1 траўня 2024, Серада, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык: Мы папярэджвалі, што інстытут прэзідэнцтва прывядзе да дыктатуры

21
Сяргей Навумчык: Мы папярэджвалі, што інстытут прэзідэнцтва прывядзе да дыктатуры
Сяргей Навумчык

Імпічмент Лукашэнку з боку Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1996 годзе быў цалкам рэальным сцэнаром.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета, а цяпер супрацоўнік «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык у інтэрв'ю «Белсату» падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі вакол рэферэндуму-96.

- Мечыслаў Грыб кажа, што Вярхоўны Савет юрыдычна не мог адмовіць Лукашэнку ў рэферэндуме, і не меў паўнамоцтваў, каб рэдагаваць пытанні. Потым былы дэпутат ВС Павел Знавец напісаў артыкул, дзе сказаў, што Грыб не мае рацыю: і ВС, і Канстытуцыйны суд маглі ўсё прадухіліць. Дзе тут праўда?

– Думаю, на Грыба ўплывае комплекс віны за рэферэндум 1995 года. Вясной 1995-га, калі Грыб быў старшынём ВС, ён казаў тое ж самае наконт прапановы Лукашэнкі правесці рэферэндум аб змене дзяржаўнай сімволікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзідэнта распускаць парламент і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. У тых прапановах Лукашэнкі было наўпроставае парушэнне некаторых палажэнняў Канстытуцыі, аднак Мечыслаў Іванавіч казаў: мы не маем права нічога мяняць у фармулёўцы пытанняў, павінны толькі прызначыць дату рэферэндуму.

Мушу нагадаць, што ў 1992 годзе нішто не перашкодзіла большасці дэпутатаў (у тым ліку і Грыбу) адмовіцца ад прызначэння рэферэндуму за датэрміновыя выбары, за які актывісты БНФ сабралі больш чым 440 тысяч подпісаў. Тады аргумент «Вярхоўны Савет мусіць толькі прызначыць дату» – яны не ўспрымалі. У 95-ым спатрэбілася галадоўка дэпутатаў, іх збіццё, каб рэферэндум у выніку быў нелегітымным. Між іншым, Грыб як старшыня ВС і пальцам не паварухнуў, каб прыцягнуць да адказнасці арганізатараў збіцця дэпутатаў.

Тут важна памятаць, што парламент – найвышэйшая галіна заканадаўчай улады. І калі кіраўнік адной галіны ўлады вынес сумнеўную прапанову – абавязкам іншай галіны ўлады было не дапусціць яе рэалізацыі. У прынцыпе, тады, увосень 96-га, дэпутаты ВС так і рабілі – былі сабраныя подпісы для імпічменту Лукашэнкі.

У лістападзе 96-га імпічмент Лукашэнкі быў цалкам рэальны – да гэтага часу за ім было збіццё дэпутатаў, «белыя плямы» у газетах, брутальны разгон «вясны-96». Нарэшце, Канстытуцыйны Суд прызнаў антызаконнымі цэлы стос ягоных указаў. Некалькі генералаў і палкоўнікаў заверылі, што падначаленыя іх падначаленыя здольныя арыштаваць Лукашэнку ў тым выпадку, калі будзе праведзеная ў адпаведнасці з законам працэдура імпічменту.

Калі перад «рэферэндумам» Лукашэнка выступаў на тэлевізіі, усе заўважылі, што ў яго дрыжалі рукі. І было ад чаго.

– Аднак тут абсалютна антыканстытуцыйна павёў сябе тагачасны кіраўнік Канстытуцыйнага суда Валер Ціхіня. Фатальным для лёсу Беларусі было «начное пагадненне» з удзелам пасланцоў Крамля і старшыні ВС Сямёна Шарэцкага. Кіраўнік жа КС па вызначэнню не меў ніякага права падпісваць палітычныя пагадненні і раскрываць супрацоўнікам адміністрацыі прэзідэнта прозвішчы дэпутатаў, якія выказаліся за імпічмент (на іх пачаўся моцны ціск – аж да пагроз фізічнага знішчэння іх і іх блізкіх).

У лістападзе 1996-га Пазняк, які тады ўжо быў у эміграцыі, звяртаўся да Шарэцкага і падрабязна патлумачыў яму, што трэба рабіць, а што – не трэба. Але Шарэцкаму здавалася, што Пазняк – «адыграная карта», а ён, Шарэцкі, «схапіў Бога за бараду». Шарэцкаму пазваніў Ельцын і загадаў «не чапаць Лукашэнку». Шарэцкі – павёўся. Скажу, што найбольшая палітычная і прававая адказнасць ляжыць на старшыні ВС Шарэцкім і старшыні КС Ціхіні. Каб не іх памылкі – новы, 1997 год Аляксандр Лукашэнка сустракаў бы, у лепшым для яго выпадку, звычайным жыхаром вёскі Александрыя Шклоўскага раёну.

- Лукашэнка ў 1994 годзе казаў, што не збіраецца пашыраць паўнамоцтвы, і ўсе паверылі. Потым ён пастанавіў пашырыць - і ВС нічога не змог зрабіць.

– «Усе» – гэта хто? Мы, 30 дэпутатаў Апазіцыі БНФ, у пачатку 94-га, калі прымалася Канстытуцыя, выступалі супраць увядзення пасады прэзідэнта і папярэджвалі, што ва ўмовах нашага грамадства гэта непазбежна прывядзе да дыктатуры. Нас падтрымлівалі тысячы актывістаў БНФ па ўсёй Беларусі, падтрымлівалі Быкаў, Барадулін, якія ўваходзілі ў Сойм БНФ. Так што – далёка ня «усе». Ну а чаму потым ВС нічога не здолеў зрабіць? Таму што разуменне простых ісцін прыйшло да большасці дэпутатаў запозна. Праўда, слова «нічога» тут не зусім пасуе – пачынаючы з 1995 года, парламент блакаваў пэўныя «аўтарытарныя» законы Лукашэнкі.

Я перакананы, што ўжо ў 1995 годзе Лукашэнку можна было адправіць у адстаўку - на падставе аднаго толькі збіцця дэпутатаў. Але для гэтага ў тых, хто займаў ключавыя пасады, павінна была быць палітычная воля. А яе ў іх - не было.

- Чаму сёння апазіцыя адмовілася ад барацьбы за Канстытуцыю-94 і нічога пра яе не кажа?

- Не, чаму ж. Практычна ўсе апазіцыйныя партыі ўважаюць за патрэбнае вяртанне да нормаў, закладзеных у Канстытуцыі 1994 года, некаторыя прапануюць ісці яшчэ глыбей - скасаваць «прэзідэнцкі» падзел. Іншая рэч, што ў цяперашніх умовах, калі апазіцыя выціснутая на абочыну, гэтыя заклікі не пачутыя грамадствам.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках