2 траўня 2024, Чацвер, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Кулакоў: Толькі вулічныя пратэсты могуць нешта змяніць

33
Леанід Кулакоў: Толькі вулічныя пратэсты могуць нешта змяніць
Фота: Reuters

Менскага таксіста Леаніда Кулакова называюць патрыётам.

Леанід Кулакоў - асоба цікавая. Просты таксіст, з'яўляецца актывістам «Еўрапейскай Беларусі», бярэ ўдзел у пратэстных пікетах і акцыях апазіцыі, пасля якіх нярэдка сядзіць на сутках. Прычым, як адзначае сам Леанід, да 50-гадовага ўзросту палітыкай ён наогул не цікавіўся, піша «Наша Нiва».

Кулакоў нарадзіўся ў Менску. У пяць гадоў, страціў бацькоў, трапіў у інтэрнат. Потым была служба ў флоце, штурманам у Севераморску. Падчас праходжання службы прыехаў у Менск у кароткі адпачынак і пазнаёміўся з жонкай. Справілі вяселле, Кулакоў даслужваў тэрмін ужо быўшы жанатым.

Пасля службы вярнуўся ў Беларусь: як кажа сам, не захацеў мяняць Менск на Мурманск.

У 1989-м у яго нарадзілася дачка.

«На выбары-94 я нават не хадзіў. Хто ў нас прэзідэнт, хто прэм'ер - мяне не цікавіла. Усе 90-я я быў зусім апалітычным, - кажа Кулакоў. - Я працаваў выканаўчым дырэктарам у арганізацыі, якая займалася экспартам тэхнікі: МАЗ, МТЗ. Мы дапамагалі разгружаць заводы. Але ў 2006 годзе прыватным фірмам забаранілі быць пасярэднікамі. І бізнэс наш разваліўся. Я пайшоў у таксісты».

І паволі, кажа Леанід, ён стаў разумець, што ў краіне не так усё і добра.

«У бытавым плане мяне ўсё больш-менш задавальняла. Зарабляў я нармальна, нават як таксіст. Але я пачаў разумець, што ўладу трэба мяняць. Нельга, каб адзін чалавек кіраваў столькі часу. Я сёння называю яго «Бульбашбашы», па аналогіі з Туркменбашы», - жартуе Леанід.

У 2006 годзе Кулакоў галасаваў за самага напорыстага кандыдата - Казуліна.

«Пасля выбараў Казулін заклікаў прысутных падтрымаць тых, каго павезлі на Акрэсціна. Ну, і я пайшоў. Там жорстка разганялі, я бачыў гэта на ўласныя вочы. [Маецца на ўвазе шэсце да ізалятара на Акрэсціна ў Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года, якое было разагнана сілавікамі. Сам Казулін быў затрыманы падчас разгону і змешчаны ў СІЗА. - рэд.]. І вось тады я задумаўся», - успамінае Кулакоў.

Як стаў «невыпадковым»

19 снежня 2010 г, прагаласаваўшы за Андрэя Саннікава, Кулакоў пайшоў на Плошчу. Стаяў у першых шэрагах, быў збіты міліцыянтамі. З яго слоў, страціў прытомнасць і ачнуўся толькі ў машыне хуткай, куды яго аднеслі неабыякавыя людзі. У прыёмным пакоі паведаміў, што яго збіла міліцыя на Плошчы. Лекары павінны паведамляць пра выпадкі збіцця. Адпаведна, міліцыянты прыехалі і павезлі Леаніда, але ён адчуваў сябе вельмі дрэнна, не разумеў, што яны ад яго хочуць. Неўзабаве яго адпусцілі.

«А праз пару дзён я чуў, як па ТВ казалі, што кожны, хто быў на Плошчы, будзе сядзець у турме. І тут мне патэлефанавалі, сказалі, каб я прыйшоў у міліцыю. Усё, думаю. Сабраў сабе пакет - цёплыя рэчы, печыва, лук - пайшоў. Жонку папярэджваць не стаў», - кажа Кулакоў

Але пасля доўгага допыту яго адпусцілі.

«А потым, ужо ў студзені 2011 года, я выпадкова даведаўся, што праводзіцца пікет каля будынка КДБ у падтрымку тых, каго затрымалі на Плошчы. Я вырашыў пайсці: мне было шкада людзей, якіх арыштавалі ні за што, - распавядае Кулакоў. - Прыйшоў. А я ж не ведаў нікога. Спачатку прыбіўся да журналістаў - думаў, гэта і ёсць пікет. Потым заўважыў, што прыйшла група людзей з партрэтамі палітвязняў. Падышоў, папрасіў партрэт Саннікава. Далі. Стаю, трымаю».

Неўзабаве пікетоўцаў затрымала міліцыя. Дзень Леанід правёў у камеры. Разам з ім быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Яны пазнаёміліся, пагутарылі. Затым - кароткі суд.

«Суддзя мне казаў: «Вы ж выпадковы чалавек тут».

А я адказаў: «Адчуваю, што буду ўжо не выпадковым», - смяецца Кулакоў.

Леаніду прысудзілі штраф. Калі вярнуўся дадому, жонка не паверыла, што ноч прабыў у міліцыі - была ўпэўненая, што без якой-небудзь палюбоўніцы не абышлося. Потым, калі пераканалася, што муж не хлусіць, спытала: «І што? І чаго ты гэтым дамогся?»

Два сцяжкі

«Жонка ніколі не ўхваляла таго, што я раблю. Яна думае гэтак жа, як і я, але баіцца. Нават сёння кажа мне: «І што? Які сэнс у тваіх акцыях?» Затое дачка падтрымлівае. Яна ўжо дарослая, замужам. Жыве ў Еўропе. І вось яна заўсёды за мяне», - распавядае Леанід.

Пасля сутак у студзені 2011 года ён адшукаў Вінярскага. Знаёмства прадоўжылася. Першы час Кулакова не клікалі на акцыі і пікеты. Але паціху ён пачаў хадзіць на дазволеныя мерапрыемствы: Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях. Падчас акцый Леанід стараўся трымацца Вінярскага.

«Так і ўліўся», - кажа Кулакоў.

Пачаў хадзіць на акцыі ў падтрымку палітвязняў, акцыі салідарнасці з Украінай. Адпаведна, стаў трапляць на суткі. У выніку - прапускае працоўныя змены.

«Кіраўніцтва фірмы, дзе я працую, ставіцца да мяне з разуменнем. Тут мне пашанцавала», - кажа Кулакоў.

У салоне яго машыны два сцяжкі: беларускі бел-чырвона-белы і ўкраінскі. Некаторыя кліенты праз гэта не хочуць да яго садзіцца. Але часцей наадварот, згледзеўшы сцяжкі ў салоне, з шэрагу таксі выбіраюць менавіта машыну Кулакова.

Смурод і холад

Леаніду Кулакову - 55 гадоў. Здавалася б, у такім узросце праводзіць па некалькі сутак за кратамі няпроста. Але ён ставіцца да гэтага па-філасофску.

«За свае канстытуцыйныя правы я выходзіў і буду выходзіць. І за гэта я не баюся ніякіх рэпрэсій. За нашу агульную свабоду мне не шкада на час страціць свабоду сваю ўласную. І я разумею, і не выключаю, што аднойчы гэта ўсё можа скончыцца сур'ёзным тэрмінам. Але я гатовы. Бо рана ці позна павінна нешта змяніцца. Павінна", - упэўнены Леанід.

Цяжэй за ўсё, кажа ён, было ў Смалявіцкім ізалятары часовага ўтрымання, дзе ў траўні гэтага года Леанід адбываў 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Кулакоў быў абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся 25 красавіка на Кургане Славы. Там ён знаходзіўся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Акупанты, прэч». Суддзя Ліна Бародзіч прызнала Кулакова і арганізатарам, і ўдзельнікам «масавага» мерапрыемства - адзіночнага пікету.

«Камера маленькая, у склепе, у ёй паўзмрок, сцены і падлога - бетонныя. «Шконкі» з металу. Дзённага святла няма. Замест туалета стаяла 10-літровае вядро. Смурод пастаянны было жудасна, мяне ўвесь час каламуціла. І ў гэтай смуродзе мы з сакамернікам елі, - успамінае Кулакоў. - Памяшканне вельмі халоднае. Мяне забралі з дому, я быў лёгка апрануты, і мяне ўвесь час там трэсла ад холаду. Калі зачыніць акенца, будзе трошкі цяплей, але будзе стаяць смурод. Калі акно адкрыць, смурод трохі знікае, але будзе холадна. Я называў гэта «камерай катаванняў».

Але, кажа Леанід, супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да яго нармальна: хоць на прагулкі і не выводзілі, але заўсёды звярталіся да яго па бацьку і на вы, рэгулярна прыносілі кіпень, каб зняволеныя не змерзлі канчаткова.

«Яшчэ мяне называлі патрыётам. Бо на Кургане нехта напісаў: «Свабоду Надзеі Саўчанцы!». І калі мяне на судзе спыталі, ці не ведаю я, хто гэта зрабіў, я адказаў: «Вядома, ведаю! Патрыёты!» - усміхаецца Кулакоў.

Штрафы выплачвае са свайго заробку. Жартуе, што ў нармальнага мужыка «заначка» на палюбоўніцу, а ў яго - на штрафы за ўдзел у палітычных акцыях.

Улада баіцца толькі рабочых

З 2010 года Леанід - актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». У апазіцыйныя партыі яго клікалі, але нікуды ён так і не ўступіў.

«Я галасаваў за Саннікава. І ўступаць у іншую партыю я палічыў здрадай. Гэта няправільна», - кажа ён.

На маючых адбыцца выбарах Кулакоў будзе назіральнікам. Але сам галасаваць не збіраецца. Прычым адзначае, што за цяперашніх кандыдатаў ён і на Плошчу б не выйшаў.

Што-небудзь зменіцца, уважае ён, толькі тады, калі ўвесь народ пакажа, што незадаволены тым, што адбываецца ў краіне.

«Інакш улада нічога нікому не дасць зрабіць. Народ павінен выйсці на вуліцы, выйсці на плошчы, мірна, - упэўнены Кулакоў. - Павінны выйсці рабочыя, каб спыніліся заводы і фабрыкі. Толькі вулічныя пратэсты могуць нешта змяніць».

Леанід Кулакоў, Фота Сяргея Гудзіліна.
Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках