9 траўня 2024, Чацвер, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вязні Асвенцыма адзначаюць 70-годдзе ягонага вызвалення

9
Вязні Асвенцыма адзначаюць 70-годдзе ягонага вызвалення

Амаль 300 былых вязняў нацысцкага канцлагера Асвенцым сабраліся на ягонай тэрыторыі, каб адзначыць 70-тую гадавіну вызвалення.

У былым лагеры, які размяшчаўся на поўдні Польшчы, паміж 1940-м і 1945 гадамі былі забітыя за 1,1 млн чалавек, большасць з іх складалі габрэі. Верагодней за ўсё, гэта апошняя круглая дата, на якую змогуць прыехаць былыя зняволеныя ў такой вялікай колькасці. Таксама на памятных мерапрыемствах прысутнічаюць кіраўнікі некаторых дзяржаў-удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, паведамляе BBC.

Памятныя мерапрыемствы ўключаюць ускладанне вянкоў, памінальную службу і запаленне свечак на месцы былога лагера смерці Біркенаў, які падчас вайны быў часткай Асвенцыма.

Лагер "Аўшвіц-Біркенаў" быў вызвалены Чырвонай арміяй 27 студзеня 1945 года. У 1947 годзе на тэрыторыі лагера быў адкрыты музей.

Былая вязніца канцлагера Рэні Солт распавяла, што першы раз прыехала сюды 10 гадоў таму, каб, паводле яе выразу "пахаваць сваіх мерцвякоў". Цяпер яна прыязджае кожны год.

"Я буду прыязджаць да таго часу, пакуль змагу. У свеце яшчэ нямала людзей, якія адмаўляюць Халакост, і калі мы не будзем пра гэта казаць, то свет проста не будзе ведаць, што адбылося", - сказала 85-гадовая былая вязніца лагеру.

Сведчанні відавочцаў

У аўторак міністэрства абароны Расеі абвясціла аб рассакрэчванні некаторых архіўных дакументаў, якія тычацца вызвалення Асвенцыма.

У іх уваходзіць справаздача генерала Крамнікава 60-тай арміі Першага Украінскага фронту, чые салдаты першымі адчынілі вароты лагера.

Паводле ягоных слоў праз вароты на свабоду пацёк бясконцы паток людзей.

"Усе яны былі вельмі знясіленыя. Сівыя старыя, юнакі, жанчыны з немаўлятамі, падлеткі, амаль усе яны былі паўголыя, - напісаў генерал. - Яны сталі першымі жывымі сведчаннямі таго, што ў Асвенцыме сотні тысяч людзей былі закатаваныя непасільнымі працамі, спаленыя або расстраляныя".

Першым каля брамы лагера смерці апынуўся 32-гадовы афіцэр Чырвонай Арміі Анатоль Шапіра са сваімі салдатамі. У 1992 годзе ён эміграваў у ЗША. Незадоўга да сваёй смерці ў 2005 годзе ён даў інтэрв'ю газеце New York Daily News. Вось як ён успамінаў гэты дзень:

"Смурод была такі, што ў гэтым месцы было немагчыма знаходзіцца нават некалькі хвілін. Мае салдаты прасілі мяне дазволіць ім уцячы, але ў нас была задача, якую мы былі абавязаныя выканаць.

Мы паняцця не мелі аб існаванні лагера. Нашыя камандзіры нам нічога не сказалі. Мы зайшлі на тэрыторыю лагера 27 студзеня 1945 года. Мы ўбачылі зняволеных у паласатых робах, мала падобных на людзей.

Яны выглядалі страшна: нейкія хадзячыя шкілеты - скура ды косці. Калі мы сказалі ім, што Чырвоная армія іх вызваліла, яны наогул ніяк не адрэагавалі. У іх не заставалася сіл нават на тое, каб павярнуць галаву і загаварыць.

На іх не было ніякага абутку, іх ногі былі загорнутыя ў нейкія анучы. На вуліцы быў студзень, пад нагамі раставаў снег, і я да гэтага часу не магу зразумець, як ім атрымалася выжыць".

Пазней у інтэрв'ю Нацыянальнаму радыё Ізраіля Анатоль Шапіра расказаў і іншыя падрабязнасці:

"Я бачыў печы крэматорыяў і іншыя машыны смерці. Я бачыў, як вецер уздымаў часціцы чалавечага попелу. Я хацеў бы, каб усе наступныя пакаленні ніколі не дапусцілі таго, што давялося перажыць нам".

Лідары Еўропы шануюць памяць ахвяр Халакосту

У жалобных мерапрыемствах прымаюць удзел прэзідэнты Нямеччыны і Францыі Іяхім Гаўк і Франсуа Аланд.

Аднак прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Асвенцым не прыедзе: замест яго на памятныя мерапрыемствы прыбыў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргей Іваноў.

Прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў патлумачыў адсутнасць Пуціна ў Асвенцыме тым, што яго не запрасіў урад Польшчы.

Раней у эфіры Польскага радыё міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына заявіў, што канцлагер "Аўшвіц-Біркенаў" у Асвенцыме вызвалілі ўкраінцы, бо дадзеная аперацыя праводзілася сіламі Першага Украінскага фронту. Гэтая заява выклікала шквал абурэння ў Маскве.

Вострую рэакцыю Расеі звязваюць з абвостранай у апошнія дні напругай з нагоды падзей ва Украіне.

Музей Асвенцыма ўжо даўно з цяжкасцю наскрабае сродкі на сваё існаванне. Аднак фонд "Аўшвіц-Біркенаў", які ўтрымлівае яго, нядаўна паведаміў, што яму ўдалося сабраць амаль усю неабходную для прадаўжэння працы суму - больш за 150 млн. даляраў.

Напярэдадні гадавіны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель прыцягнула ўвагу да росту антысемітызму ў сучаснай Еўропе, назваўшы ганьбай той факт, што сёння ў Нямеччыне габрэі сутыкаюцца з абразамі, пагрозамі і насіллем.

"Мы павінныя здушыць антысемітызм і любыя праявы расізму ў зародку, - сказала яна на памятнай сустрэчы ў Берліне. - Мы павінныя пастаянна быць напагатове і абараняць нашую свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона".

Адначасова французскі прэзідэнт Франсуа Аланд выступіў з асуджэннем непрымальнай, як ён выказаўся, праблемы сучаснага антысемітызму. Выступаючы перад габрэямі, тымі, хто сабраўся ля мемарыяла Халакосту, ён сказаў ім: "Францыя - гэта вашая радзіма".

Незадоўга да гэтага былі апублікаваныя звесткі, паводле якіх лік антысеміцкіх праяў у Францыі ў 2014 годзе вырас удвая ў параўнанні з папярэднім, дасягнуўшы 850. У пачатку гэтага года габрэйскі супермаркет у Парыжы пацярпеў ад нападу ісламістаў. Ахвярамі гэтай атакі сталі чатыры чалавекі, 15 атрымалася выратаваць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках