15 траўня 2024, Серада, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка просіць вайскоўцаў абараніць яго ад «хаосу»

117
Лукашэнка просіць вайскоўцаў абараніць яго ад «хаосу»

(абноўлена) Дыктатар запатрабаваў удасканальвання сістэмы абароны краіны.

Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 30 кастрычніка ў менскім Доме афіцэраў на аператыўным зборы каманднага складу Узброеных сіл Беларусі, піша БелТА.

«Як кіраўнік дзяржавы я не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў. Не час, і гэта не трэба. Трэба займацца рэальнай абаронай, а не на паказ. І вось тут мы гатовыя з Расеяй на ўсялякія мерапрыемствы», - заявіў Лукашэнка.

Дыктатар заклікаў прысутных разлічваць на ўласныя сілы.

«Паглядзіце вакол, - звярнуў увагу Лукашэнка. – Ніводзін сучасны канфлікт не пачынаўся ўварваннем замежных войск на тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. Цяпер ужываюцца больш вытанчаныя спосабы ўздзеяння, але сцэнар адзін і той жа - раскідаць дзяржаву знутры. Таму галоўная задача ў тым, каб забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу ды ўсялякай дэстабілізацыі абстаноўкі».

У Беларусі ёсць дзяжурныя сілы СПА, у складзе якіх ёсць і расейскі кампанент, нагадаў дыктатар. На аэрадроме ў Баранавічах штодня знаходзяцца беларускія экіпажы МіГ-29 і расейскія Су-27. «Яны са сваёй задачай - ахова дзяржмяжы ў паветранай прасторы спраўляюцца, у тым ліку ў інтарэсах абароны Расейскай Федэрацыі», - падае словы Лукашэнкі тэлеканал ОНТ.

«Мы не ўтойваем, што ў выпадку развязвання вайсковай агрэсіі супраць Беларусі, лічы і супраць Расеі, будзе ўжытая супольная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных сіл, паводле плану, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінутыя значныя сілы расейскага войска, у тым ліку значная колькасць расейскай авіяцыі. Але ў выпадку канфлікту або блізкага канфлікту», - сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што аэрадромы ў Беларусі ўтрымліваюцца ў нармальным стане і гатоўнасці прыняць сотні самалётаў, у тым ліку і Расейскай Федэрацыі для забеспячэння абароны Расеі ды Беларусі.

«Гэта значыць паднятая розгалас у сродках масавай інфармацыі мае, я мяркую, чыста палітычны характар», - заявіў Лукашэнка.

На ягоную думку, у выпадку размяшчэння расейскай базы на беларускай тэрыторыі Беларусь, як і Расея, будзе мець больш мінусаў, чым плюсаў.

Кіраўнік назваў відавочнымі няздольнасць і нежаданне лідараў вядучых дзяржаў несці адказнасць за свае пастановы.

«Пад фальшывымі лозунгамі пра пагрозы для сусветнай супольнасці і надуманымі прычынамі для насаджэння «дэмакратыі» знішчаныя Ірак ды Лібія. Паўночная Афрыка і Блізкі Усход пагружаныя ў хаос. Беспрэцэдэнтныя ў сваёй вытанчанасці крокі робяцца супраць Сірыі», - адзначыў правадыр.

«Вынікі такой «дэмакратызацыі» сумна вядомыя, - сказаў Лукашэнка. - Сёння мільёны мігрантаў рынулі на еўрапейскі кантынент, што стала вострай міжнароднай праблемай».

Дыктатар таксама выказаўся і пра падзеі ва Украіне.

«Перш за ўсё, нашую краіну не можа не закранаць крызіс ва Украіне, - мяркуе Лукашэнка. - Мы ведаем рэжысёраў і рэальных удзельнікаў учыненага там дзяржаўнага перавароту і распачатай пасля гэтага вайны».

Дыктатар падкрэсліў, што захоўваецца патэнцыял і актыўнасць радыкальных нацыяналістычных груповак, якія то тут, то там імкнуцца сілавымі метадамі змагацца за перадзел сфер уплыву ў бізнэсе. Расце злачыннасць і некантралюемы распаўсюд зброі. Адзначаюцца спробы яе ўвозу на нашую тэрыторыю.

Лукашэнка выказаў меркаванне, што відавочная замежнапалітычная пераарыентацыя нашай паўднёвай суседкі ў бок Захаду можа прывесці да размяшчэння на яе тэрыторыі замежных вайсковых кантынгентаў.

Напісаць каментар 117

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках