8 траўня 2024, Серада, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На ЧС у армрэстлінгу беларусы здабылі тры медалі

6
На ЧС у армрэстлінгу беларусы здабылі тры медалі

Тры медалі прывезлі беларускія спартоўцы з 37-га чэмпіянату свету ў армрэстлінгу, які праходзіў з 27 верасня да 4 кастрычніка ў Куала-Лумпуры (Малайзія).

У спаборніцтвах бралі ўдзел 764 рукаборцы з 50 краін, паведаміў 9 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Берасці Віктар Братчэня, які здабыў на чэмпіянаце два залатыя медалі (на правую і на левую рукі). Ён выступаў сярод паралімпійцаў у вагавой катэгорыі да 80 кілаграмаў, паведамляе «Наша ніва» са спасылкай на БелаПАН.

Паводле ягоных слоў, яшчэ залаты медаль на гэтым сусветным першынстве (на левую руку) сярод ветэранаў у вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў у Сяргея Сергеля з Баранавічаў. Агулам на спаборніцтвах выступала пяць беларускіх атлетаў.

«Цяпер я дзесяціразовы чэмпіён свету. Гэтую мэту я паставіў перад сабой шмат гадоў таму, - сказаў Братчэня. - Цяпер я хачу стаць дваццаціразовым уладальнікам узнагароды найвышэйшай пробы на сусветным першынстве, таму давядзецца яшчэ папяцца».

Ён адзначыў, што ў Куала-Лумпуры выйшаў у фінал на правую руку з адной паразай. «Гэта была тактычная параза. Я адчуў, што магу атрымаць траўму. І цяпер можна казаць: зрабіў правільна», - выснаваў Братчэня.

Ён падкрэсліў, што на чэмпіянат свету паехаў адразу пасля ўдзелу у сусветных гульнях IWAS, якія праходзілі ў Сочы.

«Упершыню ў праграму гульняў быў уключаны армрэстлінг. І я не мог іх прапусціць. Там меў два срэбныя медалі: на правую і на левую рукі, - дапоўніў Братчэня. - На гэтых гульнях я выступаў адзін ад Беларусі. Дарэчы, у армрэстлінгу ў нашай краіны трэцяе агульнакаманднае месца. Так што і адзін у полі ваяка».

Братчэня распавёў, што надоечы ён атрымаў запрашэнне з Амэрыкі ўзяць удзел у сакавіку 2016 года ў міжнародным спартовым фэсце Arnold Classic, які праводзіць Арнольд Шварцэнэгер. «Пакуль там не было ніводнага прадстаўніка з нашай краіны. Буду размаўляць з фундатарамі, і калі выпадзе, абавязкова паеду», - заявіў спартовец.

Дапоўнім, што 30-гадовы Віктар Братчэня жыве ў паселішчы Матыкалы Берасцейскага раёна, пачаў займацца спортам у 15 гадоў. Ён заслужаны майстар спорту. Трэнуецца дома, дзе ў яго абсталяваная спартыўная зала. Цяпер у Братчэні 20 залатых, 13 сярэбраных і 6 бронзавых медалёў, здабытых на чэмпіянатах свету і Еўропы, а таксама на кубках свету.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках