3 траўня 2024, Пятніца, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Пуцін прывёў Расею да міжнароднай ізаляцыі

2
Барак Абама: Пуцін прывёў Расею да міжнароднай ізаляцыі

Дзеянні Уладзіміра Пуціна вядуць толькі да падзення пазіцый Расеі як гульца на міжнароднай арэне.

Усё, што ён зрабіў на сваёй пасадзе - стварыў Расеі не занадта добрую рэпутацыю. Пра гэта распавёў прэзідэнт ЗША Барак Абама ў Вашынгтоне, калі яго папрасілі пракаментаваць меркаванне, быццам Пуцін яго «падолеў», паведамляе "Лiга.нет".

«Мяне здзіўляе, як моцна людзі ў гэта вераць, і не толькі мае ўласныя крытыкі», - сказаў Абама.

Ён нагадаў, што, калі стаў прэзідэнтам у 2008 годзе, ЗША перажывалі наступствы сур'ёзнага сусветнага фінансавага крызісу і адначасова ўдзельнічалі ў двух войнах, прычым практычна ў адзіночку. Пазіцыя Амерыкі у той момант была прыкладна на ўзроўні з пазіцыямі РФ і ніжэй пазіцый Кітая, а колькасць працоўных месцаў у краіне скарачалася на 800 тысяч у месяц. Калі да ўлады прыйшоў Пуцін, эканоміка РФ расла і ўрад меў намер яе дыверсіфікаваць.

«Гэтыя бліскучыя ініцыятывы прывялі да таго, што сёлета эканоміка РФ скароціцца на 4%», - адзначыў Абама. Ён нагадаў пра ізаляцыю РФ, пра санкцыі, якія зыходзяць не толькі ад ЗША, але і ад краін, якія калісьці былі бліжэйшымі гандлёвымі партнёрамі Расеі. «Сябры Пуціна на Блізкім Усходзе - гэта толькі Лівія і Сірыя, Кадафі і Асад, а гэтыя дзяржавы цяпер распадаюцца на часткі. І каб выратаваць рэжым Асада, Пуцін накіроўвае ў Сірыю зброю і жаўнераў, такім чынам рызыкуючы пасварыцца з усім суніцкім светам», - сказаў прэзідэнт ЗША.

Таму Расея не становіцца мацнейшай ад дзеянняў яе кіраўніцтва, яна проста атрымлівае больш увагі, працягнуў Абама. «І я прапаноўваў - як больш моцны гулец, таму што гэта не мы знаходзімся пад санкцыямі і не наш УБП змяншаецца на 4% - шлях вяртання РФ да росту і павелічэння дабрабыту яе грамадзян», - сказаў ён.

Дзеянні ж Пуціна вядуць толькі да росту яго рэйтынгу ўнутры краіны. «Гэта лёгка, калі ёсць кантраляваныя дзяржавай медыя», - нагадаў прэзідэнт ЗША. Але гэта не занадта мудра, мяркуе ён.

Характар дзеянняў РФ у Сірыі такі, што большасць сірыйцаў уважаюць рускіх ворагамі, а суніты ўсяго Блізкага Усходу бачаць у Пуціне таго, хто скінуў бомбы на дзяцей. І Пуціну варта было б занепакоіцца гэтым пытаннем, таму што ў яго ўласнай краіне - значная ісламская абшчына, нагадаў Абама.

Ён падкрэсліў, што не ўдзельнічае ні ў якім спаборніцтве з Пуціным і хоча, каб РФ была паспяховай краінай, эфектыўным і адказным гульцом на міжнароднай арэне, разам з Кітаем, Японіяй, ЕЗ. «Я спадзяюся, Пуцін зразумее, што падтрымка Асада - не надта ўдалая доўгатэрміновая стратэгія», - сказаў прэзідэнт ЗША. Ён таксама спадзяецца, што РФ нарэшце пачне ставіцца з павагай да тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны. А да таго часу адрозненні і напружанасць паміж ЗША і РФ непазбежныя.

Разам з тым Абама не мае намер выкарыстоўваць Сірыю як месца бітвы паміж ЗША і РФ. Гэта бітва РФ, Ірана і Асада з большасцю грамадзян Сірыі. «А мы змагаемся з ІД, разам з міжнароднай супольнасцю, якія імкнецца спыніць кровапраліццё і пакласці канец крызісу ўцекачоў і даць магчымасць людзям жыць у сябе дома, гадаваць хлеб, абараняць сваіх дзяцей і адпраўляць іх у школы. Гэта не шахматная партыя звышдзяржаў», - сказаў на заканчэнне Абама.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках