27 красавiка 2024, Субота, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Пуцін падобны на Тайвіна Ланістэра

9
Гары Каспараў: Пуцін падобны на Тайвіна Ланістэра

Гары Каспараў, "былы шахматны чэмпіён, які стаў праваабаронцам", як яго ўяўляе The Washington Post, напісаў кнігу.

Увосень, да пачатку сезона праймерыз у ЗША, у выдавецтве PublicAffairs выходзіць яго кніга пад назвай "Зіма блізка: Чаму трэба спыніць Уладзіміра Пуціна і ворагаў вольнага свету".

"Першы мой артыкул з засцярогамі наконт Пуціна выйшаў 4 студзеня 2001 г. у The Wall Street Journal. Я тады і ўявіць не мог, наколькі далёка ён зойдзе, - сказаў Каспараў у інтэрв'ю Карласу Лазадзе, кніжнаму крытыку The Washington Post (пераклад - Inopressa). - Пасля анэксіі Крыма і непрыхаванай агрэсіі супраць Украіны ў мяне склалася адчуванне, што прыйшоў час выказаць свае думкі ў больш упарадкаванай форме".

Са слоў Каспарава, "гэта кніга не толькі пра Пуціна - яна пра канфлікт сучаснасці і мінулага. Я аналізую ашаламляльны правал, які напаткаў свабодны свет у справе пабудовы больш бяспечных і больш прасунутых у палітычным плане міжнародных арганізацый у перыяд пасля заканчэння халоднай вайны".

"Ісламскую дзяржаву", Кім Чэн Ына і Пуціна аб’ядноўвае прызнанне тых абставінаў, што трыумф вольнага свету - ліберальнай дэмакратыі і рынкавай эканомікі - пазбаўляе іх палітычнай апоры. Пуцін з іх самы небяспечны, бо ён мае ядзерную зброю і вялікую колькасць грошай", - мяркуе апазіцыянер.

"Стагнацыя" расейскай эканомікі, на думку Каспарава, звязаная не толькі са зніжэннем коштаў энэрганосьбітаў, але і з "нежаданнем Пуціна рэфармаваць эканоміку Расеі". Ён адзначыў, што "ў Расеі ёсць сярэдні клас. Значнасць яго невысокая, але ён ёсць і засяроджаны ў буйных гарадах накшталт Масквы. Ці гатовыя гэтыя людзі змірыцца са зніжэннем ўзроўню жыцця і адсутнасцю будучыні? (...) Калі існая мадэль не зменіцца, паўстанне ў той ці іншай форме непазбежна адбудзецца. Нават калі кошт нафты застанецца на ўзроўні 50 даляраў [за барэль], расейская эканоміка, відавочна, працягне яшчэ гады паўтара, потым у іх скончацца грошы", - выказаў меркаванне суразмоўца Лазады, дадаўшы: "Гэта не Гары Каспараў кажа - гэта іх уласныя прагнозы".

"Многія палітыкі па абодва бакі Атлантыкі разумеюць, што да Пуціна трэба ўжыць крутыя захады, але чапляюцца за канцэпцыю Расеі як партнёра. З гісторыі мы ведаем, што чым раней спыняеш агрэсію, тым танней гэта абыходзіцца. Спакуса нічога не рабіць і шукаць спосабы прымірэння вялікая, але гэта значыць, што заўтра мы заплацім больш высокую цану. Рашучасць - не гарантыя ад вайны, але супакаенне гарантуе, што вам не пазбегнуць вялікай вайны і што здарыцца яна не тады, калі вам зручна", - сказаў Каспараў і стрымана пахваліў палітыку Белага дома: "Цяперашняя адміністрацыя паступова рухаецца ў правільным кірунку".

Былы шахматыст прызнаўся, што ён "вялікі прыхільнік" "Гульні тронаў", і распавёў аб адсылцы да гэтага серыялу, закладзенай у загалоўку яго кнігі (першы эпізод першага сезона называецца "Зіма блізка". - Заўвага. Рэд.): "Яскравы загаловак, але ён у той жа час адлюстроўвае канцэпцыю. Гісторыя не можа скончыцца, гэта як змена часоў года, і мы набліжаемся да новага сезона. Нам лепш да яго падрыхтавацца. Хай для нас не стане шокам, што пасля столькіх гадоў самазаспакаення мы раптам сутыкаемся са старымі новымі праблемамі".

Калі карэспандэнт папрасіў Каспарава назваць персанаж "Гульні тронаў", які больш за ўсё нагадвае яму Пуціна, ён сказаў: "Адказ напрошваецца сам сабой - Тайвін Ланістэр. Ад Пуціна персанажаў серыяла адрознівае тое, што ім ўлада альбо дастаецца ад нараджэння, альбо яны за яе ўсё жыццё змагаюцца. Пуцін жа за ўладу ніколі не змагаўся. У тым, што ён ускараскаўся на самы верх, ёсць элемент поспеху або лёсу. Тайвін Ланістэр быў куды больш спрактыкаваным палітыкам, на адну толькі ўдачу ён спадзявацца не мог. Ланістэры ведалі, што яны народжаныя кіраваць. Пуцін ведае, што не можа сысці. Ён ведае, што яму наканавана памерці ў Крамлі... Гэта праклён залатой клеткі".

Палітычных амбіцый у Расеі ў Каспарава, з ягоных слоў, няма, бо "ў цяперашняй сітуацыі ўсякае вяртанне ў Расею стане для мяне білетам у адзін канец. Калі настане момант, што трэба будзе ўключыцца [у працу], я буду даступны. Планаў у мяне няма, бо ніхто не можа прадказаць, калі і як абрынецца расейскі рэжым. Калі мяне папросяць паўдзельнічаць, каб нейкім чынам змякчыць негатыўныя наступствы гэтага калапсу, я буду даступны. Але гэтым мае жыццёвыя амбіцыі не абмяжоўваюцца".

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках