28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'есу паводле кнігі Алексіевіч паставілі ў Магілёве

1

27 студзеня ў Магілёўскім драмтэатры прайшоў грамадскі прагляд новага спектакля «Час сэканд-хэнд».

У Беларусі гэта - першая пастаноўка паводле кнігі сусветна вядомай беларускай пісьменніцы, да якой улады ставяцца з падазрэннем і недаверам. Паставіў спектакль актор магілёўскага тэатра Уладзімір Пятровіч, паведамляе «Беларускі партызан».

Як распавёў рэжысёр-пастаноўшчык Радыё «Свабода», у спектаклі гучаць тры маналогі, узятыя з твора Святланы Аляксеевіч «Час сэканд-хэнд». Падзеі адбываюцца ў Савецкім Саюзе, падчас перабудовы:

«Гэта маналогі людзей пра час, пра сябе, пра сітуацыі, у якія яны траплялі і якія рабілі іх альбо мацней, альбо ламалі».

Уладзімір Пятровіч адзначыў, што твор Святланы Алексіевіч выявіўся няпростым для спектакля. Надта балюча эмацыйны. Некаторыя акторкі, кажа суразмоўца, спачатку не вытрымлівалі і зрываліся на плач. Ён жа ўзяўся за пастаноўку, бо не мог заставацца абыякавым да тых падзей, якія адбываюцца вакол нас сёння.

«Тое, што адбываецца ва Украіне, у Расеі, тое, што Расея робіць у дачыненні да ўсяго свету, - на гэта я не магу глядзець абыякава. Я хачу пра гэта гаварыць. Зводкі з Украіны - яны хвалююць нармальных людзей і не пакідаюць іх абыякавымі, але многія людзі чамусьці лічаць гэта ўсё нармальным, і іх чамусьці большасць. Пасыл нашага спектакля - і да іх таксама: «Спыніцеся, падумайце, паглядзіце вакол сябе на свае вочы, не тыя, якімі хочуць, каб вы бачылі свет».

Уладзімір Пятровіч заўважыў, што ў яго няма настальгіі аб часах савецкай эпохі, якая сышла. Ён не разумее тых, хто з ёй жыве. Пятровіч прызнаўся, што ў савецкі час быў піянерам, камсамольцам (прымусілі ўступіць, калі служыў у войску), верыў у тое, пра што казалі, але не заўсёды гэта разумеў. Праўда пра «імперыю зла» да яго даходзіла паступова. Для яго і ягоных герояў у спектаклі гэтая праўда - адкрыццё, ад якога кідаюцца. І цяпер гэтая эпоха вяртаецца, лічыць рэжысёр:

«Цяпер гэта ўсё вяртаецца. І гэта страшна. Мы рабамі засталіся. А другая рэч, якую я лічу не апошняй і пра якую кажа мой герой: мы не пакаяліся ва ўсім, што ўчынілі. Раб і непакаянне - гэта страшная сумесь. Святлана Алексіевіч называе гэта «чырвоным чалавекам». Вось ён, чырвоны чалавек, увесь разлютаваны, у якога да таго ж ёсць кнопка».

Паводле слоў суразмоўцы, Беларусь застаецца ў палоне савецкасці. У нашай свядомасці, са слоў Уладзіміра Пятровіча, Савецкі Саюз застаўся, і тэма, узнятая Алексіевіч і спектаклем, актуальная для Беларусі і беларусаў:

«Мы, напэўна, закансерваваная краіна ў гэтым сэнсе. Няма, можа, такога экстрэмізму, як у іншых, але гэта ўсё засталося. Нікуды не знікла. Настальгія аб Савецкім Саюзе - яна засталася ў многіх маіх знаёмых. Прычым некаторыя з іх нават не жылі ў СССР. Таму вярнуцца да саміх сабе будзе вельмі цяжка. Не таму, што мы не хочам, а таму, што гультаяватыя - гэта раз, занадта памяркоўныя, і ад гэтага нікуды не дзенешся - гэта два. А трэцяе - за намі вельмі добра сочаць, каб мы былі гультаяватымі і памяркоўнымі».

Уладзімір Пятровіч працуе ў Магілёўскім тэатры 34 гады. Паставіў 15 рознабаковых спектакляў. Перавагу аддае драматычным тэмам. Пастаноўку «Час сэканд-хэнд» збіраўся везці ў Маскву на фестываль, аднак мяркуе, што там яе не гатовыя пакуль успрыняць адэкватна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках