2 траўня 2024, Чацвер, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зоркі сусветнага стрыт-арта размалююць у Менску шэсць дамоў і авіакаледж

1

Грэцкі графіціст намалюе чалавека ў вышымайцы, а беларускі мастак - папяровы самалёт, што захраснуў у галінах.

Толькі скончыўся фестываль гарадскога мастацтва Vulica Brasil, як ужо стартуе новы - Urban Myths. Праз месяц у горадзе з'явяцца сем новых графіці ад замежных і беларускіх майстроў. Фішка ў тым, што мастакі з Грэцыі, Італіі, Гішпаніі, Аўстраліі, Расеі і Украіны прыедуць без эскізаў. І прыдумаюць сюжэты толькі пасля таго, як пазнаёмяцца з Менскам. Беларусь на фестывалі прэзентуе пінскі мастак Mutus, піша kp.by.

- Усе яны вядомыя і значныя постаці стрыт-арта сваіх краін, - запэўнівае арганізатар праекта Алег Ларычаў. - Ёсць такая праблема: калі мастакі прыязджаюць у іншы горад, вельмі складана зрабіць працу, якая была б зразумелая мясцовым жыхарам. Адсюль ідэя праекта Urban Myths, дзе перад пачаткам працы мастакі маюць стасункі з людзьмі, шпацыруюць па вуліцах, а потым пад уражаннямі ад горада ствараюць эскіз.

На размалёўку сцен графіцістаў дадуць чатыры дні. Усяго за месяц фестывалю яны распішуць сем будынкаў, усе - у Кастрычніцкім раёне.

Мастакі па фатаграфіях загадзя выбіралі сабе месца для працы, аднак канчатковы спіс адрасоў будзе пазней. У асноўным гэта жылыя дамы, але, напрыклад, Mutus ужо распісвае сцяну Вышэйшага авіяцыйнага каледжа на вуліцы Аэрадромная, 4. Яго праца звязана з закрыццём аэрапорта «Менск-1». Сюжэт такі: папяровы самалёт, зроблены з газет, затрымаўся ў галінах, на газеце - навіна аб адкрыцці аэрапорта.

На Варанянскага, 13 ужо пачаў працу мастак з Грэцыі INO. Для яго напярэдадні была арганізаваная сустрэча з менчукамі, сабралася пад трыццаць чалавек. INO распавёў пра вулічнае мастацтва, паказаў свае працы.

- Менск вельмі прыгожы горад, чысты. Да таго ж у вас узрушаючая архітэктура, ёсць выдатная прастора для стрыт-арта, - адзначае мастак. - У вас яно яшчэ не камерцыялізавалася, як у іншых краінах, і можа па праве лічыцца ўнікальным.

На сцяне жылога дома, якую размалёўвае INO, з'явіцца выява безаблічнага чалавека ў вышымайцы са свечкай.

Украінскі мастак Аляксей Kislow для сваёй працы абраў будынак на Брылеўскай, 24.

Аўстралійскі стрыт-артшчык Guido van Helten упрыгожыць жылы дом на вуліцы Рабкораўскай, 17.

На Аэрадромнай, 5 з'явіцца графіці ад расейскага мастака Vitae Viazi.

Італьянец Millo размалюе сцяну жылога дома на вуліцы Жукоўскага, 11.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках