27 красавiка 2024, Субота, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ патрабуе выхаду Беларусі з АДКБ

20
Партыя БНФ патрабуе выхаду Беларусі з АДКБ

Грамадзяне Беларусі не павінны быць закладнікамі нестабільнасці ў краінах Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ, прынятай 31 студзеня соймам арганізацыі, піша БелаПАН.

Прыняцце дакумента звязанае з уступленнем 1 лютага паправак у закон «Аб ваенным становішчы». Яны пашыраюць пералік абставінаў, якія кваліфікуюцца ў якасці нападу на Рэспублiку Беларусь і могуць служыць падставай для ўвядзення ваеннага становішча.

У адпаведнасці з папраўкамі, акт узброенай агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы або групы дзяржаў, учынены супраць дзяржавы - ўдзельніцы АДКБ, належыць да ліку ваенных пагроз Беларусі.

«Такім чынам новая рэдакцыя закона неапраўдана пашырае паняцце нападу на Беларусь, увязваючы яго з падзеямі ў краінах АДКБ, у якіх маюцца шматлікія крыніцы нестабільнасці і тэрытарыяльныя канфлікты. Такая трактоўка пагроз нацыянальнай бяспекі не адпавядае нацыянальным пагрозам Беларусі і ставіць унутраную палітыку Беларусі ў залежнасць ад канфліктаў у параўнальна далёкіх ад нашай краіны гарачых месцах», - гаворыцца ў заяве.

Партыя БНФ занепакоеная тым, што ўнесеныя ў заканадаўства змены «могуць быць адной з праяў стварэння прававой базы для ўцягвання Беларусі ў канфлікты, у тым ліку інспіраваныя правакацыямі з боку расейскіх рэваншыстаў». Асаблівую трывогу ў партыі выклікае тое, што «новая трактоўка вайсковай дактрыны патэнцыйна можа быць выкарыстаная ў выпадку справядлівых дзеянняў Украіны ў захаванні сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці».

Таксама ў Партыі БНФ мяркуюць, што новая рэдакцыя закона «стварае прававыя падставы для неабгрунтаванага абмежавання правоў і свабод грамадзян, асабліва ў частцы свабоды слова і свабоднага распаўсюду інфармацыі, істотна пашырае межы вайсковай цэнзуры і магчымага выкарыстання спецыяльных сродкаў і зброі».

Партыя БНФ заяўляе, што ўнесеныя ў закон «Аб ваенным становішчы» папраўкі «не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі, супярэчаць Канстытуцыі, робяць нашу краіну закладніцай палітыкі ў рамках блока АДКБ, пагражаюць выкарыстаннем беларускіх вайскоўцаў для забеспячэння чужых геапалітычных інтарэсаў».

«Партыя БНФ цвёрда выступае супраць уцягвання нашай краіны ў ваенныя канфлікты на постсавецкай прасторы. Партыя БНФ патрабуе выхаду Рэспублікі Беларусь з АДКБ і пабудовы архітэктуры нацыянальнай бяспекі з апорай на супрацоўніцтва з краінамі Еўраатлантычнай супольнасці», - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, 4 лютага 2009 года ўдзельнікі АДКБ узгаднілі і падпісалі праект пастановы стварэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. Іх мяркуецца выкарыстаць для «адлюстравання ваеннай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.

Апазіцыйныя лідары Беларусі першапачаткова асуджалі падпісанне дамовы аб стварэнні КСАР АДКБ, і называлі іх карнымі сіламі, якія будуць абараняць дыктатараў СНД. Стварэнне гэтых сіл супярэчаць нейтральнаму статусу Беларусі і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках