыя прынцыпы і нормы, абавязкі дзяржаў. Беларусь тлумачыць гэтую сітуацыю канкрэтнымі дзеяннямі, зробленымі гэтымі людзьмі. З еўрапейскага боку ёсць канкрэтнае разуменне, што калі не знайсці развязання ў гэтых пытаннях, то прагрэсу не будзе".

Са слоў кіраўніка дыпмісіі, хоць цяпер назіраецца некаторае пацяпленне ў беларуска-еўрапейскіх стасунках, у Еўразвязе памятаюць пра падзеі 2008-2010 гадоў (у 2008 годзе ва ўзаемаадносінах Беларусі з ЕЗ таксама назіралася пацяпленне, але пасля жорсткага разгону дэманстрацыі ў Менску 19 снежня 2010 года Брусэль увёў санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў. - БелаПАН.).

Краіны ЕЗ не хочуць апынуцца ў такой сітуацыі. "Не хочацца зноў наступіць на тыя ж граблі", - падкрэсліў Марцінсан. Таму, дадаў ён, "крокі і чаканні з абодвух бакоў сёння павінны быць такімі, каб потым не ўпасці". "Трэба знайсці такую хуткасць, такія метады і развязанні, каб мы не патрапілі зноў у яму", - сказаў пасол.

Марцінсан распавёў, што калі развязвалася пытанне аб яго прызначэнні, ён меў магчымасць выбраць краіну, у якой узначаліць дыпмісію. Свой выбар пасол тлумачыць тым, што Беларусь знаходзіцца ў рэгіёне, дзе адбываюцца "вельмі цікавыя падзеі".

"Мы жывем у цікавыя часы. Можна знайсці ў нейкай ступені лёгкую працу ў такіх месцах, дзе больш-менш ведаеш, як усё будзе - выбары праз кожныя чатыры гады, адна кааліцыя змяняе іншую, асаблівых зрухаў няма. Але Беларусь знаходзіцца ў такім рэгіёне, дзе адбываюцца і адбудуцца вельмі цікавыя, хоць і не заўсёды пажаданыя, падзеі. Здаецца, што тут магчыма садзейнічаць як двухбаковым эстонска-беларускім стасункам, так і стасункам Беларусі з Еўрапейскім звязам. Здаецца, што тут будзе цікава", - выказаў меркаванне Марцінсан.

За сваю асноўную задачу ў якасці пасла Эстоніі ён уважае развіццё кантактаў у розных сектарах і на розных узроўнях. "Неабходна зразумець грамадства, што рухае ім, знайсці пункты сутыкнення", - сказаў дыпламат.

"Практычна няма сфер, дзе мы не маглі б зрабіць больш", - заявіў Марцінсан. На ягоную думку, для нарошчвання супрацоўніцтва неабходна перш за ўсё арганізоўваць кантакты людзей на розных узроўнях - гаспадарнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. "Напэўна, мы забылі пра некаторыя магчымасці. І тут нічога не дапаможа, акрамя як размаўляць, спрабаваць перадаваць інфармацыю, прыязджаць адзін да аднаго ў госці бізнэс-дэлегацыямі, афіцыйнымі дэлегацыямі", - мяркуе дыпламат.

Для больш актыўнага прыцягнення інвестараў Беларусі варта ўдасканальваць прававую базу, падкрэсліў Марцінсан. "Ужо некалькі гадоў мы не можам прасунуцца ў пытанні ўкладання дамовы аб узаемнай абароне інвестыцый", - заўважыў ён.

Але, дадаў пасол, некаторыя інвестары напэўна чакаюць такога развязання. Пакуль бізнэсмэны не ўпэўненыя,"у якой абстаноўцы і якім чынам будуць абыходзіцца з іх сродкамі, яны аддадуць перавагу ўстрымлівацца ад інвеставання".

Майт Марцінсан прыбыў у Менск у пачатку жніўня мінулага года, змяніўшы на пасадзе кіраўніка дыппрадстаўніцтва Эстоніі Яака Ленсмента, які працаваў у Беларусі з верасня 2010-га.

Новы пасол нарадзіўся 19 ліпеня 1969 года. У 1993-м скончыў эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У тым жа годзе пачаў працаваць аташэ ў эканамічных пытаннях у дэпартаменце замежнаэканамічнай палітыкі МЗС Эстоніі.

У 1994-1995 гадах займаў пасаду трэцяга сакратара ў дэпартаменце замежнаэканамічнай палітыкі МЗС, а ў 1995-1996 гадах - дырэктара аддзела Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў гэтым жа дэпартаменце. У 1996-1999 гадах працаваў першым сакратаром амбасады Эстоніі ў ЗША. З 2000 года да 2002-га быў гандлёвым пасярэднікам у дэпартаменце замежнаэканамічнай палітыкі МЗС.

З 2002 года да 2007-га Марцінсан узначальваў эстонскае пасольства ў Пекіне, затым - службу пратаколу ў МЗС Эстоніі. З 2010 года займаў пасаду амбасадара Эстоніі ў Ірландыі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках