7 траўня 2024, aўторак, 6:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінсельгасхарч абвінаваціў Рассельгаснагляд у фальсіфікацыі

2
Мінсельгасхарч абвінаваціў Рассельгаснагляд у фальсіфікацыі

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання зняпраўдзіла абвінавачванні ў пастаўках няякаснай і небяспечнай прадукцыі.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускай установы.

22 студзеня ўправа Рассельгаснагляду Цверскай і Пскоўскай абласцей выявіла генетычны матэрыял віруса АЧС у сасісках "Доктарскія", вырабленых ААТ "Гарадзенскі мясакамбінат". Напраўду прадукцыя, выяўленая на Цэнтральным рынку горада Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці, не выраблялася Гарадзенскім мясакамбінатам, "што дазваляе казаць аб фальсіфікацыі беларускіх мясапрадуктаў", адзначыла прэс-служба.

Са слоў дырэктара ААТ "Гарадзенскі мясакамбінат" Анатоля Грышука, 22 студзеня ў Цвер выехалі прадстаўнікі прадпрыемства. Беларуская дэлегацыя наведала федэральную лабараторыю, якая праводзіла аналіз узораў прадукцыі. Яе прадстаўнікі не змаглі паказаць прадукцыю і арыгіналы суправаджальных дакументаў. Яны мелі толькі копіі дакументаў, а таксама паказалі абалонку сасісак, якая была не ад прадукцыі Гарадзенскага мясакамбіната. Аб гэтым факце праінфармаванае рэгіянальнае і федэральны кіраўніцтва Рассельгаснагляду. Фальсіфікаваныя дакументы перададзеныя расейскім праваахоўным органам.

Нагадаем, Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі мясной прадукцыі ААТ "Гарадзенскі мясакамбінат" 10 снежня 2014 года.

Акрамя гэтага, управа Рассельгаснагляду Бранскай і Смаленскай абласцей вярнула ў Беларусь дзве партыі мяса, вырабленага Гомельскім мясакамбінатам. Прэтэнзіі інспектараў тычыліся афармлення дакументаў і таўравання туш.

Так, 22 студзеня ў пункт папярэдняга паведамлення "Красная Горка" паступіла партыя замарожанай ялавічыны вырабу Гомельскага мясакамбіната масай амаль 20 тон. У Расейскую Федэрацыю яго адпраўляла ЗАТ "Консул" (Берасце). Гарантам бяспекі пастаўкі была Гомельская раённая ветэрынарная станцыя, дзе 21 студзеня 2015 года быў выдадзены ветэрынарны сертыфікат, а таксама, грунтуючыся на пададзеных перавознікам дакументах, праведзены кантроль за пагрузкай прадукцыі. Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю ў Расеі інспектарамі ўправы Рассельгаснагляду Бранскай і Смаленскай абласцей выяўлена, што мяса было выраблена ў перыяд дзеяння абмежаванняў паставак у Расею. Напраўду мяса, якое пастаўляецца ў Расею, было вырабленае пасля зняцця абмежавання з ААТ "Гомельскі мясакамбінат", што пацвердзіў дырэктар прадпрыемства Рычард Стэфановіч.

У другім выпадку прэтэнзіі інспектара Рассельгаснагляду выклікалі таўры на паўтушах. Самаход з таварам быў вернуты ў Беларусь. Камісія прадпрыемства супольна з дзяржаўнай ветэрынарнай службай правяла агляд партыі з фотафіксацыяй, праверыла правільнасць укладання дакументаў. Парушэнняў выяўлена не было. Партыя была адпраўленая на адрас расейскага пакупніка паўторна. Рычард Стэфановіч паведаміў, што гэтым разам яна паспяхова прайшла кантроль Рассельгаснагляду.

"Усе беларускія ветэрынарныя інспектары нясуць персанальную адказнасць за таўраванне прадукцыі, укладанне суправаджальных ветэрынарных сертыфікатаў. Мы выключаем пытанні няякаснага таўравання і пастаўкі няякаснай ды небяспечнай прадукцыі", - заявіў журналістам 23 студзеня першы намеснік дырэктара дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Піваварчык.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках