9 траўня 2024, Чацвер, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніна Багінская паскардзілася ў пракуратуру на здзекі ў РУУС

19
Ніна Багінская паскардзілася ў пракуратуру на здзекі ў РУУС

67-гадовая актывістка, над якой здзекаваліся міліцыянты, паскардзілася ў пракуратуру.

Актывістка Ніна Багінская, затрыманая 22 студзеня ў час ушанавання памяці герояў «Нябеснай сотні» у Менску, абскардзіла грубыя і абразлівыя дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС Менска ў раённай пракуратуры, піша ПЦ «Вясна».

У сваёй скарзе Багінская інфармуе пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, што затрыманне ўсіх удзельнікаў ускладання кветак ажыццяўлялі супрацоўнікі міліцыі як у форме, так і ў цывільным. Усіх пасадзілі ў аўтобус і даставілі ў РУУС Цэнтральнага р-на Менска. Там, нягледзячы на мой узрост (Багінскай - амаль 68 гадоў), паставілі тварам да сцяны, адабралі палку. На просьбу аддаць яе жанчыне і дазволіць сесці супрацоўнікі міліцыі не рэагавалі. Затым супрацоўнікі міліцыі завялі Багінская ў пакой для затрыманых у дзяжурнай частцы.

У скарзе Ніна Багінская піша: «Пасля таго як у дачыненні да мяне ажыццявілі відэафіксацыю, адзін з супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС г. Менска прапанаваў азнаёміцца з пратаколамі адміністрацыйнага правапарушэння. На мае заўвагі, што я не разумею пратаколы, складзеныя па-руску, ён пачаў абражаць мяне грубай нецэнзурнай лаянкай, абражаў маю чалавечую годнасць і гонар. На мае заўвагі супрацоўнік адрэагаваў пагрозамі фізічнай расправы ў мой адрас. У прыватнасці, ён сказаў, што я ўжо старая і мяне пара ўжо закапаць і што ён гэта зробіць. Гэты супрацоўнік міліцыі быў без бэйджыка з указаннем ягонага прозвішча. Пры гэтай размове прысутнічалі іншыя адміністрацыйна затрыманыя, якія знаходзіліся ў той дзень у дзяжурным пакоі Цэнтральнага РУУС Менска».

Ніна Багінская ўважае, што сваімі дзеяннямі гэты супрацоўнік міліцыі дапусціў абразу яе чалавечай годнасці і гонару.

Згодна з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў» ад 17.06.2007 № 263-3, аднымі з прынцыпаў дзейнасці органаў унутраных спраў з'яўляецца павага і абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і гуманізм. «Уважаю, што супрацоўнік міліцыі ў гэтым выпадку ўчыніў недапушчальныя дзеянні, не сумяшчальныя са службай у органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г. Менска так і не аддалі мне маю палку і мне цяпер цяжка без яе свабодна рухацца», - адзначае актывістка.

Ніна Багінская просіць пракуратуру правесці праверку вышэйпрыведзеных фактаў, устанавіць асобу супрацоўніка Цэнтральнага РУУС г. Менска, які дапусціў парушэнне яе законных правоў і прыняць меры пракурорскага рэагавання ў дачыненні да вінаватых, а таксама аднавіць парушаныя правы і паказаць кіраўніцтва РУУС Цэнтральнага р-на г. Менска аб недапушчэнні падобных дзеянняў у дачыненні да грамадзян з боку супрацоўнікаў РУУС у будучыні.

Аналагічная скарга таксама накіраваная на імя Міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Нагадаем, што адміністрацыйная справа Ніны Багінскай за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 23 студзеня. Прысуд - штраф у суме 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў).

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках