2 траўня 2024, Чацвер, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забойцу лідскіх прадавачак прысудзілі да расстрэлу

33

20 лістапада Гарадзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Кулеша да смяротнага пакарання.

Мужчына прызнаны вінаватым у забойстве трох прадавачак у Лідскім раёне, а таксама ў крадзяжы і разбоі.

Абвінавачаны адмовіўся даць паказанні ў судзе, а таксама выступіць з апошнім словам. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года ён забіў двух жанчын-прадавачак у Лідзе і скраў з крамы грошы і тавары на суму больш за 37 млн. рублёў (ч. 2 арт. 205; ч. 2 арт. 207; ч. 3 арт. 207; пп. 1, 6, 12 ч. 2 арт. 139; пп. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139; ч. 1 арт. 14; пп. 8, 16 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса ).

У лістападзе 2014 года, паводле звестак следства, падсудны забіў яшчэ аднаго прадаўца ў вёсцы Сялец Лідскага раёна - нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і скраў з крамы грошы і тавары. Акрамя таго, Іван Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на сына прадавачкі, які заспеў яго ў краме.

Раней Кулеш быў двойчы судзімы за крадзеж і разбой, а таксама загадзя ілжывы данос. На момант узяцця пад варту афіцыйна нідзе не працаваў, паведамляе БелаПАН.

Падчас першых дзён судовага пасяджэння адвакат Міраслаў Карэцкі адзначаў: яго падабаронны ўважае, што яго прысудзяць да смяротнага пакарання, і не збіраецца абскарджваць прысуд. Абаронца прасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі, улічваючы, што Кулеш падпісаў прыход з павіннай і супрацоўнічаў са следствам.

«Як бы мы ні ставіліся да Куляша, яго прыход з павіннай дазволіў следству раскрыць злачынства аб забойстве двух прадавачак у 2013 годзе. Гэта злачынства цягам года не было раскрытае, і невядома, што было б, калі б Кулеш ва ўсім не прызнаўся», - адзначыў абаронца падчас спрэчак у судзе.

Тым не менш судовая калегія пад старшынствам Анатоля Зайца палічыла довады абвінавачвання больш пераканаўчымі і прысудзіла Івана Кулеша да расстрэлу.

Гэта другі смяротны прысуд у 2015 годзе: 18 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова да вышэйшай меры пакарання, малады чалавек прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны. Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд.

Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. З пачатку 1990 да вышэйшай меры было прыгаворана больш за 400 асуджаных.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках