23 красавiка 2024, aўторак, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: У палітыку павінны ўключацца маладыя

38
Наталля Радзіна: У палітыку павінны ўключацца маладыя
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Беларусы павінны стаць суб'ектамі палітыкі.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіла галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, каментуючы пятую «інаўгурацыю» дыктатара Лукашэнкі.

- Гэтая інаўгурацыя, па-вашаму, чымсьці адрознівалася ад папярэдніх чатырох, між іншым ад той, якая была ў 2010 годзе?

- Мінулую інаўгурацыю мы ўсе правялі ў турме. У камеры СІЗА КДБ у мяне не было тэлевізара, і я напісала заяву на імя начальніка турмы з патрабаваннем паказаць мне інаўгурацыю Лукашэнкі. Чаму ў мяне было такое жаданне? Таму што нам прынеслі ў камеру лісточкі, на якіх былі звесткі нібыта незалежнага сацыялагічнага інстытута НІСЭПД, якія паказвалі, што Лукашэнка нібыта перамог у гэтых выбарах і я хацела паглядзець, як выглядае інаўгурацыя пераможцы. Мяне прывялі ў кабінет начальніка турмы Арлова, які ўключыў відэамагнітафон, на касеце быў запіс гэтай інаўгурацыі і я ўбачыла такія ж пустынныя вуліцы, як і сёлета.

Відавочна, што ніякая гэта не інаўгурацыя, ніякія гэта не выбары. І мне цяжка ўявіць, што мы абмяркоўваем. Адбываецца не інаўгурацыя, а ўзурпацыя ўлады Лукашэнкі. Таму што дыктатар трымае ўладу ў Беларусі сёння ўзброеным шляхам вось ужо больш за 20 гадоў. Давайце гэта абмяркоўваць.

- Але ён прыйшоў да ўлады легальна ў 1994 годзе. З тых часоў ён з'яўляецца афіцыйным кіраўніком Беларусі.

- Ён не з'яўляецца афіцыйным кіраўніком Беларусі. Гэта сапраўдны самазванец, як яго сёння правільна называе Мікалай Статкевіч. Гэта не прэзідэнт. Фармальна можа і кіраўнік дзяржавы. Але гэта дыктатар. Давайце яго называць дыктатарам.

- Але мы бачым, што беларусам у большасці гэта не замінае. Яны не выходзяць пратэставаць супраць улады.

- Чаму вы кажаце ад імя ўсіх беларусаў?

- Мы праводзім апытанні. Мы слухаем людзей.

- Я не веру, у тым ліку і вашым апытанням. Заўсёды адымайце фактар страху рэспандэнтаў і сацыёлагаў. Цалкам зразумела, чаму грамадства не выходзіць пратэставаць. Таму што ў краіне масавыя рэпрэсіі. Таму што ў краіне забівалі і забіваюць лідараў апазіцыі. Таму што ў краіне забіваюць журналістаў. Таму што ў краіне няма свабоды слова і сходаў.

- Але гэта было ў 90-х гадах...

- Гэта ёсць і сёння. Вы хочаце сказаць, што ў Беларусі ёсць свабода слова? «Белсат» сёння можа глядзець кожны беларус?

- Але ні вас, ні мяне не забіваюць.

- Таму што многіх ужо забілі. І сёння любая палітычная актыўнасць выклікае ў адказ рэпрэсіі з боку ўладаў. Мы можам казаць, што і ў Паўночнай Карэі сёння няма пратэстаў. І інаўгурацыя Лукашэнкі сёння – гэткая ж як інаўгурацыя аднаго з дыктатараў дынастыі Кім.

- Але пытанне, якое гучыць не першы год: што рабіць і як памяняць гэтую сітуацыю?

- Змагацца. Іншых шляхоў, акрамя як звяртацца да людзей і даносіць да іх інфармацыю, заклікаць іх абараняць свае правы, няма. Я хачу звярнуцца да моладзі, да вашых аднагодкаў, да 25-гадовых, да 30-гадовых, каб яны ўключаліся сёння ў палітыку. Паглядзіце на лідараў апазіцыі. Сапраўды - гэта 50-, 60-гадовы людзі. Моладзь павінна ўключацца, таму што без іх, без нас змяніць сёння нічога не магчыма. Так, страшна! Так, рэпрэсіі! Так, цяжка! Але мы павінны, кожны з нас павінен нешта рабіць.

- Але стратэгіі былі розныя. На папярэдніх выбарах - гэта быў пратэст на плошчы, сёлета ў нас былі мірныя перамены ад Таццяны Караткевіч.

- Я не хачу абмяркоўваць Таццяну Караткевіч, таму што гэта фрык, гэта падтанцоўка, якая была арганізавана спецслужбамі. Падтанцоўка для Лукашэнкі. Караткевіч - гэта кандыдат ад КДБ. Вы выдатна ведаеце, хто стаіць за Караткевіч. За ёй стаіць лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, які працуе на КДБ. Я нават не магу сказаць, што гэта чалавек, які падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ, я думаю, што ён даўным-даўно працуе на гэтую кантору. І вы гэта выдатна ведаеце. Таму спыніце самі ствараць фрыкаў. Інакш я падумаю, што ў вас ёсць таксама куратар у КДБ, які вам сказаў раскручваць асобу Таццяны Караткевіч.

- Я думаю, што мы пацвердзілі сваімі матэрыяламі і інтэрв'ю, што мы нікога з кандыдатаў не падтрымліваем, і Таццяну Караткевіч таксама.

- Вы ведаеце, я надоўга запомню застаўку на сайце «Белсата», якая стаяла некалькі месяцаў: «выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» з фатаграфіяй Лукашэнкі і Колі. Можа быць, вы ў гэтым бачыце нейкі гумар, але гэта ўжо не смешна.

- Але мы зараз не пра выбары, а пра тое, што адбываецца пасля выбараў. Усё ж такі Лукашэнка, а дакладней яго асяроддзе пасля выбараў пачалі казаць пра рэформы. З'явілася маленькая надзея, што ўрад будзе рэфармавацца, таму што ён вымушаны рэфармавацца. Але сёння мы зноў пачулі, што рэформаў не будзе.

- Відавочна, што іх не будзе. Наіўна б было іх чакаць ад Лукашэнкі. Таму што для Лукашэнкі рэформы - гэта крах ягонага рэжыму. Гэта патэрналісцкая ўлада, выбудаваная ім цягам 20 гадоў. Любыя рэформы пахіснуць гэты будынак. Таму ніякіх рэформаў пры Лукашэнку быць не можа і гэта цалкам відавочна і зразумела.

- А тое, што эканамічная сітуацыя, як многія кажуць, змушае Лукашэнку крыху змяніць сваю палітыку.

- Эканамічная сітуацыя змушае сёння Лукашэнку звяртацца за крэдытамі і ў МВФ, і ў Еўразійскі фонд. Але мы ведаем, што гэтыя крэдыты сёння бяруцца, каб вяртаць ранейшыя пазыкі. Таму іншага шляху Лукашэнка для сябе не бачыць. Для яго эканамічныя рэформы - гэта ўсё роўна смерць рэжыму, таму што гэта страта рычагоў кіравання.

І ў гэтай сітуацыі, вядома, нас чакаюць перамены, таму што эканамічнае становішча беларусаў будзе толькі пагаршацца. Таму што пяць гадоў УБП не рос, а сёння Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця заяўляе, што налета УБП будзе падаць. Але я ўпэўненая, што гэта прымусіць Лукашэнку яшчэ больш закручваць гайкі ўнутры краіны і браць новыя крэдыты, але зноў жа ні на якія рэформы ён не пойдзе.

Мы пераканаліся ў гэтым у 2008 годзе, калі Лукашэнка таксама пад рэформы браў крэдыты ў МВФ. Але выдаткоўваў гэтыя крэдыты на вайсковыя вучэнні з Расеяй, на ўтрыманне КДБ і міліцыі. І ў выніку гэта прывяло да таго, што ў 2010 годзе практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты селі ў турмы і адбыўся фактычна ўзброены пераварот.

- А чаму тады не вучацца на сваіх памылках крэдыторы замежныя, заходнія між іншым, і заходнія палітыкі?

- Я ўвесь час задаю ім такія ж пытанні. Сёння я сустракалася з прадстаўнікамі амбасады ЗША ў Варшаве, якія тлумачылі, чаму яны змякчылі санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі. На фоне вайны Расеі супраць Украіны мы бачым чарговыя марныя надзеі, што Лукашэнка можа выправіцца і нейкім чынам пайсці на сустрэчу Захаду. Мы ведаем, што гэта абсалютнае глупства.

Лукашэнка - марыянетка Крамля, які залежым ад яго і фінансава і энэргетычна. Мы ведаем: што варта Пуціну падняць кошт газу і нафты ў Беларусі да сусветнага ўзроўню, і ён прыпаўзе ў Крэмль на каленях.

- Гэта значыць, на вашу думку, пакуль не зменіцца ўлада ў Маскве, няма шанцаў на змены ў Беларусі?

- Не, у нас заўсёды ёсць шанец на змену ўлады ў нашай краіне. Для гэтага беларусы павінны ўключыцца ў гэты працэс. Для гэтага беларусы павінны захацець стаць суб'ектамі палітыкі, а не аб'ектамі.

- Але маем такіх беларусаў, якіх маем.

- Вы ведаеце, кожны раз я бяру адказнасць на сябе і заклікаю вас браць. Таму што вельмі многае залежыць ад нас, ад журналістаў. Таму што наша задача даносіць да людзей інфармацыю. Калі вы будзеце гаварыць з экранаў тэлевізараў «вось вы беларусы такія цярплівыя і нічога не можаце», вы несяце адказнасць, што яны такія. Вы фармуеце нацыю, і я фармую нацыю. Таму давайце працаваць разам і спынім упадаць у дэпрэсію.

- Наталля, што б вы сказалі беларусам зараз? Можаце звярнуцца да іх.

- Не бойцеся! І давайце змагацца. У нас ёсць шанец і мы сапраўды можам змяніць сітуацыю ў краіне.

- Але вы не ў Беларусі цяпер.

- Так, я пакуль не ў Беларусі. Але я спадзяюся вярнуцца ў Беларусь. І я ведаю, што пакуль на жаль, я як галоўная рэдактарка сайта «Хартыя'97» магу больш зрабіць адсюль, з Польшчы. Але пры першай жа магчымасці я вярнуся ў сваю краіну. Для гэтага я і спрабую змяняць сітуацыю там згодна са сваімі магчымасцямі.

- Але на жаль, як паказвае тэндэнцыя людзі шукаюць лепшага жыцця і вельмі вялікая тэндэнцыя да эміграцыі з Беларусі.

- Так было заўсёды ў дыктатарскіх краінах, у краінах, дзе цяжкая эканамічная сітуацыя. Але я ведаю, што ўсе гэтыя беларусы, якія сёння з'язджаюць, вернуцца і будуць будаваць новую Беларусь. А сёння я прашу тых беларусаў, якія сёння знаходзяцца ў эміграцыі, дапамагаць пераменам у сваёй краіне. Можна дапамагаць фінансава, падтрымліваць незалежныя медыя, падтрымліваць апазіцыйныя рухі і ўключацца, не быць у баку. Адчуць сябе беларусамі. Адчуць сябе нацыяй.

- Але сёння Лукашэнка з усіх экранаў дзяржаўнай тэлевізіі прыгразіў фактычна апазіцыі, назваў радыкаламі, сказаў, што рэвалюцыі не будзе.

- А што вы чакаеце ад Лукашэнкі? Што ён скажа «рэвалюцыя будзе, скідайце мяне»?

- Але сёлета крыху іншая сітуацыя. Ёсць Украіна і нашы апытанні паказваюць (вы можаце ім не верыць), што людзі на гэта звяртаюць увагу, асабліва ў рэгіёнах. Лукашэнка скарыстаўся сітуацыяй ва Украіне. Як, на вашу думку, гэтых людзей можна пераканаць, што Беларусь - не Украіна.

- Гэта пытанне да ўкраінскіх уладаў. Мы сёння да іх спрабуем данесці, што вельмі важна, каб у Беларусі працавалі ўкраінскія каналы. Дарэчы, Лукашэнка абяцаў Парашэнку, што ў Беларусі запрацуе ўкраінскі канал. Дзе гэты тэлеканал? Да беларусаў павінна даходзіць інфармацыя пра Украіну.

Для гэтага на сайце «Хартыя'97» ёсць цэлы раздзел, прысвечаны Украіне, і мы паведамляем аб тым, што адбываецца на самай справе ў суседняй краіне. І мы просім цяпер украінскія ўлады, каб яны намагалі, і нагадалі Лукашэнку пра ягонае абяцанне.

- Там адбываецца вайна, чаго і баяцца беларусы.

- Так, там адбываецца вайна, таму і трэба абараняць сваю краіну і незалежнасць. Лукашэнка не ёсць гарант незалежнасці Беларусі. Як раз такі Лукашэнка і рыхтуе ў Беларусі такі сцэнар, бо ён сёння расейская марыянетка.

Калі параўноўваць сітуацыю ў Беларусі, то яе сёння можна параўнаць з сітуацыяй у акупаваным Крыме. І толькі дэмакратычныя ўлады могуць быць гарантам незалежнасці Беларусі, але не дыктатар. І гэта павінна нас наадварот падштурхоўваць да таго каб мяняць гэтую ўладу, залежную ад Расеі. Ды і Лукашэнку ў любы момант могуць памяняць у Крамлі.

- Але тое, што кажа Лукашэнка выклікае асацыяцыі каляровай рэвалюцыі, дэмакратыі, як раз таго, што адбылося ва Украіне. Як растлумачыць людзям, што гэта не тое? Што гэта не Майдан выклікаў гэтую вайну.

- Зноў жа задача журналістаў - тлумачыць, што ўкраінцы хацелі самастойнасці і незалежнасці. Лукашэнка знаходзіцца на кароткім павадку ў Пуціна. Задача Пуціна - аднавіць Савецкі саюз. Уласна цяпер працягваецца распад Савецкага Саюза, таму што ў 1991 годзе ён, на жаль, не распаўся канчаткова. Таму сёння мы павінны змагацца і за незалежнасць, і за дэмакратызацыю краіны.

- Вы кажаце, што ўсё ў руках журналістаў...

- Не ўсё ў руках журналістаў, але на журналістах велізарная адказнасць.

- А які адсотак людзей мае доступ да незалежных медыя? Колькі цікавяцца незалежнымі медыя? Колькі вераць незалежным медыя? У гэтым пытанне.

- Праблема ў тым, што Лукашэнка знішчаў незалежныя медыя цягам больш за 20 гадоў. Таму што ў іх ён бачыў адну з галоўных пагроз яго ўлады. Наша задача не здавацца і даносіць гэтую інфармацыю. Гэта мы робім і праз інтэрнэт, і праз тэлеканалы. Неабходна развіваць падпольны друк і даносіць да людзей інфармацыю. Звяртаюся да гледачоў. Самі рэкламуйце незалежныя СМІ - расказвайце сябрам, сваякам, суседзям, што можна купіць талерку - паглядзець «Белсат». Можна выйсці ў інтэрнэт - прачытаць сайт «Хартыі».

- Спадзяюся, што так і будзе. Дзякуй вам за вашу працу, за вашу пазіцыю.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках