26 красавiка 2024, Пятніца, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паводле факту збіцця аднаго з «графіцістаў» завялі крымінальную справу

5
Паводле факту збіцця аднаго з «графіцістаў» завялі крымінальную справу

Фігурант «справы графіцістаў» Вячаслаў Касінераў даведаўся пра крымінальную справу ў дачыненні да праваахоўніка, які яго затрымліваў.

Вячаслаў Касінераў днямі атрымаў паведамленне аб распачынанні крымінальнай справы паводле факту прычынення менш цяжкага цялеснага пашкоджання пры жорсткім затрыманні яго супрацоўнікамі САХР (спецыяльны аддзел хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі) 11 жніўня гэтага года, піша ПЦ «Вясна».

Фігурант у «справе графіцістаў» узгадвае, што праз два-тры тыдні пасля таго, як яго выпусцілі з лякарні, а зламаная сківіца ўсё яшчэ была зашынаваная, Вячаслава выклікала следчая Ю.Грамадская, якая вельмі доўга і падрабязна распытвала, як адбывалася ягонае затрыманне.

«Рознымі падказамі спрабавалі вывесці мяне на тое, што, магчыма, мяне выпадкова зачапілі, калі адчынялі дзверы, можа я недзе там паслізнуўся і зламаў сківіцу аб лесвіцу, можа я ўжо сядзеў дома са зламанай сківіцай і чакаў налёту. Вядома, што ўсё было інакш, і я гэта падрабязна адзначыў.

Як потым выявілася, на момант размовы следчыя ўжо дагледзелі аўтобус, у якім мяне перавозілі, і там быццам знайшлі маю кроў, а мне нават абяцалі зрабіць вочную стаўку з тым міліцыянтам, які мяне збіваў. Але потым усё сціхла на месяцы. І вось даслоўна днямі прыйшло паведамленне пра тое, што ўсё ж такі крымінальная справа распачатая», - распавядае Вячаслаў Касінераў.

Аднак пацярпелы хоча хадайнічаць, каб справа была перакваліфікаваная, бо ён не згодны, што былі прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні:

«Больш за месяц я не мог нармальна есці, і мяркую, што гэта трэба кваліфікаваць як цяжкія цялесныя. У мяне дагэтуль застаецца пагроза інваліднасці, вось кагадзе было запаленне ў месцы пералому».

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка адзначае, што ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў вызначае экспэрт на падставе ўсебаковага даследавання ўсіх акалічнасцяў, звязаных з траўмай:

«Таму да вывучэння высноў экспэрта даваць якую-небудзь ацэнку рана. Аднак, на мой погляд, ёсць значна больш важная акалічнасць, якую варта ўлічваць: цялесныя пашкоджанні прычыненыя супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні ім сваіх абавязкаў пры абставінах, якія сведчаць аб наяўнасці прыкмет службовага злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.426 КК - перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. І адпаведна, наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму службай, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю».

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў трох крымінальных справах: нанясення беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе...», а таксама пэцканне фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. Следчы камітэт выставіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму паводле ч.2 арт.339 «Хуліганства, ўчыненае групай асоб». Цяпер тэрмін папярэдняга следства падоўжаны да 30 лістапада гэтага года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках