26 красавiка 2024, Пятніца, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санаторый «Беларусь» у Крыме застаўся без святла

10
Санаторый «Беларусь» у Крыме застаўся без святла

З 1 снежня санаторыі Крыма закрываюцца. Што будзе з санаторыем «Беларусь» у Місхоры?

Санаторыі і здраўніцы Крыма, якія належаць крымскаму Міністэрству аховы здароўя, са снежня прыпыняць сваю працу ў сувязі з чаканым пахаладаннем і немагчымасцю забяспечыць ацяпленне.

Пакуль на паўднёвым беразе Крыму блізу 10 градусаў цяпла. Санаторый Управы справамі Лукашэнкі «Беларусь», размешчаны ля падножжа гары Ай-Петры, стаіць у цемры за выключэннем аднаго корпуса з пяці, электрычнасць да якога падключаная праз дызельны генератар. Ёсць яшчэ адзін такі генератар.

Персанал працуе, праўда, у сціснутых умовах. Напрыклад, інтэрнэту ўдзень 30 лістапада не было. Пахаладанне і дажджы напружваюць, але пакуль у памяшканнях не холадна.

Звычайна санаторый працуе круглы год і можа прыняць адначасова 366 чалавек, распавяла «Беларускім навінам» начальніца службы маркетынгу Алена Пятрэнка. У санаторыі няма планавых заездаў на снежань, цяпер адпачывальнікаў таксама няма.

Калі ў Крыме адключылі электрычнасць, адпачывальнікі яшчэ не раз'ехаліся, і санаторый цягам некалькіх дзён змог забяспечыць ім святло і цёплую ваду - у санаторыі свая кацельня.

«Калі б да нас прыехалі адпачывальнікі, мы маглі б іх прыняць і цяпер, - кажа Алена Пятрэнка. - Акрамя таго, нам абяцаюць, што да 25 снежня з электрычнасцю ўсё наладзіцца ў Крыме. Мы вельмі чакаем, што да нас прыедуць людзі на Новы год».

Санаторый ужо апублікаваў прэйскурант коштаў навагодніх святаў. Дзень пражывання ў нумары катэгорыі «эканом» абыдзецца ў 1020 расейскіх рублёў (15,4 даляра), у нумары «люкс» - 1900 рублёў (28,7 даляра). Харчаванне каштуе 1100 расейскіх рублёў (16,6 даляра) на дзень, а навагодні банкет абыдзецца ў 3900 рублёў (блізу 60 даляраў).

«Мне давялося папрацаваць у некалькіх буйных санаторыях у Крыме, - распавяла Алена Пятрэнка. - Санаторый «Беларусь» заўсёды быў на ўзровень вышэйшы, чым іншыя санаторыі ў Крыме - і па якасці медыцынскага абслугоўвання, і па ўзроўні нумарнога фонду. Мы б хацелі, каб да нас прадаўжалі прыязджаць з Беларусі. У нас ёсць усё для таго, каб заезды, як і раней, былі планавымі, а людзі добра ў нас адпачывалі ды аздараўляліся».

У «Беларусі» разумеюць, што праблемы з электрычнасцю рана ці позна скончацца, а вось праблема дабрацца ў Крым застанецца:

«Раней ехалі да нас на цягніку, але гэтай магчымасці больш няма. Паромная пераправа зімой звязаная з рызыкай затрымак, пералёты не ўсіх задавальняюць».

«МЗС рэкамендуе ехаць праз Расейскую Федэрацыю. Да Масквы можна дабрацца цягніком ці аўтобусам, а там - у Сімферопаль расейскімі авіялініямі», - апісвае бяспечны маршрут намесніца дырэктара ў санаторна-курортнай рабоце РУП «Цэнтркурорт» Алена Баравік.

Алена Баравік адзначыла, што попыту на санаторый «Беларусь» цяпер не назіраецца: «Калі хочаце паехаць у Місхор, можаце паехаць, мы запытаем кошт і прададзім вам тур».

«Няма чаргі ахвотных ехаць у Крым. Але ў нас шмат санаторыяў, ёсць куды ехаць», - склала Алена Баравік.

Нагадаем, што 20 лістапада ў Херсонскай вобласці былі падарваныя апоры ліній электраперадачы, якія пастаўляюць электрычнасць у Крым. Пастаўкі электраэнэргіі на паўвыспу з тэрыторыі Украіны цалкам спыненыя.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках