8 траўня 2024, Серада, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння Беларусь мае значэнне

9
Сёння Беларусь мае значэнне
Андрэй Саннікаў

Вынік, які прадказвалі букмекеры, шакаваў

Беларуская пісьменніца, Святлана Алексіевіч, атрымала Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Аднак гэта быў шок у добрым сэнсе. Напярэдадні я забараняў сабе думаць аб будучым выраку Нобелеўскага камітэта, шчыра спадзеючыся, што Святлана пераможа, але сумняваючыся, што маё жаданне збудзецца.

Я быў настроены скептычна, бо я ўвесь час чуў ад палітыкаў і інтэлектуалаў: «Мы разумеем вашыя праблемы, вашыя пакуты і вашую трагедыю, але ў свеце ёсць больш важныя рэчы, чым Беларусь».

Сёння няма нічога важнейшага за Беларусь, бо мая зямлячка ўганараваная найвышэйшай узнагародай у галіне літаратуры. Гэта дае мне надзею на тое, што людзі, занятыя «больш важнымі праблемамі», па-іншаму зірнуць на Беларусь.

Кнігі Святланы нельга назваць лёгкімі для чытання. Яна піша пра жанчын на вайне і тэхнагенныя трагедыі, такія як аварыя на Чарнобыльскай АЭС; пра жыццё людзей, скалечаных савецкім уварваннем у Афганістан (вітанні, Расея ў Сірыі); пра змены ў жыцці людзей, якія перажылі распад СССР, але не распад «імперыі зла». Яна таксама адважна шукае адказ на самае цяжкае пытанне аб тым, што адбываецца з намі цяпер. Калі яна не можа выказаць меркаванні наконт якога-небудзь пытання, яна не саромеецца пра гэта заявіць.

Я задаў ёй пытанне аб яе апошняй кнізе «Час сэканд хэнд», якая мае падзагаловак «Канец чырвонага чалавека», хто ж, на думку Святланы, прыйшоў на змену гэтай чырвонай істоце?

Яна адказала, як заўсёды сумленна.

«Чалавек, які толькі што перажыў вельмі сур'ёзную хваробу, і я не ведаю, ці можна яго ў гэтым вінаваціць. Гэта нейкі такі вульгарны перыяд. Постсавецкі чалавек хоча паспрабаваць кулінарныя далікатэсы, з'ездзіць у Егіпет адпачыць, гэта значыць, гэта пакуль чалавек, які жыве матэрыяльным светам. Мяне ўвесь час уражвала, што, калі едзеш праз Літву, спынішся і пачынаеш гаварыць там з людзьмі, яны імгненна ўключаюцца ў палітычную гутарку - аб свабодзе, аб інтэлектуальных рэчах. Калі едзеш па нашых вёсках, мужыкі кажуць: якая свабода, вось усяго досыць, якой хочаш каўбасы, якой хочаш гарэлкі. А калі спрабуеш выцягнуць яго на нейкую размову, на цябе глядзяць, як на іншапланетніка.

Але я кажу сабе, сваім сябрам - не трэба адчайвацца. Трэба шмат працаваць і многае тлумачыць».

Яе творчасць патрабуе вялікай мужнасці. Святлана прапускае праз сябе эмоцыі іншых людзей. А ўлічваючы іх жыццёвы досвед, можна сказаць, што гэта не заўсёды прыемныя эмоцыі і не заўсёды прыемныя людзі. Аднак, яна па-майстэрску падае нам сваіх суразмоўцаў, захоўваючы пры гэтым некранутым сваё я. Падабаецца вам яе стыль ці не, вы будзеце яе слухаць. Яна добры прамоўца і займальны суразмоўца, які здольны быць адначасова метафарычным і вельмі дакладным у сваіх выказваннях. Гэта відаць і ў назвах яе кніг - «Час сэканд хэнд».

Святлана магла б рабіць выдатныя журналісцкія расследаванні - настолькі добра ў яе атрымліваецца знайсці патрэбнага чалавека і «разгаварыць» яго. Падчас размовы яна можа перапыніць вас, спытаўшы пра штосьці на першы погляд неістотнае. Аднак затым размова ўжо ідзе ў патрэбным ёй рэчышчы.

Сёння я шчаслівы і ганаруся Святланай - з літаратурных, нацыянальных і асабістых прычын. Некаторы час таму Святлана прачытала маю будучую кнігу, якая ёй спадабалася, і да якой яна нават напісала прадмову. Кніга называецца «Мая гісторыя: беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры». («Амерыканкай» называецца самая страшная турма КДБ у Беларусі). Яе падтрымка дапамагла мне прадоўжыць працу над кнігай, калі я не быў упэўнены, што змагу.

Я ўдзячны Нобелеўскаму камітэту за прысуджэнне прэміі Святлане Алексіевіч, бо яны правільна ацанілі тое, што адбываецца сёння ў Беларусі. Дыктатар, які знаходзіцца ва ўладзе цягам 21 года, збіраецца праз некалькі дзён пераабрацца з дапамогай зладжанага для Захаду пацёмкінскага тэатра, дзе ён выстаўляе сябе карысным хаўруснікам супраць Уладзіміра Пуціна. І ўсё гэта ён робіць для таго, каб дамагчыся зняцця санкцый і захаваць свой рэжым. Сярод усіх рэпрэсій, крывадушнасці і нізасці, якія зазнаюць беларусы, мы раптам чуем голас, які аўтарытэтна заяўляе: «Мы з вамі. Вы не забытыя. У свеце ўсё яшчэ ёсць каштоўнасці. А ў вас ёсць Святлана».

Андрэй Саннікаў, «The Daily Beast»

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках