29 красавiка 2024, панядзелак, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр збіты гомафобам мянчук Міхаіл Пішчэўскі

Памёр збіты гомафобам мянчук Міхаіл Пішчэўскі
Міхаіл Пішчэўскі

Малады чалавек быў жорстка збіты ў траўні 2014 года пасля гей-вечарыны ў Менску.

Стала вядома, што ён памёр у адной з менскіх бальніц.

Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» яго знаёмы Сяргей Андрасенка.

Андрасенка цытуе развітальныя словы сяброўкі Пішчэўскага Святланы: «Вось і ўсё. Мішы з намі больш няма. І сумна. І страшна. І пуста. Ад усяго. Што больш не ўбачымся.

Што не пасмяемся ад душы з ім. Адно кароткае імгненне - і так усё змянілася. Чыясьці нецярпімасць пазбавіла жыцця маладога, моцнага і мэтанакіраванага хлопца. Дагэтуль не верыцца. Хіба такое магчыма? На жаль, так. Гэта ёсць у нашым грамадстве ўсюды і побач.

Няма ніякай талерантнасці. Ёсць злосць. Якая выліваецца ў такія трагедыі, як адбылася з нашым сябрам. Шмат аперацый, падтрымка сяброў, малітвы. Старанні дзесяткаў людзей. Але ўсё скончылася так, як скончылася.

Засталося верыць. Верыць у дабро, верыць у спакой душы, верыць у тое, што там Мішу будзе спакойна. Доўгія месяцы пакут. Гэта страшна ўявіць. І балюча было бачыць. Цяпер, дай Бог, Мішу лёгка. Мы больш нічога не можам змяніць.

Можам толькі памятаць лепшыя моманты з Мішам. Захоўваць цёплыя пачуцці да яго. І жыць. Далей, як гэта трэба. А яшчэ - змагацца. За свае правы. За тое, каб быць тым, кім з'яўляешся. Змагацца за раўнапраўе, права любіць таго, каго хочаш. Каб ніхто не мог больш замахвацца на чыёсьці жыццё. Толькі таму, што гэта жыццё іншага, не такое, як у большасці навокал».

Летась мянчук Міхаіл Пішчэўскі трапіў у бальніцу ў стане комы пасля ўдару, нанесенага яму былым настаўнікам фізкультуры Дзмітрыем Лукашэвічам. Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясенні траўмы і прысудзіў да 2,8 гадоў зняволення. 20 жніўня ён выйшаў з калоніі праз амністыю.

Міхаіл Пішчэўскі пасля ўдару галавой аб бетон перанёс аперацыю па выдаленні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-м сталічным шпіталі.

Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні «Андэрворлд», дзе 25 траўня 2014 года збіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках