6 траўня 2024, панядзелак, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На першым этапе «Дакара» беларусы - у дзесятцы лепшых

7

Беларускі экіпаж заняў 10 месца ў класе грузавікоў паводле вынікаў першага этапу ралі-рэйду «Дакар-2015».

Як стала вядома charter97.org, грузавік пад кіраваннем Сяргея Вязовіча пераадолеў спецучастак даўжынёю 175 км прыкладна за 1 гадзіну 33 хвіліны. Прычым на двух кантрольных адзнаках ён паказаў шосты час. Ад трыўмфатара дня - гоншчыка каманды Iveco Ханса Стэйсі - Вязовіч адстае больш чым на 2 хвіліны. Ззаду беларусаў апынуўся пераможца леташняга марафону - расеяц Андрэй Каргінаў з каманды «КАМАЗ-майстар».

Маршрут заезду апынуўся для Сяргея Вязовіча на рэдкасць удалым - хуткасная траса з больш-менш аднастайным пакрыццём, якая часткова праходзіць па жвіровай дарозе. «На хуткасных участках з нармальным пакрыццём мне традыцыйна атрымоўваецца паказваць добры час - адбіваецца ралійны досвед», - прызнаўся пілот.

Экіпажу Аляксандра Васілеўскага атрымалася фінішаваць на 31-м месцы. Гоншчык праехаў спецучастак за 1 гадзіну 47 хвілін 21 секунду. Пераможцу ралі-заезду беларускі экіпаж прайграе 16 хвілін 38 секунд.

«Хуткая тэхнічка», што ўдала праехала палову шляха, сутыкнулася з тэхнічнай праблемай - пашкодзілася муфта прывада паліўнай помпы. Каб яе паправіць, спатрэбілася амаль тры гадзіны. У выніку грузавік пад кіраўніцтвам Уладзіміра Васілеўскага скончыў дзень на 58-й пазіцыі з больш чым 4-гадзінным адставаннем ад лідэра этапу.

«МАЗ-СПОРТаўта» ўдзельнічае ў ралі-рэйдзе «Дакар» у чацвёрты раз. Уладальнікам каманды выступае Менскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам - аператар velcom. Працягласць трасы для грузавікоў складае блізу 8,2 тыс км, а некаторыя ўчасткі праходзяць на вышыні звыш 3,5 тыс м. Завершыцца гонка 17 студзеня ў Буэнас-Айрэсе - у тым жа горадзе, дзе і стартавала.

Беларуская каманда прадстаўлена на ралі трыма грузавікамі. Асноўнымі экіпажамі кіруюць Сяргей Вязовіч і Аляксандр Васілеўскі, «хуткай тэхнічкай» - Уладзімір Васілеўскі. Усяго ж у ралі-рэйдзе толькі ў заліку грузавікоў ўдзельнічаюць 63 экіпажы з усяго свету.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках