Расея адпраўляе да берагоў Сірыі адзіны авіяносец
29- 14.10.2015, 15:32
- 28,913
Адзіны ў Расеі авіяносец, да канца тыдня адправіцца з Мурманска да берагоў Сірыі.
Пра гэта паведамляе FlashNord са спасылкай на крыніцу ў камандаванні Паўночнага флоту.
"Крэйсер "Адмірал Флоту Савецкага Саюза Кузняцоў" скончыў рамонт у доку і да канца тыдня адправіцца да берагоў Сірыі, дзе далучыцца да аперацыі знішчэння групоўкі "Ісламская дзяржава", - сказаў суразмоўца агенцтва.
З ягоных слоў, з траўня да жніўня гэтага года авіяносец праходзіў рамонт у доку на 82-м суднарамонтным заводзе ў Раслякове (Мурманская вобласць). Затым на штатнай стаянцы ў Мурманску ён праходзіў аднаўленне да поўнай баявой гатоўнасці.
Нагадаем, з 30 верасня расейскія паветрана-касмічныя сілы наносяць авіяўдары на тэрыторыі Сірыі. З паведамленняў СМІ, авіяўдары РФ у Сірыі суправаджаюцца наземнай аперацыяй войскаў Асада.
7 кастрычніка ў час сустрэчы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу гаварылася, што Расея нанесла ракетныя ўдары па Сірыі, выкарыстоўваючы флот у Каспійскім моры.