5 траўня 2024, Нядзеля, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багдан Ярэменка: Без урэгулявання пытання Крыму праблему Данбаса не развязаць

8
Багдан Ярэменка: Без урэгулявання пытання Крыму праблему Данбаса не развязаць

Стратэгічная памылка ўкраінскай дыпламатыі палягае ў тым, што без урэгулявання пытання Крыму дасягнуць развязання праблемы на ўсходзе немагчыма.

Гэта непарыўна звязаныя пытанні. І разглядацца і развязвацца могуць толькі ў комплексе. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» піша дыпламат і кіраўнік праўлення ўкраінскага дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка, каментуючы перамовы ў Берліне палітдырэктараў ва ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе.

«Палітдырэктары - гэта дырэктары дэпартаментаў МЗС, якія курыруюць пэўныя палітычныя пытанні, - піша ён. - Нягледзячы на назву «паліт» трэба разумець, што гаворка ідзе пра высокі экспэртны ўзровень удзельнікаў. Экспэртны, а не палітычны. Гэта значыць, гэтыя чыноўнікі не вызначаюць палітыку, а рэалізуюць волю кіраўнікоў дзяржаў або міністэрстваў замежных спраў.

Разумеючы гэта, мы можам лёгка прыйсці да высновы, што выніковымі сустрэчы палітдырэктараў могуць быць толькі ў рамках сфармаванага іх кіраўнікамі кансенсусу. Гэта значыць, калі лідары дзяржаў у чымсьці пагадзіліся, то палітдырэктары могуць узгадніць крытэрыі выканання гэтых дамоўленасцей. Могуць, вядома, зрабіць гэта ў выглядзе праекта нейкага дакумента для сваіх міністраў ці прэзідэнтаў.

Таму зразумела, што сённяшняя сустрэча [сустрэча 5 студзеня] не магла быць выніковай апрыёры, бо ніякага палітычнага кансенсусу на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі не існуе».

Багдан Ярэменка адзначае, што ў яго выклікаюць неспакой паводзіны ўкраінскага боку.

«Мяркуючы з вядомых на гэты момант паведамленняў, украінскі бок нават на гэтым узроўні не вылучаў як тэму для абмеркавання пытанне анэксіі Крыму. Гаворка ішла толькі аб выкананні т.зв. менскіх дамоўленасцей. Гэта значыць, украінская дыпламатыя цалкам праглынула прынаду Пуціна - за мір на Усходзе мы гатовыя забыцца аб Крыме», - удакладняе дыпламат.

Ён перакананы, што непадрыхтаванасць Украіны падымаць такія пытанні нават на экспэртным узроўні дыпламатамі ўсіх краін успрымаецца як згода на статус-кво у крымскім пытанні.

«Адпаведнай будзе і рэакцыя - калі Крым не цікавіць украінцаў, чаму ён мусіць цікавіць нас? Стратэгічная памылка ўкраінскай дыпламатыі (гэта, вядома, не толькі МЗС, але, у першую чаргу, прэзідэнт) палягае ў тым, што без урэгулявання пытання Крыму дасягнуць развязання праблемы вайны на Усходзе Украіны немагчыма. Гэта непарыўна «звязаныя пытанні. І абмяркоўвацца і развязвацца могуць толькі ў комплексе», - рэзюмуе Багдан Ярэменка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках