27 красавiка 2024, Субота, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Баранавічаў перамог ва ўкраінскім шоў «Насмяшы коміка» (Відэа)

14

Здабытыя грошы Іван Казак выдаткуе на дапамогу ўкраінскім дзецям.

Жыхар Баранавічаў выступіў у фінале ўкраінскага тэлешоў «Насмяшы коміка», якое выйшла ў эфір 3 студзеня, і сарваў максімальны банк - 100 тысяч грыўняў. Іван Казак чытаў уласныя жарты пра адукацыю, сям'ю і грамадства. У выніку доўгай і карпатлівай падрыхтоўкі з жартам пра школу баранавіцкі комік здабыў 75.221.000 беларускіх рублёў паводле курсу Нацбанка, піша Intex-press.

- Стоячы за кулісамі, я вельмі хваляваўся, бо хацелася перамагчы. Пачаў чытаць свае жарты і раптам з лёгкасцю за 10 хвілін здабыў 100 тысяч грыўняў. Застаўся нават вялікі запас непрачытаных жартаў. Мог бы з імі яшчэ і мільён грыўняў здабыць, - распавёў ён.

Гэта другі выступ Івана на перадачы. Першы адбыўся ў траўні 2014 года, калі Іван здабыў 50 тысяч грыўняў.

Івану Казаку 28 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у горадзе Баранавічы. Пасля заканчэння ліцэя паступіў у БДУ на хімічны факультэт. Ва ўніверсітэце Іван захапіўся армрэслінгам, але, наблізіўшыся да звання «майстар спорту», аддаў перавагу КВЗ, дзе адчуў сябе на сваім месцы.

Ва ўніверсітэце ён сабраў каманду, напісаў сцэнар выступу. Ягоная каманда мела поспех ва ўніверсітэцкім КВЗ. Івана заўважылі і запрасілі ў самую моцную на той момант каманду Беларусі - «Менскае мора». Гэтая каманда была пераможцам беларускай першай лігі і маскоўскай прэм'ер-лігі. Іван гуляў у КВЗ паўтара года, але яму не вельмі спадабалася, як каманда паводзіла сябе на сцэне.

- Рэдактура рабіла з каманды нейкіх жабракоў расейскага газу і вясёлых дурняў. А мы ж - нацыя з найвялікшай гісторыяй! І нас прымушаюць выступаць у такім фармаце, які прыніжае нашую краіну! Для мяне гэта было ўдарам, і неўзабаве я сышоў з каманды і з КВЗ назаўжды і дагэтуль не гляджу, - кажа ён.

Пасля сыходу з КВЗ Іван Казак два гады працаваў паводле размеркавання на заводзе, год «бадзяўся па іншых работах». Раптам у яго памерла мама, Іван вельмі хутка пасталеў і перастаў усміхацца.

- Я быў у роспачы, маё жыццё ператварылася ў прэснае існаванне, дзе-нідзе прабілася сівізна, пра гумар нават не думаў, - адзначае мужчына.

Але аднойчы Іван прачытаў на tut.by свой жарт з КВЗаўскага мінулага, які цытаваў міністр эканомікі: «У сям'і ёсць тры стадыі беднасці: грошай няма, грошай няма зусім, і трэба даляры мяняць». У яго галаве прамільгнула думка: а можа, вярнуцца ў творчасць і зноў пачаць жартаваць?

Праз паўгода Іван сышоў з працы і «без шэлега ў кішэні пачаў займацца ўлюбёнай справай». Гэта быў яго ультыматум лёсу: альбо пісанне, альбо нічога. І ўсё атрымалася: знаходзіліся грошы, людзі, праца, і не пакідала натхненне.

Цяпер Іван працуе незалежным пісьменнікам-сцэнарыстам і адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Свой здабытак ён збіраецца выдаткаваць на адпачынак з каханай дзяўчынай і на падарункі дзецям з дзіцячых дамоў Украіны.

- Мы параіліся з маёй дзяўчынай і наважылі грошы пералічыць не нашаму гораду, як планавалася, а сіротам - ім гэта больш патрэбна, - сказаў ён.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках