9 траўня 2024, Чацвер, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Муратаў: Свабода слова вагаецца ад страсення паветра да страсення мозгу

3
Дзмітрый Муратаў: Свабода слова вагаецца ад страсення паветра да страсення мозгу

Галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў распавёў, што стала са свабодай слова ў Расеі.

Журналіст прыняў удзел у круглым стале «Свабода слова ў Расеі сёння: як жыць, як працаваць, як застацца верным прафесіі» ў Пскове 23 студзеня з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных і федэральных СМІ, паведамляе Оpenrussia.org.

- Мой пункт гледжання - не эксперта, а дзейнага ўдзельніка рынку, таму я магу абапірацца толькі на ўласны досвед.

Напярэдадні мы пацярпелі паразу ў судзе з Аленай Панфілавай з Transparency International Раскамнагляду, і ў нас засталося папярэджанне. Мне, шчыра кажучы, на гэта папярэджанне глыбока нас*ць, але, калі мы атрымаем яшчэ адно папярэджанне, газета праз суд можа быць пазбаўленая ліцэнзіі. Справа гэта не вартая была выедзенага яйка: Юлія Латыніна ў сваёй калонцы выказала пункт гледжання, што нельга казаць пра абсалютна аўтаномную рускую культуру - яна з'яўляецца сінэргіяй мноства розных культур (у тым ліку еўрапейскіх і азіяцкіх), і менавіта таму яна такая крутая і сур'ёзная. Гэта палічылі за абразу. І калі ў звычайнай сітуацыі цэнзар з Раскамнагляду, які курыруе нас, рэгулярна тэлефануе з рознай нагоды (напрыклад, у каментарах мадэратар прапусціў які-небудзь мат ці яшчэ што), то тут яны маўчалі месяц, а потым, мабыць, пачалі шукаць і мініраваць вакол падыходы. У гэты ж момант папярэджанне атрымаў і Аляксей Венядзіктаў - за выказванне фатографа Los Angeles Times Сяргея Лойкі ў жывым эфіры, пры тым, што жывы эфір наогул не маюць права падвяргаць пакаранню.

Я патэлефанаваў цэнзару і спытаў: вы ж заўсёды тэлефануеце, а тут месяц пачакалі і забабахалі? Ён кажа, што ўжо прачытаў мой адказ, - а я ім напісаў, што ў сувязі з гэтым папярэджаннем Латыніна на світанні ўкрыжываная за блюзнерства.

Смех смехам, але акрамя вось такіх адміністрацыйных гісторый ёсць рэчы больш сур'ёзныя: у краіне больш за 95% газет фінансуецца мясцовымі рэгіянальнымі органамі ўлады праз так званыя дагаворы аб інфармацыйным абслугоўванні гэтых органаў. Гэта, безумоўна, схаваныя дзяржаўныя медыя.

У сярэднім у краіне, калі адкрыць абласную газету фармату А2 на 8 палосах, - можна налічыць 7 фотаздымкаў губернатара. У гарадскіх газетах фотаздымкаў мэра звычайна 2-3 - не дай бог, калі мэр з'явіцца часцей за губернатара ў абласной газеце.

Мабыць, гэта звязана з тым, што чалавек раніцай не вельмі пазнае сябе ў люстэрку, і для павышэння пазнавальнасці ён павінны адкрыць газету і ўбачыць - вось гэта я. Іншага сэнсу я шчыра не бачу. Але ж такім чынам сказаная простая, выразная рэч: гэта гаспадар, гаспадар пазначыў маю тэрыторыю; мая тэрыторыя - гэта восем палос А2 у абласной газеце.

Такім чынам, газеты - паводле факту дзяржаўныя, тэлебачанне - дзяржаўнае ўжо даўно. Астатнім «вылюдкам», па-першае, нельга друкаваць рэкламу, па-другое, у краіне рэзка скарачаецца колькасць кіёскаў продажу прэсы - гэта значыць забіваецца дыстрыбуцыя, па-трэцяе, нельга мець замежных інвестараў. Ніхто не будзе купляць пакет акцый менш за 25,1% - ні адзін сур'ёзны бізнэс на гэта не пойдзе.

Суды, як толькі справа тычыцца палітычных інтарэсаў дзяржавы, становяцца буцікамі ў вынясенні эксклюзіўных прысудаў. Нейкі падонак склаў спіс ворагаў Расеі, размешчаны на сайтах «Праўда.ру» і «Политонлайн», куды патрапілі мы, «Дождь», «Эхо Москвы», «Ведомости», Forbes і нават РБК (вось, у трэндзе ўжо РБК ). Я падаў на іх у суд. Яны, пачвары, не з'явіліся ні на адно пасяджэнне! Я запатрабаваў доказаў, яны адказалі: «У нас спецыяльная методыка вызначэння ворагаў Расеі паводле слоў». Я запатрабаваў гэтую методыку. Прыходжу ў чарговы раз у Басманны суд, суддзя пытаецца: «А вас асабіста абразілі?» Кажу: «Вядома! А калі б ваш суд...»У адказ: «Не трэба пра наш суд». Вядома, мяне гэта абражае.

Я лічу, што мы з Аляксеем Сіманавым і Львом Шлосбергам не проста не ворагі Расеі, але мы яе бліжэйшыя сябры і патрыёты, таму што мы займаемся гуманізацыяй жыцця ў краіне і не дазваляем забіваць нашых суграмадзян. Але, мабыць, патрыятызм - гэта калі трэба і варта забіваць, а тыя, хто за захаванне жыццяў, - гэта здраднікі.

Таксама мне не падабаецца гэтае падгігікванне інтэлігенцыі, калі ўнутры свайго кам'юніці самі сябе ў жарт называюць «пятай калонай».

Гэта што яшчэ за жарты? Гэта чаму яшчэ мы сябе павінныя так называць і з гэтай нагоды весяліцца? Я лічу, што за такія вызначэнні трэба па мордзе даваць, а не падбухторваць адзін аднаго постмадэрнісцкім сцёбам.

Яшчэ адна рэч: рэклама ў Расейскай Федэрацыі стала палітычным бонусам да тавару, які называецца «лаяльнасць». Не вырабляеш лаяльнасць - хрэн табе рэклама. І зараз рэкламнага рынку фактычна няма.

Мой прысуд: медыя ў Расеі - больш не бізнэс. Усё. Свабода слова вагаецца ад страсення паветра да страсення мозгу. Прытым што норма павінная быць дзесьці пасярэдзіне паміж славалюбным блогерствам і сур'ёзнай працай, як, напрыклад, у «Псковской губернии», калі гэта рэальна экстрэмальны занятак, які не дае грошай і які шкодзіць здароўю.

Да нас прыходзіць вельмі шмат стажораў з Вышэйшай школы эканомікі, МДзІМЗ, МДУ. І сёння я не вельмі хачу, каб яны да нас прыходзілі і заставаліся ў нас: я не вельмі хачу, каб яны гэтым займаліся. Таму што славу яны, вядома, атрымаюць, але разам з тым гэта вельмі цяжкае і вельмі небяспечнае жыццё.

У сувязі з украінскай вайной і вайсковым злачынствам, якое ўчыніла расейскае тэлебачанне ў дачыненні як нашай краіны, так і Украіны (мы ж разумеем, што няма ніякай інфармацыйнай вайны, а ёсць звычайная вайна, проста часткова яе функцыянал рэалізуецца праз тэлеэкран), атрымалася яшчэ адна дзікая рэч. Наш паранены народ вельмі падатлівы да прапаганды: паколькі ідэя справядлівасці лунае, і людзі хацелі менавіта справядлівасці, а не вайны, але ім замест справядлівасці прапанавалі вайну, - гэта такая маніпуляцыйныя падмена, якая адбылася ў 2014 годзе на нашых вачах. І атрымалася, што раней, калі мы крытыкавалі дзяржаву, за нас заўсёды быў народ, а цяпер, калі мы прадаўжаем займацца тым жа, - мы ўжо супраць і дзяржавы, і народа. Праўда, цяпер - дзякуючы Льву Шлосбергу і намаганням некалькіх медыя, намаганням развітой часткі грамадзянскай супольнасці - гэты маятнік усё ж такі захістаўся.

Я пытаўся ў нашага старога таварыша Яўгена Еўтушэнкі: памятаеце, вы песню напісалі «Хотят ли русские войны»? Скажыце, адказ па-ранейшаму - «не»? Або адказ ужо «так»? Ён адказаў мне, прачытаўшы геніяльныя вершы Максіміліяна Валошына аб тым, як ён у сябе ў майстэрні ў Кактэбелі ратаваў то чырвоных ад белых, то белых ад чырвоных: «А я один в дыму и пламени стою меж ними, молясь за тех и за других» . І вось гэта і ёсць сумленная пазіцыя медыя. Але гэтая пазіцыя пацыфізму і гуманізму, «общего сочувствия ходу жизни», паводле фармулёўкі Юрыя Росту, - цяпер прызнаная непатрыятычнай.

Па вялікім рахунку, у краіне паўстаў новы грамадскі кантракт (наўзамен ранейшага аб абмене волі на стабільнасць), які мы ў рэдакцыі для сябе вызначылі так: абмен уяўнага дабрабыту на ілюзорную веліч.

Людзям захацелася велічы - і цяпер чалавек не проста сядзіць і п'е «Клінскае» каля тэлевізара - ён б'ецца да смерці з піндосамі, што напаўняе ягонае жыццё велізарным сэнсам.

І вось так эксплуатаваць нашых людзей і краіну, і так дрэнна да яе ставіцца! Прытым што нашая Радзіма ў XX стагоддзі панесла беспрэцэдэнтныя страты ў 50 млн. чалавек - гэта велізарная траўма, пасля якой народу трэба даць магчымасць аднавіцца, карміць булёнам і булкай, ствараць спрыяльныя ўмовы. Замест гэтага мы ўзбуджаем сацыяльны неўроз. Краіна стала сацыяльным неўрапатам, які ўвесь час сядзіць з пультам у руках над тэлеэкранам, які паказвае дрыготкі, незразумелы малюнак.

Калі вы параўнайце прыёмы сеткавага маркетынгу з тым, што робіць, напрыклад, адзін з вядучых расейскага канала, - вы зразумееце, што гэта адно і тое ж. Спачатку ён кажа, як усё жудасна ў гейропе і як бы развенчвае пуп зямлі - і вось-вось абрынецца ўся светабудова. Але тут з'яўляюцца Крэмль, званы і прэзідэнт - і ён усё закручвае ў адваротны бок: не хвалюйцеся, мы зноў сабралі планету, і яна прадоўжыць функцыянаваць. Я ўпэўнены ўслед за Аленай Панфілавай з Transparency International, што адно з асноўных праў і свабод чалавека - права на абарону ад маніпуляцыі ягонай свядомасцю.

Пытанне да калег: адзін час я памыляўся і меркаваў, што калі колькасць электронных гаджэтаў наблізіцца да колькасці тэлевізійных манітораў, то з'явіцца некаторая альтэрнатыва, і партыя інтэрнэту пераможа партыю тэлевізара (на самай справе, вядома, перамагла партыя лядоўні, але гэта іншая тэма). Вось чаму гэтага не здарылася? Сёння ў краіне стала 74 млн. камп’ютараў, тэлевізараў прыкладна столькі ж. Калі ў чалавека ёсць гаджэт з доступам у сетку, гэта значыць, што свабоды слова можа і не быць, але ёсць свабода атрымання інфармацыі. Можна адкрыць сайт Newsru.com, можна залезці ў спецыфічную, але цікавую «Медузу», з'явілася Openrussia, ёсць «Новая газета» - у нас 700-800 тысяч праглядаў штодня. То бок, ты можаш атрымліваць інфармацыю і скласці 3D-малюначак свету, але замест гэтага ў нас трафік заняты ў асноўным праглядам порна-ролікаў.

Яшчэ я хацеў бы нагадаць, што ў наступным годзе будуць выбары ў Дзяржаўную думу, на якіх я традыцыйна буду галасаваць за майго сябра Рыгора Яўлінскага і ягоную партыю. Але гэты год вельмі важны. Вы бачыце, як мы мінулы год пражылі - з Дзяржаўнай думай, якая ператварыла краіну ў ганьбу. Гэта фрыкі, якія прыдумляюць неверагодную колькасць законаў. Я зноў паўтару нашую формулу - гэта раз'юшаны прынтар. А цяпер у гэтага прынтара яшчэ і нейкі дадатковы картрыдж, таму што тая колькасць законаў, якую яны генеруюць і расплоджваюць, стала неверагоднай. Яны ператварылі парламентарызм у Расеі ў абсалютнае пасмешышча.

Я ведаю, як праходзіць планёрка ў адной з газет (калега тут прысутнічае, я не буду гэтую газету называць). Там сядзіць чалавек і кажа: «Патрэбна нейкая навіна з Думы, мы ж Думай ў асноўным займаемся. Знайдзі якога-небудзь дурня, хай ён табе скажа, што, напрыклад, трэба валюту ў Расеі забараніць». Знаходзяць дурня, той кажа: «Ну так, можна разгледзець гэтае пытанне». Далей выходзіць загаловак: «Дзяржаўная Дума сабралася забараніць хаджэнне валюты ў Расеі». Вось гэта Дума.

Калі мы ў гэтым годзе не створым рэальную альтэрнатыву таму, што адбываецца, то ў 2016 годзе галасаваць будзе няма за што, і мы зноў атрымаем тое ж самае.

Таму асветніцтва, гуманізм, спыненне вайны, падтрымка нармальных валанцёрскіх рухаў, якія па-сапраўднаму нешта робяць на нашай Радзіме, - гэта будзе нашай праграмай.

Нарэшце, апошняя абцяжарваючая акалічнасць.

Калі ствараюцца ваенізаваныя арганізацыі для падаўлення грамадскай актыўнасці («Антимайданы» і гэтак далей) - гэта дзяржава частку сваіх сілавых функцый перадае на аўтсорсінг бандытам.

Леў Шлосберг, рэдакцыя «Новай газеты» і многія з нашых калег зведалі гэта на сабе. З аднаго боку, гэта кажа аб сур'ёзным дачыненні да ўлады, з другога боку дзяржава ж павінная выконваць нейкія правілы, хай нават прапісаныя ў дзікіх законах. Але дзяржава не здавольваецца гэтым і прыцягвае такіх людзей. Ведаеце, хто ўвайшоў у рух «Антимайдан»? Аксана Шкода - адна са стваральнікаў цітушак у Кіеве, збіццё якімі студэнтаў у выніку прывяло да кумулятыўнай рэакцыі на Майдане і вуліцы Грушэўскага. Зараз гэтая самая Шкода ўжо піша ў сябе ў Facebook пра тое, як «славно мы мочили» прыхільнікаў Навальнага падчас сходу на Манежцы ў дзень вынясення прысуду. А ў разгоне сходу прымаў удзел палкоўнік Фядчук - былы намеснік начальніка кіеўскага ГУУС, той самы хлапец, які адказны за кроў і ўсё тое, што адбылося там. А ягоны начальнік, былы міністр МУС Украіны Захарчанка ў Севастопалі заявіў нашаму карэспандэнту: «Мяне абвясцілі ў вышук, гэта тое ж самае, калі б гітлераўская Нямеччына абвясціла ў вышук Жукава». То бок, у нас беглы Захарчанка - гэта Георгій Канстанцінавіч Жукаў, не больш і не менш! Вы разумееце, чый досвед прыцягвае нашая дзяржава для таго, каб уплываць на грамадскае асяроддзе ў Расеі? Вось гэтых людзей дзяржава хоча бачыць у якасці новага Ахотнага раду і Саюза Міхаіла Архангела.

Безумоўна, гэта зноў моцна ўдарыць па нас. Мы памятаем, у якой аблозе жыла рэдакцыя ў сувязі з пастаяннымі замахамі нацыстаў на нашых супрацоўнікаў, і цяпер узнікае падобная з'ява, зноў жа блізкая да «канторы».

Яшчэ адна праблема прэсы: пошта ў Расеі дастаўляе лісты і газеты роўна гэтак жа, як падчас вайны 1812 года. Вядома, што ў стаўку імператара ліст ад Кутузава быў дастаўлены за 8 дзён. Я праверыў, колькі часу зойме дастаўка сёння, даехаў да Барадзінскага поля (побач з Галіцыным) і апусціў ліст у паштовую скрыню. У піцерскую рэдакцыю гэты ліст прыйшоў праз 11 дзён.

Разам: пошта, дыстрыбуцыя, рэклама, дзікія законы, абмежаванні з боку Раскамнагляду, подкуп большай часткі нашых калег з дапамогай дзяржаўных грошай прывялі да таго, што рэальна абрынуўся медыярынак. Але менавіта таму «Псковская губерния», «Новая газета», The New Times, Фонд абароны галоснасці, «Ведомости», РБК, «Камерсантъ», «Эхо Москвы» і іншыя незалежныя СМІ будуць жыць і развівацца, і ў іх будзе толькі павялічвацца аўдыторыя - як гэта ні дзіўна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках