20 красавiка 2024, Субота, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: Я - прадстаўніца беларускага свету

89
Святлана Алексіевіч: Я - прадстаўніца беларускага свету
Святлана Алексіевіч
ФОТА: «Радыё Свабода»

Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры дае прэс-канферэнцыю ў Менску.

Відэатрансляцыю вядзе "Радыё Свабода".

Святлана Алексіевіч - першая беларуска, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. Яна нарадзілася 31 траўня 1948 года ў Станіславе (цяпер - Івана-Франкоўск, Украіна). Бацька - беларус, маці - украінка. Пазней сям'я пераехала ў Беларусь. У 1965 годзе скончыла сярэднюю школу ў Капаткевічах Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Працавала выхавальніцай, настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы ў школах Мазырскага раёна, журналісткай газэты "Прыпяцкая праўда" ў Нароўлі. У 1972 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ, працавала ў некалькіх газэтах.

Вядомасць Святлане Алексіевіч прынёс дэбютны раман "У вайны - не жаночы твар", які з'явіўся ў 1983 годзе. Іншыя вядомыя творы пісьменніцы - "Цынкавыя хлопчыкі" (пра вайну ў Афганістане), "Чарнобыльская малітва" (аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС), "Час сэканд-хэнд".

Творчасць Святланы Алексіевіч у Беларусі фактычна знаходзіцца пад забаронай, ейныя кнігі практычна не выдаваліся. Сама пісьменніца была вымушаная раней з'ехаць з краіны праз канфлікт з уладамі. З пачатку 2000 гадоў яна жыла ў Італіі, Францыі, Нямеччыне. Вярнулася ў Беларусь толькі ў 2013 годзе.

На прэс-канферэнцыі Святлана Алексіевіч заявіла аб падтрымцы ўкраінскага народа ў яго барацьбе з акупантамі. "Я не люблю гэтыя 84% расейцаў, якія заклікаюць забіваць украінцаў, - сказала яна. - Я люблю "расейскі свет" літаратуры і навукі, але не паважаю "расейскі свет Пуціна і Сталіна". "Я вельмі люблю і Украіну. Я была на Майдане і плакала над фатаграфіямі Нябеснай Сотні", - заявіла пісьменніца.

"Я - прадстаўніца беларускага свету", - сказала яна.

Святлана Алексіевіч адзначыла, што ніхто з прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, яе не павіншавалі з атрыманнем прэміі. "Павіншаваў расейскі міністр культуры", - сказала яна.

ФОТА: AP/SERGEI GRITS

"Беларуская ўлада робіць выгляд, што мяне няма. Мяне не друкуюць, я не магу нідзе выступаць. Ва ўсякім выпадку, я не памятаю, каб з БТ мне тэлефанавалі. Лукашэнка таксама. Вельмі карысна часам чытаць... Недзе дзве гадзіны прамінула , як абвясцілі, і лістоў 200 я атрымала. І адзін вельмі добры хлопец напісаў - вось цікава, як павядзе сябе Лукашэнка. Домрачавай ён даў героя Рэспублікі Беларусь. А што ён цяпер будзе рабіць?" - сказала Святлана Алексіевіч.

Пісьменніца распавяла і пра сваё стаўленне да ўдзелу Расеі ў канфлікце ў Сірыі. На ейную думку, Пуцін вядзе сваю краіну да "другога Афганістану".

Яна таксама адзначыла, што цяпер "цяжка быць сумленным чалавекам". "Трэба не паддавацца гэтаму згодніцтву, на якое таталітарная ўлада вельмі разлічвае", - сказала Алексіевіч. Яна падкрэсліла, што чалавекам застацца "заўсёды страшна, заўсёды складана, але трэба мець гэтую мужнасць", піша БелаПАН.

Пісьменніца заявіла, што яна на выбары не пойдзе. Таксама Святлана Алексіевіч выказалася супраць стварэння ў Беларусі расейскай авіябазы, перадае "Еўрарадыё"

"Давайце паспрабуем жыць годна. Усе. Давайце будзем ісці разам. Але ў той жа час я супраць рэвалюцый. Я не хачу, каб хоць адно жыццё было страчанае. Мы павінны знайсці свой беларускі "гандызм", - сказала яна. - Я не барыкадны чалавек, мне барыкады не падабаюцца. Але час цягне на барыкады, бо сорамна за тое, што адбываецца".

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках