28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад Расеі апублікаваў антыкрызісны план

14
Урад Расеі апублікаваў антыкрызісны план

Усяго ў ім 60 пунктаў.

Цягам бліжэйшых двух гадоў улады Расеі плануюць рэалізаваць меры, «накіраваныя на актывізацыю структурных змяненняў у расейскай эканоміцы» і аднаўленне росту ВУП. Пра гэта гаворыцца ў антыкрызісным плане, піша РБК.

Ключавымі кірункамі дзейнасці расейскіх уладаў цягам бліжэйшых месяцаў стануць падтрымка імпартазамяшчэння і не сыравіннага экспарту, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, прыцягненне ў эканоміку інвестыцый, кампенсацыя «дадатковых інфляцыйных выдаткаў найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян», барацьба з беспрацоўем, падвышэнне ўстойлівасці банкаўскай сістэмы, стварэнне механізму санацыі праблемных сістэмаўтваральных арганізацый, а таксама аптымізацыя выдаткаў бюджэту «за кошт выяўлення і скарачэння неэфектыўных выдаткаў» і канцэнтрацыя рэсурсаў на «прыярытэтных кірунках развіцця».

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным сёння антыкрызісным плане, зацверджаным урадам РФ.

«Гэты план скіраваны на забеспячэнне ўстойлівага развіцця эканомікі і сацыяльнай стабільнасці ў перыяд найбольш моцнага ўплыву неспрыяльнай замежнаэканамічнай і замежнапалітычнай кан'юнктуры», - адзначаецца ў дакуменце. У адпаведнасці з планам у 2015-2016 гадах плануецца правесці структурныя змены ў эканоміцы Расеі, прыняць меры стабілізацыі работы сістэмаўтваральных прадпрыемстваў і дасягнення збалансаванасці рынку працы, дамагчыся зніжэння інфляцыі і вярнуцца да станоўчых тэмпаў росту эканомікі.

Да ліку асноўных задач аднесена таксама «змякчэнне наступстваў росту коштаў на сацыяльна значныя тавары і паслугі для сем'яў з нізкім узроўнем даходаў». У плане, прынамсі, адзначаецца, што ўрад унясе ў Дзярждуму праект закона, які прадугледжвае скарачэнне ў 2015 годзе большасці катэгорый выдаткаў федэральнага бюджэту на 10%. Забяспечыць скарачэнне выдаткаў мяркуецца, у першую чаргу, за кошт выключэння неэфектыўных выдаткаў. Напрыклад, будуць скарочаныя выдаткі на функцыянаванне органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку за кошт «змяншэння расходаў на аплату паслуг падвышанай камфортнасці».

Пры гэтым павінна быць цалкам забяспечанае выкананне абавязацельстваў сацыяльнага характару, што запатрабуе выдзялення дадатковых бюджэтных асігнаванняў. Акрамя таго, вызначана не скарачаць выдаткі на забеспячэнне абараназдольнасці, падтрымку сельскай гаспадаркі і выкананне міжнародных абавязацельстваў. Рэалізацыя новых інвестыцыйных праектаў будзе адкладзеная, а вызваленыя рэсурсы сканцэнтруюць на завяршэнні раней пачатых праектаў.

Напярэдадні стала вядома, што кіраўнік урада Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў ухвалены кабінетам міністраў антыкрызісны план. Раней кіраўнік Мінфіна Антон Сілуянаў заяўляў, што ўлады не будуць павялічваць выдаткі і будуць дзейнічаць у рамках прынятага бюджэту. Са слоў Сілуянава, у плане прапанаваныя меры «ў пераразмеркаванні рэсурсаў, у канцэнтрацыі на найбольш важных і патрэбных кірунках». Сілуянаў адзначыў, што ў антыкрызісным плане запісана, што «мы будзе праводзіць жорсткую бюджэтную палітыку, і да 2017 года мы ставім мэту выйсці на бездэфіцытны бюджэт пры прагнозным кошце нафты на ўзроўні $70 за барэль».

На мінулым тыдні антыкрызісны план быў пададзены прэзідэнту краіны Уладзіміру Пуціну. Тады першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў заяўляў, што агульны кошт антыкрызісных мер можа скласці больш за $1,3 млрд.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках