2 траўня 2024, Чацвер, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гурт «J: морс» прадэманстраваў кліп на новую песню «Паветра»

Першы за пяць гадоў поўнафарматны альбом гурта выйдзе гэтай восенню, а яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 13 лютага ў Менску.

Сёння ж адбылася прэзентацыя загалоўнай песні з альбома, паведамляе «Радыё Рацыя».

«Гэтая песня пра нас, пра людзей, пра простыя, але важныя рэчы, - распавёў лідар гурта Уладзімір Пугач. - Я яе прыдумаў даволі даўно, але некалькі гадоў не вяртаўся да яе. Не было настрою спяваць аб паветры. Цяпер жа яна цалкам адлюстроўвае наш стан: пераадоленыя ўсе творчыя турбацыі, і мы зноў дыхаем на поўныя грудзі. Таму і альбом атрымаў такую назву».

Песня стала саўндтрэкам да фільма «Ро і Дж», які на студыі «Чырвоны баян» знялі рэжысёр Яўген Лыткін і аператар Максім Малахаў. Стужка распавядае рамантычную гісторыю хлопца і дзяўчыны, якія воляй лёсу павінны знайсці дарогу адзін да аднаго. Уласна, у кліпе можна ўбачыць першыя афіцыйныя кадры праекта яшчэ да яго прэм'еры, прызначанай на пачатак 2016 года. Галоўныя ролі выканалі Алеся Грыбок і Георгій Пятрэнка.

«Музыка «J: морс» ідэальна трапляе ў настрой фільма, - кажа рэжысёр Яўген Лыткін. - Тым больш прыемна, што хлопцы адразу пагадзіліся падтрымаць наш праект. А тое, што нам аддадуць загалоўную песню свайго новага альбома, мы наогул ніяк не чакалі».

Папярэдні альбом «J: морс» «Электрычнасць» выйшаў у лістападзе 2010-га. Самым свежым на гэты момант дыскам гурта з'яўляецца зборнік рарытэтаў «Фотаздымкі 2003-2014», выпушчаны ў чэрвені 2014-га.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках