2 траўня 2024, Чацвер, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці з'явіцца нямецкая дубінка ў беларускага АМАПа?

13
Ці з'явіцца нямецкая дубінка ў беларускага АМАПа?

Супрацоўніцтва паміж паліцыяй ФРГ і ўладамі Беларусі прадаўжалася нават пасля жорсткага разгону Плошчы ў 2010 годзе.

З 22 па 24 траўня 2011 года ў Аб'яднаным цэнтры нямецка-польскай паліцыі і мытнага супрацоўніцтва на былым нямецка-польскім памежным пераходзе нямецкія паліцыянты праводзілі трэнінг для беларускіх міліцыянтаў у рамках чатырохгадовага праекта (2007-2011) супрацоўніцтва паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй, паведамляе «Радыё Свабода».

За 9 дзён да гэтага, 13 траўня 2011 года, на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а 26 траўня 2011 года, на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Мікалая Статкевіча. На судах за Плошчу павінныя былі прысутнічаць прадстаўнікі амбасады Нямеччыны ў Менску, якія не маглі не ведаць аб гэтым нямецка-беларускім праекце. А пачынаўся ён у чэрвені 2007 года. У красавіку таго года ў трэці раз пасадзілі Андрэя Клімава, за кратамі заставаліся Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч, Юрый Лявонаў, Аляксандр Казулін і Артур Фінкевіч. Праекты нямецкіх паліцэйскіх і беларускіх міліцыянтаў прадаўжаліся бесперапынна да канца 2011-га, найбольш рэпрэсіўнага года ў гісторыі незалежнай Беларусі. З 2008 па 2011 года на навучанне беларускіх міліцыянтаў было выдаткавана 248.902 еўра.

Ці магчымы паўтор падобнай сітуацыі напярэдадні новых прэзідэнцкіх выбараў 2015 года? Ці можа з'явіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

З 2007 па 2011 гады не менш за 100 прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў удзельнічалі ў трэнінгах у Нямеччыне. У 2009 і 2010 гадах для беларусаў былі праведзеныя пяць навучальных семінараў у Ніжняй Саксоніі, Бадэн-Вюртэмбергу і Саксоніі. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі нямецкія паліцыянты навучалі амаль 400 памежнікаў, кіраўнікоў органаў міліцыі і крыміналістаў. «Радыё Свабода» атрымала дакументы з падрабязным тлумачэннем праекта і каштарысам.

Былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Менску, былы кіраўнік выведкі ФРГ, а цяпер кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі» Ханс-Георг Вік тлумачыць, што гэтае супрацоўніцтва не ставіла на мэце, каб Аляксандр Лукашэнка атрымаў больш магчымасцей прыціскаць апазіцыю ў краіне:

«Было дзве мэты. Першая - прадухіленне міжнароднага тэрарызму, а другая - стандартызацыя працэсаў у памежнай сферы. Кожны дзень тысячы грузавікоў праязджаюць праз беларускую мяжу, і калі чарга з 200-300 грузавікоў, то можна ўявіць фінансавыя страты. З будаўніцтвам новых пунктаў афармлення, стандартызацыяй працэсу чарга памяншаецца. І трэцяя мэта - прадухіленне транспарціроўкі наркотыкаў, гандлю людзьмі, рабства, нелегальнай міграцыі з Азіі ў Еўропу. Але гэтае супрацоўніцтва было выкарыстанае беларускім рэжымам у сваіх інтарэсах, і гэта для нас - сумны ўрок. Мы шкадуем аб гэтым, але гэта не значыць, што тыя мэты, які я назваў, становяцца няважнымі».

У лістападзе 2010 года беларускія міліцыянты некалькі дзён запар назіралі за працай нямецкай паліцыі падчас транспартавання ядзерных адходаў у сховішча ў Горлебене. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі больш за 20 тысяч нямецкіх паліцэйскіх. Мэтай трэнінгу было знаёмства беларускіх калег з метадамі работы нямецкай паліцыі, якія ўлічваюць інтарэсы грамадзян і якія грунтуюцца на прынцыпе празрыстасці. Транспартаванне радыеактыўных адходаў суправаджалася масавымі пратэстамі, і справа дайшла да сутыкненняў актывістаў з паліцыяй. У ход пайшлі дубінкі, вадамёты і газавыя балончыкі. Паводле звестак праціўнікаў атамнай энергетыкі, раненні атрымалі больш за 500 чалавек. А ўсяго праз месяц пасля гэтага трэнінгу, услед за прэзідэнцкімі выбарамі ў снежні 2010 года, беларускія сілы бяспекі жорстка разганялі мірныя пратэсты. Пра гэта пісала тады нямецкае выданне Der Tagesspiegel.

І тады ж прадстаўнік міністэрства ўнутраных спраў Нямеччыны растлумачыў выданню, што мэтай навучання было азнаямленне беларускіх міліцыянтаў са стандартамі ЕЗ на прыкладзе нямецкай паліцыі. Вывучаліся дзеянні паліцыі ва ўмовах буйных мерапрыемстваў, у тым ліку спартыўных, патлумачыў тады прадстаўнік ведамства. Разам з тым ён адзначыў, што ў 2008 годзе ў Беларусі яшчэ можна было назіраць некаторыя прыкметы гатоўнасці да дэмакратычных рэформаў. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 кантакты з Менскам былі рэзка звужаныя.

Але, як мы бачым з дакументаў, кантакты прадаўжаліся і падчас судоў за Плошчу, і пасля судоў за Плошчу. Як пісала выданне Der Spiegel са спасылкай на інфармацыю агенцтва DAPD, насуперак санкцыям ЕЗ, уведзеным у сувязі з падзеямі 2010 года, супрацоўніцтва беларускага МУС з нямецкім спецназам GSG 9 («Група аховы межаў - 9») прадаўжалася яшчэ і ў кастрычніку 2011 года, калі беларускія сілавікі прайшлі трэнінгі ў ахове мяжы ў аэрапорце Франкфурта. Кошт гэтага навучання склаў прыкладна 65000 еўра.

Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр IBB арганізоўваў у канцы 1990 гадоў паездкі беларускіх міліцыянтаў у Нямеччыну. Аўтару гэтага даследавання прыйшлося ехаць у Нямеччыну разам з групай беларускіх міліцыянтаў у 1998 годзе. Палову аўтобуса займалі журналісты, якіх запрасілі ў Нямеччыну азнаёміцца з сітуацыяй напярэдадні парламенцкіх выбараў, а другую палову - беларускія міліцыянты. Прычым не шараговыя. Там былі намеснікі кіраўніка менскай міліцыі, начальнік абласнога ДАІ, намеснік старшыні Следчага камітэта. Паказальным для журналістаў падчас падарожжа быў эпізод, калі пасля перасячэння польска-нямецкай мяжы на тэрыторыі Нямеччыны беларускія міліцыянты спявалі папулярную савецкую песню «Дзень перамогі». Але скончым «лірычнае адступленне» і вернемся ў цяперашні час.

На момант скандалу з супрацоўніцтвам нямецкай паліцыі і беларускай міліцыі Міжнародны адукацыйны цэнтр ужо не меў дачынення да арганізацыі такіх паездак, тлумачыць беларускі дырэктар IBB Віктар Балакіраў:

«Першыя гады былі вельмі інтэнсіўныя кантакты, мы вазілі ў Нямеччыну беларускіх міліцыянтаў, яны сустракаліся з нямецкімі паліцэйскімі, жылі ў сем'ях паліцэйскіх, разам з імі выходзілі па начах у дзяжурства. У сваю чаргу, нямецкія паліцыянты прыязджалі ў Беларусь, жылі ў сем'ях беларускіх міліцыянтаў, абменьваліся вопытам. Паступова гэта ўсё сышло, цікавасць узаемная згубілася, і гэтыя праграмы спыніліся. Наогул ідэя ў немцаў была добрая. Як казаў прадстаўнік апякунскага савета Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Герберт Шнор, такія праграмы патрэбныя, каб навучыць беларускую міліцыю працаваць з дэманстрантамі дэмакратычнымі спосабамі. Мы ведаем, што ў Нямеччыне адбываюцца сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Калі адбываецца транспартаванне адпрацавалага ядзернага паліва праз чыгунку, дэманстранты прыходзяць і прыкоўваюць сябе кайданкамі да чыгуначнага палатна. І што рабіць у гэтай сітуацыі? Мы ведаем, як акуратна нямецкая паліцыя іх бярэ і акуратна выносіць. Гэта пытанні недатыкальнасці асобы, правоў чалавека, цэлы комплекс пытанняў. І абсалютна дастойная ідэя была ў немцаў - навучыць беларускіх міліцыянтаў, як ва ўмовах дэмакратычнай дзяржавы працаваць з людзьмі, якія выходзяць на дэманстрацыі. Натуральна, што яны не вучылі іх дубасіць... Што атрымалася?.. Гэта ж не дзякуючы немцам. Таму я лічу, што па-дурному і неабгрунтавана рабіць папрок немцам».

Дзяніс Фрыдрых, які сам родам з Беларусі, працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў і ўдзельнічае ў адборы стыпендыятаў праграмы «Аб'яднанне студэнцкага абмену ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» (GFPS) як прадстаўнік нямецкага боку, лічыць, што папрок усё ж можна зрабіць - прадстаўнікам нямецкай амбасады у Менску, якія ведалі, што ў адзін і той жа час праходзяць суды за Плошчу і трэнінг нямецкіх і беларускіх міліцыянтаў:

«Што датычыцца супрацоўніцтва паміж федэральнай паліцыяй Нямеччыны і міліцыяй Беларусі, то тут давер паміж дзяржаўнымі структурамі быў разбураны, і надоўга. Давер быў разбураны адразу пасля выбараў 2010 года, а гэты праект супрацоўніцтва паліцыі і міліцыі яшчэ больш паглыбіў крызіс у адносінах паміж дэмакратычнымі дзяржавамі і Беларуссю. Вялікая памылка ў гэтым праекце была ў тым, што адсутнічаў механізм кантролю за гэтым праектам і механізм арганізацыі гэтага праекта. І тут не дапрацавалі МЗС Нямеччыны і нямецкая амбасада».

Але цяпер такая сітуацыя не можа паўтарыцца, перакананы Дзяніс Фрыдрых, у тым ліку і таму, што апазіцыйныя партыі Нямеччыны ўважліва адсочваюць сітуацыю.

Пытанне пра амаральнасць сумесных праектаў нямецкай паліцыі з беларускімі калегамі на фоне рэпрэсій у Беларусі паднялі дэпутаты Бундэстагу, адной з ініцыятараў была Марылуіза Бек, член Камітэта Бундэстагу знешняй палітыкі, чалец Парламенцкай асамблеі рады Еўропы, эксперт фракцыі «Саюз-90»/«Зялёныя» па Усходняй Еўропе.

Крыстоф Бекер, палітычны дарадца Марылуізы Бек, кажа, што іх фракцыя прадаўжае выконваць кантрольную функцыю. Журналіст спытаў у яго, ці створаны такі механізм, каб не паўтарылася сітуацыя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пасля іх, каб, вобразна кажучы, нямецкая дубінка і слёзатачывы газ не патрапілі ў Беларусь і не былі выкарыстаныя падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі:

«Не думаю, што гэта можа зноў здарыцца, таму што для федэральнага ўрада гэта было вялікай стратай рэпутацыі. І мы, як апазіцыя, як апазіцыйная партыя маем права і ставім такія пытанні, якія вы зараз ставіце, тым самым выкарыстоўваем сваю кантрольную функцыю і будзем запытваць, ці існуюць такія кааперацыйныя праекты».

Дарэчы, у сувязі са звальненнем у канцы ліпеня 2012 года кіраўніка федэральнай паліцыі Матыяса Зегера ў нямецкім друку выказваліся здагадкі, што прычынай паслужылі менавіта ягоныя кантакты з беларускімі ўладамі.

Новаабраны дэпутат Еўрапарламента ад Фінляндыі, сябра групы працы з Беларуссю Нілс Торвалдс згадвае ў сувязі з гэтым скандалам ранейшыя часы, калі ён працаваў як журналіст у Расеі, і выказвае яшчэ адну версію.

«Я ўспамінаю часы працы журналістам у Маскве. Калі мы сутыкаліся з міліцыяй, то мы заўсёды мелі справу з тым ці іншым узроўнем карупцыі. Барацьба з карупцыяй - няпросты і працяглы працэс, карупцыя запускае карані глыбока, і тут патрэбныя змены на самых розных узроўнях грамадства», - кажа ён

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які больш за год таму прапанаваў правесці аўдыт замежнай дапамогі Беларусі, лічыць, што на самой справе механізм кантролю, каб пазбегнуць такія сітуацыі, не створаны.

«Цяперашняя сітуацыя - гэта жыццё ад скандалу да скандалу, калі мы высвятляем, што на самой справе ідзе падтрымка беларускіх сілавых структур ці беларускага чыноўніка. Скандал узнікае ў нейкай краіне, напрыклад Нямеччыне, пра гэта пішуць СМІ, актыўнічае апазіцыя, спрабуюць праводзіць якія слуханні, і гэта - тупіковы падыход. Трэба стварэнне сістэмы, якая зробіць гэта пытанне больш транспарэнтным, адкрытым, якая проста не будзе прыводзіць да новых скандалаў. Трэба мяняць прынцыповы падыход...», - кажа ён.

Праект супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх сілавікоў - толькі невялікая частка дапамогі з боку Нямеччыны, найвялікшага донара Беларусі сярод краін ЕЗ. З 2006 па 2011 гады Нямеччына выдзеліла 118 мільёнаў даляраў ЗША (36 працэнтаў ад агульнай сумы донарскай дапамогі, якую выдалі краіны ЕЗ з 2006 па 2011 год).

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках