26 красавiка 2024, Пятніца, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбух у цэнтры Варшавы: новыя падрабязнасці (Фота, відэа)

7

10 чалавек знаходзяцца ў лякарні.

У будынку на вуліцы Наакоўскага ў цэнтры Варшавы сёння ў 12:30 адбыўся магутны выбух. 10 чалавек трапілі ў лякарню, чацвёра з іх атрымалі сур'ёзныя раны. Будынак, у якім прагрымеў выбух, атрымаў буйныя пашкоджанні. Цалкам разбураныя два ніжніх паверхі. Пажарныя і выратавальнікі правяраюць, ці не застаўся хто-небудзь пад заваламі, піша onet.pl (пераклад - charter97.org).

- Разбурэнні велізарныя. На трох паверхах выбітыя вокны. Моцна пашкоджаны аўтобус, які праязджаў міма - сказаў Анджэй Браварэк з варшаўскай паліцыі.

Папярэдняя версія прычыны інцыдэнту - выбух газу.

- Я ішоў па пакупкі па вуліцы Кошыкавой, - распавядае адзін з відавочцаў. - Я пачуў моцны шум, які нагадваў выбух бомбы. Убачыў людзей, якія бягуць у бок будынка, і я тады таксама пабег. Мы ўбачылі рэшткі аконных рам, якія віселі на другім паверсе. Некаторыя плакалі.

Ратавальнікі эвакуявалі жыхароў і правяраюць, ці не застаўся хто-небудзь пад заваламі. На месцы працуе блізу 30 пажарнікаў. Яны правяраюць усю тэрыторыю і канструкцыю будынка. Таксама пажарныя даследуюць, ці не пашкоджаная электрычная праводка.

Падчас выбуху быў пашкоджаны і гарадскі аўтобус 159 маршруту, у яго разбітае шкло. Кіроўца аўтобуса - сярод пацярпелых.

На месцы выбуху з'явілася і прэзідэнт Варшавы Ханна Гранкевіч-Вальц.

- Усім, хто мае патрэбу, будуць выдадзеныя кватэры. Ужо вядома, што ў выніку выбуху цалкам разбураныя некалькі кватэр, іх жыхарам няма куды вяртацца. Бліжэйшую ноч пацярпелыя могуць правесці ў будынку Цэнтра спорту і рэкрэацыі на вуліцы Польнай - запэўніла яна. - Што тычыцца прычыны выбуху, трэба пачакаць афіцыйнага паведамлення пажарнай службы. Я ведаю толькі, што ў развалах знойдзеныя 2 газавыя балёны.

Фото: Radek Pietruszka / PAP
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках