5 траўня 2024, Нядзеля, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямцоў: Расею ахапіла псіхічная эпідэмія на глебе маніі велічы

28

Тэлевізія падвяргае расейцаў наймацнейшаму гіпнозу, пазбаўляючы іх магчымасці крытычна думаць і ператвараючы ў бязвольных транслятараў афіцыйнай прапаганды.

Пра гэта піша ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў.

«Псіхічна хворыя і зомбі ёсць у кожным грамадстве, - адзначае ён. - Калі іх мала, гэта нармальна – псіхіятры і дыспансеры спраўляюцца, здаровыя адрозніваюць сябе ад хворых, грамадства дэманструе імунітэт і развіваецца.

Яшчэ год таму я не стаў бы цытаваць грамадзяніна Валава (гл. фота), але цяпер варта. Такіх як ён вельмі і вельмі шмат. Расею ахапіла псіхічная эпідэмія на глебе маніі велічы. Крыніцай заражэння і эпідэміі з'яўляецца тэлевізія. Яна падвяргае грамадзян наймацнейшаму гіпнозу, людзі перастаюць крытычна і рацыянальна думаць і становяцца бязвольнымі транслятарамі агітпрапа».

Барыс Нямцоў падкрэслівае, што з загіпнатызаванымі няма сэнсу размаўляць, іх немагчыма пераканаць.

«Я быў на сеансах гіпнозу і ўсё гэта бачыў на свае вочы (сам я да гіпнозу не схільны і таму мог назіраць, як гэта ўсё адбываецца з боку). Як адбываецца працэс вываду людзей з гіпнатычнага стану? Звычайна, гэта робіць гіпнатызёр, але ў нашым выпадку гэта наўрад ці здарыцца. Яму зручна кіраваць бязвольнымі людзьмі, якія знаходзяцца ў сне. Яны лаяльныя, паслухмяныя і вераць хлусліваму трызненню і ўсяму, што ім льюць у вушы.

У прынцыпе, людзі самі выйдуць з гіпнозу, калі захочуць есці. Голад не цётка і ніякія салодкія прамовы замбістаў не дапамогуць, калі ежа скончыцца.

Яшчэ адзін спосаб вывесці людзей з-пад гіпнозу, гэта дзеянні людзей, да гіпнозу не схільных. Гэтым мы і займаемся, але трэба дзейнічаць больш актыўна. Нашы энэргічныя дзеянні могуць зламаць сцэнар шулера-гіпнатызёра.

І яшчэ. Інструментам адурманьвання з'яўляецца тэлевізія. Абудзіць людзей і вярнуць іх да жыцця могуць незалежныя СМІ, папулярныя сярод грамадзян. Іх стварэнне і падтрымка - пытанне выжывання Расеі», - піша палітык.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках