3 траўня 2024, Пятніца, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскі журналіст звернецца ў Камітэт ААН

5
Гарадзенскі журналіст звернецца ў Камітэт ААН

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста-фрылансёра з Горадні Андрэя Мялешкі.

Журналіст збіраецца адстойваць свае правы ў Камітэце ў правах чалавека ААН, піша прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Андрэй Мялешка абскардзіў пастанову суддзі Ленінскага райсуду Горадні Юрыя Казакевіча, які 2 снежня аштрафаваў яго за інтэрв'ю з прафесарам гарадзенскага ўніверсітэта Валерыям Чарапіцай для "Радыё Рацыя".

Журналіст у скарзе пісаў, што ўважае сваю справу як аднабакова разгледжаную і перакананы, што артыкул 22 9 ч.2 КаАП, згодна з якім яго судзілі, не распаўсюджваецца на працу без акрэдытацыі. Разглядаў касацыю суддзя Анатоль Заяц, які стаў на бок суда першай інстанцыі.

Андрэй Мялешка ўпэўнены, што сваімі пастановамі як суд першай інстанцыі, так і Гарадзенскі абласны суд пазбаўляюць яго права на прафесію і незаконна дыскрымінуюць па палітычных матывах.

Аб сённяшняй касацыі распавядае гарадзенскі праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч.

"Несуцяшальная выснова - тое, што закон не мае ніякай юрыдычнай сілы ў Рэспубліцы Беларусь. Таму што журналіста-фрылансёра судзяць паводле артыкула, праз які ён не павінен трапляць пад пераслед. І не толькі таму, што Канстытуцыя гарантуе свабодны распаўсюд інфармацыі кожнаму чалавеку і журналісту у тым ліку. Але перш за ўсё таму, што праз гэты артыкул да адказнасці могуць быць прыцягнутыя толькі рэдакцыі СМІ, а не асобныя журналісты. тым не менш, у дачыненні да Андрэя Мялешкі гэта ўжо трэцяя такая справа. Можна казаць пра сістэмны пераслед чалавека за погляды і, фактычна, - пра забарону на прафесію. Мялешка як журналіст-фрылансёр мае права на распаўсюд інфармацыі, тым больш што гаворка ідзе аб інфармацыі культурнага плана. Такім чынам, мясцовыя ўлады даводзяць сітуацыю да абсурду тым, што судзяць журналіста за карысную для грамадства дзейнасць", - кажа ён.

Андрэй Мялешка збіраецца звярнуцца са скаргай у Камітэт у правах чалавека ААН.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках