30 красавiка 2024, aўторак, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны прызнала героямі Касцюшкі і ягонага ворага Кульнёва

13
Мінабароны прызнала героямі Касцюшкі і ягонага ворага Кульнёва

На сайце ўстановы з'явіўся раздзел з прозвішчамі гістарычных дзеячаў, якіх трэба ставіць у прыклад беларускім жаўнерам і афіцэрам

У чэрвені 2014-га "Еўрарадыё" крытыкавала Міністэрства абароны за адсутнасць цвёрдых ідэалагічных арыенціраў. Прынамсі, здзіўляла, што ў складзе камандавання Ўзброеных сіл быў толькі адзін этнічны беларус. А звычайныя жаўнеры, якіх цягам службы нацкоўвалі выключна на "заходняга ворага", не ведалі нават, на якіх герояў арыентавацца, з каго браць прыклад.

З моманту публікацыі ў нашым войску адбыліся змены. Міністрам абароны стаў беларус Андрэй Раўкоў. А на сайце Мінабароны з'явіўся раздзел, прысвечаны беларускім героям розных эпох.

Пачынаецца спіс Усяславам Чарадзеем - полацкім князем і выбітным вайсковым тактыкам. Заканчваецца - курсантам вайсковай акадэміі Дзмітрыем Гвішыяні, які ў 1999 годзе ля Драгічына кінуўся тушыць пасажырскі цягнік і гераічна загінуў. Цікава, што на другім месцы ў спісе герояў - гетман Канстанцін Астрожскі. Адзначана 63 перамогі ягонага войска над татарамі і разгром маскоўскага войска пад Оршай.

"Як узор удалай тактыкі барацьбы з сіламі ворага, якія значна пераўзыходзілі колькасна, у еўрапейскія хрэстаматыі ўвайшла бітва на рацэ Крапіўна ў 1514 годзе", - даецца каментар пра гэтую культавую гістарычную падзею пад партрэтам гетмана.

Ёсць у спісе генерал Тадэвуш Касцюшка - сын беларускай зямлі, які стаў нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША.

Прысутнічаюць у пераліку і вайсковыя начальнікі Расейскай імперыі, з якой Касцюшкі ваяваў, напрыклад Якаў Кульнёў, які з баямі прайшоў усю заходнюю Беларусь, душыў паўстанне ў Польшчы. З часоў Расейскай імперыі прадстаўлены, напрыклад, Казімір Чарноўскі - адзін з першых вынаходнікаў падводнага карабля.

З часоў СССР прадстаўлены адзін з першых касманаўтаў планеты Пётр Клімук, авіяканструктар Павел Сухі, кіраўнік Генштаба Ўзброеных сіл СССР у 1945 Аляксей Антонаў, бацька савецкага дэсанту Васіль Маргелаў. Чаму б ні выбітны дзеяч - этнічны беларус.

Спіс герояў беларускага Міністэрства абароны выглядае грунтоўным і пазнавальным. Праўда, пакуль не прадстаўлены ў ім наш вялікі князь Вітаўт, які ў 1410 годзе разбіў крыжакоў (адна з найважнейшых бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы). Няма і Кастуся Каліноўскага, які першым з ваяроў назваў беларусаў беларусамі, пачаў прасоўваць нашу мову ў СМІ і змагаўся за ідэю суверэнітэту і незалежнасці. Напэўна, сённяшнія часы Каліноўскаму б спадабаліся. Няма ў спісе легендарнага партызанскага камандзіра Васіля Каржа - блізкага сябра маршала Жукава.

Спіс гістарычных дзеячаў размешчаны на сайце mil.by у раздзеле "Ваенная энцыклапедыя".

Узнікае пытанне, ці хопіць у беларускіх намеснікаў палітінфарматараў кампетэнтнасці, каб разумна і аб'ектыўна растлумачыць жаўнерам і афіцэрам веліч і значнасць гэтых беларускіх герояў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках