3 траўня 2024, Пятніца, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тамара Сяргей: Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах

18
Тамара Сяргей: Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах
Тамара Сяргей

Хамскае стаўленне да людзей ды іхняга правах - дырэктыўная пагроза бяспецы краіны.

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах» звярнуліся ў грамадскую прыёмную Аляксандра Лукашэнкі з заявай, што ў Лукашэнкі «няма права на галоўную дзяржаўную пасаду», паведамляе «Радыё Свабода».

Заяву падпісалі 27 актывістаў. Гэта іх 42-гі зварот да Лукашэнкі. Падпісчыкі безвынікова спрабуюць развязаць надзённыя жыццёвыя праблемы, жыллёвыя ды іншыя ў кабінетах чыноўнікаў, судах і пракуратуры. Аднак ва ўладных структурах людзям адмаўляюць нават у пісьмовых адказах на закранутыя праблемы. А каб іх не развязваць - спыняюць перапіску, распавяла юрыст, каардынатар ініцыятывы Тамара Сяргей:

«За ўсе гэтыя гады мы прыйшлі да высновы, што Аляксандр Рыгоравіч не мае права чарговым разам прэтэндаваць на гэтую высокую пасаду. Бо замест развязання праблем усе гэтыя гады чыноўнікі спынялі перапіску, запалохвалі нас, затрымлівалі, судзілі, штрафавалі і пагражалі зняволеннем. Усё гэта толькі за тое, што мы звярталіся да іх, каб развязаць створаныя імі ж праблемы! І толькі за гэта нас пераследуюць. Дык што ж будзе далей?

Аляксандр Рыгоравіч 22 гады займае высокую дзяржаўную пасаду. Фактычна, ён гаспадар, адзіны гаспадар ўсёй краіны. А мы што - рабы? Мы цалкам бяспраўныя ў сваёй краіне. Таму мы напісалі наш зварот на дзвюх дзяржаўных мовах і папрасілі супрацоўніцу прыёмнай перадаць іх кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Лукашэнку. А яна нам звыкла сказала, што мы атрымаем адказ, куды наш зварот накіраваны. Гэта азначае, што «Грамадская прыёмная кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі» існуе для таго, каб звароты накіроўваць не кандыдату, а каб адпраўляць гэтыя звароты ў дзяржаўныя органы. Але гэтая прыёмная кандыдата ў прэзідэнты ёсць для таго, каб ён прымаў звароты грамадзян, аналізаваў іх і рабіў высновы. Тым больш што ён дзейны кіраўнік. Непасрэднай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам мы спрабуем дамагчыся з 2007 года. Мы выкарыстоўвалі ўсе прававыя метады і нават публічныя вулічныя акцыі.

Кіраўнік дзяржавы кажа, што ў нас краіна невялікая і ён ведае ўсё, што адбываецца. Значыць, ён ведае і пра нашу групу, але ніякага станоўчага выніку гэта не мае. Значыць, яму гэта выгадна, каб парушаліся канстытуцыйныя правы грамадзян, а кіраўнік дзяржавы мае ў гэтым свой інтарэс».

Адзін з заяўнікаў - Васіль Хацько, які з 2007 года судзіцца з дзяржаўнымі структурамі за зруйнаваны дом на праспекце Дзяржынскага ў Менску, так пракаментаваў прававое становішча грамадзян краіны:

«Такое хамскае стаўленне да людзей ды іхных правоў - дырэктыўная пагроза бяспецы краіны».

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах», каб прыцягнуць увагу грамадскасці да прававога становішча грамадзян, правялі 24 верасня пікет на плошчы Свабоды ў Менску. Акцыі пратэсту актывісты ініцыятывы праводзілі і напярэдадні мінулых «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках