26 красавiка 2024, Пятніца, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У расейскім Татарстане патрабавалі суверэнітэту

35
У расейскім Татарстане патрабавалі суверэнітэту

У Казані запатрабавалі аднавіць Канстытуцыю 1992 года, што ўстанаўлівае Татарстан суверэннай дзяржавай.

У Казані грамадскія актывісты правялі канферэнцыю, на якой прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем суверэнітэту для рэспублікі Татарстан, аднаго з суб'ектаў Расейскай федэрацыі. Пра гэта паведамляе «Новая газета».

Арганізатарам канферэнцыі «Праблемы дзяржаўнасці Татарстана» выступіў Усетатарскі грамадскі цэнтр (УТГЦ). У разасланым запрашэнні назва мерапрыемства фармулявалася трохі інакш, і ўпор рабіўся на пытанне: «Як захаваць пасаду прэзідэнта Татарстана». З яго і пачалося абмеркаванне, у якім бралі ўдзел грамадзянскія актывісты, навукоўцы, былыя і цяперашнія дэпутаты розных узроўняў. Раней федэральны закон Расеі скасаваў найменне «прэзідэнт» для кіраўнікоў рэспублік, і на сённяшні дзень яго захоўвае толькі кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў. Закон патрабуе да канца 2015 змяніць гэту назву на якую-небудзь іншую.

Выступоўцы на канферэнцыі заявілі, што рэспубліка заслугоўвае пашырэння сваіх правоў і павышэння самастойнасці ў парадкаванні сваіх спраў. Між іншым, сама можа вызначаць, як павінна называцца яе вышэйшая службовая асоба. У верасні насельніцтва Татарстана абрала Рустама Мініханава менавіта прэзідэнтам - такім чынам, ім ён і павінен заставацца. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі скардзіліся на немагчымасць атрымаць адукацыю на татарскай мове.

У выніку ўдзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой прапанавалі Дзяржсавету рэспублікі аднавіць асноўныя артыкулы Канстытуцыі Татарстана 1992 года, у якіх сцвярджалася: Татарстан з'яўляецца суверэннай дзяржавай і суб'ектам міжнароднага права, законы Татарстана валодаюць вяршэнствам на ўсёй яго тэрыторыі, зямля і нетры рэспублікі з'яўляюцца агульнанародным здабыткам. Пасля аднаўлення гэтых артыкулаў прапануецца ўвесці мараторый на змяненне Канстытуцыі Рэспублікі Татарстан тэрмінам на 5 гадоў. Таксама прынятая прапанова звярнуцца ў Дзярждуму з «заканадаўчай ініцыятывай аб унясенні ў Федэральны Закон № 406-ФЗ паправак, якія дазваляюць захаваць пасаду прэзідэнта рэспублікам, народ якіх выказаўся за захаванне пасады прэзідэнта».

Нагадаем, у перыяд распаду СССР існавала верагоднасць выхаду Татарстана са складу Расеі. У жніўні 1990 года Вярхоўны Савет Татарскай аўтаномнай савецкай рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. У сувязі са жнівеньскім путчам 1991 кіраўніцтва рэспублікі ўзяло курс на ўсталяванне самастойнай дзяржаўнай палітыкі. 24 кастрычніка 1991 быў прыняты Акт аб дзяржаўнай незалежнасці Татарстана, а праз два месяцы была ўведзеная свая эрзац-валюта - татарскія купоны. У сакавіку 1992 года большасць жыхароў рэспублікі на рэферэндуме прагаласавалі за абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту рэспублікі. У траўні Вярхоўны Савет Татарстана абвясціў рэспубліку суверэннай дзяржавай. У лістападзе 1992 года была прынятая Канстытуцыя, што абвяшчала Татарстан суверэннай дзяржавай.

Аднак пасля двух гадоў перамоў у 1994 годзе Татарстан усё ж падпісаў дамову аб размежаванні паўнамоцтваў з федэральным урадам РФ, а ў 2002 годзе Канстытуцыйны суд РФ прымусіў Дзяржсавет Татарстана змяніць змест Канстытуцыі рэспублікі ад 1992 года.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках