6 траўня 2024, панядзелак, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вечар памяці Міхаіла Жызнеўскага прайшоў у Гомелі

4
Вечар памяці Міхаіла Жызнеўскага прайшоў у Гомелі

У Гомелі 25 студзеня прайшоў вечар памяці Міхаіла Жызнеўскі, які загінуў 22 студзеня 2014 года на барыкадах ў Кіеве.

26 студзеня яму споўнілася б 27 гадоў, паведамляе БелаПАН.

"На жаль, хлопцу не знайшлося месца ў Беларусі, каб рэалізаваць свае надзеі і мары, і ён з'ехаў ва Украіну. Там ён ваяваў за свабоду, і не толькі Украіны, але і Беларусі. Ва Украіне Міхаіла памятаюць і шануюць ягоную памяць як героя", - сказаў на мерапрыемстве грамадскі актывіст Уладзімір Кацора. Ён нагадаў пра збор сродкаў на помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Яго плануецца ўстанавіць на магіле 25 сакавіка, у Дзень волі.

Маці Жызнеўскага, Ніна Васільеўна, распавяла, што 22 студзеня, у дзень гібелі яе сына, каля ягонага помніка ў Кіеве (на вуліцы Грушэўскага) было шмат людзей, свечак і кветак. Прыходзіў ушанаваць памяць беларуса і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. "Але Міша пакуль не атрымаў звання Героя Украіны, хоць нам абяцалі. Яшчэ такі момант - да гэтага часу, хоць прайшоў год, няма нават падазраванага ў справе аб забойстве майго сына", - звярнула ўвагу Ніна Жызнеўская.

Яна заклікала прысутных захаваць памяць аб яе сыне, і дапамагчы родным абараніць магілу ад вандалаў, якія зрываюць украінскія стужачкі і сцяжкі.

Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі, бацька загінулага, заявіў, што ягоны сын загінуў не толькі за свабоду Украіны, але і Беларусі. "Мы тут, у Беларусі сталі рабамі, і самі ў гэтым вінаватыя, што не змагаемся за свае правы. Калі мы працуем за чорны хлеб, калі працоўны чалавек атрымлівае заробак блізу 3 мільёнаў, калі людзей перавялі на кантракты - якія могуць быць кантракты на дзяржаўным прадпрыемстве? Мы забыліся, што ў Канстытуцыі гаворыцца пра годную зарплату. У нас людзей гнабяць ні за што! Даўно пара змагацца за сябе! Нашыя сваякі да таго запалоханыя, што нават не пайшлі да нас на жалобны абед аб Мішу, кажуць - мы баімся! Вось да чаго давёў людзей страх", - сказаў бацька.

Ён дадаў, што аўтамабілі міліцыі і "ціхароў" суправаджалі сваякоў нават пры наведванні могілак 22 студзеня. "Не давалі спакою. Нават калі ў кавярні быў памінальны абед аб Мішу - то і тое круціліся нейкія аўтамабілі з міліцыяй ці спецслужбамі, здымалі ўсіх на відэакамеру", - распавёў Міхаіл Жызнеўскі.

Напрыканцы вечара выступіла бард Вольга Цярэшчанка, якая выканала некалькі патрыятычных песень на украінскай і беларускай мовах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках