Дзярждэп ЗША: «Выбары» ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі
19- 13.10.2015, 7:55
- 49,260
ЗША расчараваныя «выбарамі» ў Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Дзяржаўнага дэпартамента. У ім адзначаецца, што «выбары» прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі ў мінулую нядзелю, 11 кастрычніка, у значнай ступені не былі свабоднымі і справядлівымі, паведамляе РБК.
«Злучаныя Штаты вітаюць мірнае правядзенне 11 кастрычніка прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Тым не менш, мы расчараваныя тым, што выбары, як паказалі даклады місій БДІПЧ АБСЕ і назіральнікаў Парламенцкай Асамблеі, у значнай ступені не адпавядалі прынятым Беларуссю міжнародным абавязанням і нормам правядзення свабодных і справядлівых выбараў», - гаворыцца ў паведамленні.
«Гэтыя даклады паказваюць на сур'ёзныя праблемы пры падліку галасоў і падвядзенні вынікаў галасавання, пры фармаванні тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, а таксама на адсутнасць у Беларусі фундаментальнага рэфармавання існай недасканалай прававой базы, якая рэгулюе выбары», - адзначаецца ў паведамленні.
Нагадаем, назіральнікі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе на «выбарах» прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 11 кастрычніка, негатыўна ацэньваюць працэс падліку галасоў і падвядзення вынікаў галасавання.