2 траўня 2024, Чацвер, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскім медыкам устанавілі «план па смяротнасці»

48
Менскім медыкам устанавілі «план па смяротнасці»

Айчынная ахова здароўя парадавала ўражлівым ноў-хаў.

Нашы чыноўнікі дастаткова рэгулярна дэманструюць такі палёт думкі, што ўводзяць простых смяротных у ступар. Дастаткова ўспомніць праславутую пастанову Саўміна №666. Або яшчэ раней спробу ўрада заканадаўча ліквідаваць усіх пасярэднікаў у нашых краях.

Вынаходлівасцю, накіраванай на тое, каб «прыціснуць» бізнэс, у Беларусі ўжо нікога не здзівіш. Гэты крэатыў прыносіць выключна адмоўныя эмоцыі. Але бываюць выпадкі, калі здабыткам грамадскасці становяцца дакументы іншага тыпу. Так бы мовіць, чыстая фантазія без прымешкі якой-небудзь карысці.

Дагэтуль складана забыць прынятую Саўмінам у 2006 годзе пастанову №1061 «Аб парадку вядзення і апублікавання пераліку тэрарыстычных арганізацый». Урад наважыў упарадкаваць баевікоў цалкам.

Між іншым, у пераліку павінны змяшчацца наступныя звесткі: найменне тэрарыстычнай арганізацыі, рэгістрацыйны нумар і дата рэгістрацыі (! - Я.Б.), назва рэгіструючага органа, месца знаходжання і юрыдычны адрас тэрарыстычнай арганізацыі, а таксама «прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка, галоўнага бухгалтара арганізацыі і (або) iншай упаўнаважанай службовай асобы»!!!!

Але не ўсё ж аднаму кабінету міністраў гарэзаваць. Сярэдняе звяно таксама мае права на нестандартныя пастановы. На днях у распараджэнні «Салідарнасці» апынуўся дзівосны дакумент з сумнай назвай «Пратакол вытворчай нарады галоўнага лекара УАЗ «34-я ЦКРП Савецкага раёна г.Менска з кіраўнікамі ўстаноў аховы здароўя раёна». Але яго варта было чытаць дзеля аднаго толькі 10-га пункта:

«Паводле вынікаў працы за 8 месяцаў колькасць памерлых па раёне не павінна перавысіць 1030 чалавек, у тым ліку 13-я ГП - 325 чал., 30-я ГКП - 343 чал., 34-я ЦКРП - 362 чал.».

Як жа проста аказваецца можна развязваць дэмаграфічную праблему! Не ўпісаўся ў выдзеленую на 8 месяцаў «квоту на смерць» - трывай, як мінімум, да верасня. А там, глядзіш, і ачуняеш.

Каб высветліць, наколькі шырока распаўсюджаны такі падыход, журналісты паказалі пратакол лекарам, якія працуюць у двух іншых раёнах сталіцы. Медыкі зарагаталі і сказалі, што ў іх такіх «планаў па смяротнасці» (гэта было іх вызначэнне, а не журналісцкае) не існуе. Так што, першаадкрывальнікам гэтай практыкі пакуль можа лічыцца Савецкі (што сімвалічна) раён Менска.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках