Расейскі самалёт з 217 пасажырамі разбіўся пасля вылету з Шарм-эль-Шэйха
159- 31.10.2015, 10:45
- 93,984
Абломкі самалёта выяўленыя на Сінайскай паўвыспе ў Егіпце.
Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на партал «Йоум 7». Месца катастрофы ачэпленае супрацоўнікамі сіл бяспекі Егіпта, з горада Эль-Арыш туды накіраваныя блізу 45 аўто хуткай дапамогі.
Прэм'ер-міністр Егіпта Ісмаіл Шарыф пацвердзіў падзенне расейскага самалёта Airbus 321 з 224 людзьмі на борце, перадае Reuters. Ён таксама паведаміў аб стварэнні спецыяльнага камітэта. У гэты момант прэм'ер праводзіць перамовы з кіраўнікамі занятых у ліквідацыі катастрофы службаў.
Расейскі авіялайнер цалкам разбураны ў выніку катастрофы, паведамляе Reuters. На месцы падзення расейскага лайнера Airbus выявілі чорныя скрыні.
На борце разбітага Airbus знаходзілася 17 дзяцей. Пра гэта паведамляе агенцтва са спасылкай на крыніцу ў Расавіяцыі. «На борце Airbus знаходзілася 200 дарослых пасажыраў і 17 дзяцей», - сказаў ён. Таксама на борце было сем чальцоў экіпажу.
На месцы падзення расейскага лайнера ў Егіпце знойдзены целы прыкладна 100 чалавек.
«Самалёт раскідаўся на дзве часткі. Мы вынялі сама менш 100 цел, іншыя (ахвяры) знаходзяцца ўнутры», - заявіў прадстаўнік егіпецкай службы выратавання.
Удзельнікі егіпецкай пошукава-выратавальнай брыгады, якія працуюць на месцы падзення расейскага лайнера, паведамілі аб тым, што з-пад абломкаў чутныя чалавечыя галасы.
На жаль, гэтая інфармацыя не пацвердзілася. У авіякатастрофе ніхто не выжыў.
Прычыны катастрофы
Названыя магчымыя прычыны катасірофы Airbus-321. Ён мог абрынуцца праз адмову рухавіка і страту кантролю над кіраваннем лайнера. Пра гэта паведамляе Sky News Arabia са спасылкай на крыніцы ў Каіры.
Пілот разбітага на Сінайскай паўвыспе ў Егіпце расейскага авіялайнера кампаніі «Кагалымавія» пасля ўзлёту запытаў змену маршруту і пасадку ў аэрапорце Каіра праз тэхнічныя непаладкі, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на крыніцу ў паветранай гавані Шарм-эль-Шэйха.
«Пасля ўзлёту самалёта пілот звязаўся з дыспетчарам і паведаміў аб тэхнічных непаладках, запытаў змену маршруту і пасадку ў аэрапорце Каіра, пасля гэтага сувязь перапынілася», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Акрамя таго, паводле звестак агенцтва, экіпаж некалькі разоў за тыдзень скардзіўся на праблемы з рухавіком.
Авіялайнер Airbus A321-231 EI-ETJ здзейсніў першы палёт у траўні 1997 года. Борт эксплуатуецца ўжо 18,6 года. Да MetroJet (авіякампанія «Кагалымавія») гэты самалёт эксплуатавала турэцкая авіякампанія Onur Air, а да яе - нацыянальная авіякампанія Лібанскай Рэспублікі Middle East Airlines.
Раней тэлеканал Sky News Arabia паведаміў, што расейскі самалёт, на борце якога знаходзіліся 217 пасажыраў, пацярпеў крах пасля вылету з Шарм-эль-Шэйха. Большасць пасажыраў былі грамадзянамі Расеі.
Як паведаміла крыніца ў Расавіяцыі, самалёт Airbus кампаніі «Кагалымавія» (яна ж MetroJet), які ляцеў з Шарм-эль-Шэйха ў Санкт-Пецярбург, знік з экранаў радараў праз 23 хвіліны пасля ўзлёту, піша Lenta.ru.
«Рэйс 9268, што выконваўся на Airbus-321«Кагалымавія», Шарм-эль-Шэйх - Санкт-Пецярбург, вылецеў а 06:21 (мск) і знік з экранаў радараў праз 23 хвіліны, на борце знаходзіліся 217 пасажыраў і сем чальцоў экіпажу», - сказаў суразмоўца.