Trubetskoy выпусціў дэбютны альбом «Magister Bibendi»
3- 23.10.2015, 12:02
- 18,262
23 кастрычніка выйшаў дэбютны альбом гурту Trubetskoy пад назвай «Magister Bibendi».
У перакладзе з лаціны гэта азначае «настаўнік пітва» або «распарадчык папойкі».
Рэліз складаецца з 11 новых трэкаў і кавера на песню «Шклянкі» Барыса Грабеншчыкова.
«Я даўно нашу татуіроўку з гэтымі словамі і раней успрымаў іх даслоўна, - распавядае франтмэн Trubetskoy Павел Булатнікаў. - Тыпу гэта такі весялун, балака, чалавек з лёгкай рукой - калі ён разлівае, у людзей не бывае пахмелля. Усё гэта так, але па ходзе працы над альбомам словы Magister Bibendi пачалі адкрываць нейкія новыя для нас сэнсы, і ўсе песні так ці інакш з імі звязаныя».
«Я мяркую, што Magister Bibendi - гэта дух, чыю волю транслюе гурт Trubetskoy, - працягвае прадзюсер калектыву Яўген Калмыкоў. - Можаце меркаваць, што гэта адначасова Дух Рок-н-ролу, і Дыяніс - бог вінаробства і натхнення, і Барон Субота - заступнік гулянкі і правадыр паміж светамі, у нашым выпадку - паміж светам мінулага і светам будучыні».
Канцэртныя прэзентацыі плыты Magister Bibendi адбудуцца 4 лістапада ў Санкт-Пецярбургу, 8 лістапада ў Кіеве, 15 лістапада ў Маскве. Першыя канцэрты з новай праграмай у Беларусі пройдуць 20 лістапада ў Віцебску, 21 лістапада ў Берасці, 4 снежня ў Гомелі і 5 снежня ў Горадні.