9 траўня 2024, Чацвер, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дацэнт БДУ Шымаў: Гэта было не для шырокай аўдыторыі

39
Дацэнт БДУ Шымаў: Гэта было не для шырокай аўдыторыі

Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сцвярджае, што ягоныя скандальныя словы пра беларускую мову былі ўзятыя з прыватнай гутаркі і не адлюстроўваюць яго пункту гледжання.

Дацэнт кафедры паліталогіі юрфака БДУ Усевалад Шымаў пракаментаваў скандал, звязаны з яго рэзкім выказваннем пра беларускую моўную прастору. «Беларускамоўная прастора стала адстойнікам русафобных маргіналаў», - напісаў ён у каментарах на старонцы аналітыка Юрыя Шаўцова ў ягоным акаўнце ў «Фэйсбуку», што выклікала шквал каментароў на сайце charter97.org і ў сацсетках. Прынамсі, каментатары былі абураныя тым, што Шымаў ганьбіць гонар вядучага ўніверсітэта краіны.

Журналіст charter97.org спрабаваў дазваніцца да дэкана юрыдычнага факультэта Сяргея Балашэнкі, аднак у прыёмнай кожны раз казалі, што дэкан заняты. Таксама не ўвянчаліся поспехам спробы датэлефанавацца да намесніка дэкана ў выхаваўчай працы Андрэя Шыдлоўскага. На кафедры паліталогіі, пачуўшы, што тэлефануе журналіст, сказалі ператэлефанаваць пазней, а пры чарговай спробе пагаварыць з загадчыкам кафедры Сяргеем Рашэтнікавым у прыёмнай папрасілі звязацца з самім дацэнтам Шымавым наўпрост і далі яго мабільны. На заўвагу, што гаворка пойдзе як раз пра яго і неабходнае меркаванне ягонага кіраўніцтва, у прыёмнай сказалі, што загадчык кафедры ад каментароў адмовіўся.

- У нас гэтымі пытаннямі займаецца непасрэдна Шымаў, тэлефануйце яму, - адрэзалі там.

Дацэнт сказаў, што ўсё не так, як выглядае на першы погляд.

- Па-першае, гэта выказванне не прызначалася для шырокай аўдыторыі. Яго проста выцягнула з абсалютна прыватнай дыскусіі наша выдатная газета «Наша Ніва», - сказаў ён.

- Але раз вы так напісалі, значыць вы так на самай справе мяркуеце?

- Па-першае, я мяркую, што нашы выдатныя журналісты выцягваюць толькі тое, што ім зручна. Да гэтага, напярэдадні я апублікаваў вялікі артыкул на сайце «Заходняя Русь», дзе выказаўся ў тым ліку і на тэму беларускай мовы. Што з ёй змагацца або ваяваць сэнсу абсалютна няма. Але іншае пытанне ў тым, што з беларускамоўнай прасторай і культурай ёсць пэўныя праблемы. З майго пункту гледжання, у ёй дамінуюць людзі, якія займаюць вельмі контрпрадуктыўную пазіцыю.

- Вы не шкадуеце аб сказаным? Усё ж такі, гэта абразіла многіх беларусаў.

- Калі гэта кагосьці абразіла, я вядома, шкадую аб тым, што я залішне рэзка выказаўся ў абмеркаванні ў «Фэйсбуку». Але я паўтараю: гэта выказванне не прызначалася для шырокай аўдыторыі альбо для выражэння маёй пазіцыі. Мабыць, некаторым хочацца «смажаных» сенсацый і зрабіць на гэтым піяр. Або насаліць асабіста мне. Вось і ўсё.

Нагадаем, Усевалад Шымаў працуе дацэнтам на кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён калумніст «Савецкай Беларусі» і сябра рэдакцыйнай рады і аўтар сайта «Заходняя Русь», ідэалогія якога - трыадзінства расейскага народа.

Шымаў - сын рэктара БДЭУ і былога міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Шымава і брат супрацоўніка амерыканскага радыё «Свабода» Яраслава Шымава.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках