29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2015 годзе

19

У Дзень салідарнасці сайт charter97.org абвяшчае лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2015.

Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча сёлета ўзнагароджваюцца:

Святлана Калінкіна

Адна з найлепшых журналістак Беларусі Святлана Калінкіна і ва ўмовах жорсткай цэнзуры СМІ застаецца верная прафесіі. Яе ацэнкі сумленныя і справядлівыя, яе словы жорсткія, але дакладныя, таму трапіць пад вострае пяро журналісткі баяцца ўсе - і чыноўнікі, і апазіцыянеры. Прэмія Святлане Калінкінай уручаецца «За асабістую мужнасць», таму што заставацца прыстойным чалавекам і сапраўды незалежным журналістам ва ўмовах дыктатарскай Беларусі – гэта як подзвіг.

Гурт «Крамбамбуля»

Легендарны беларускі гурт «Крамбамбуля» ўзнагароджваецца Нацыянальнай прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці». Культавы музыка Лявон Вольскі разам з таленавітымі калегамі Паўлам Аракелянам, Алесем Мышкевічам, Паўлам Мамонавым, Андрэем Якубчыкам, Паўлам Трыпуцем і іншымі прэзентавалі сёлета свой апошні альбом «Чырвоны Штраль», які стаў сапраўдным «беларускім партызанскім маніфестам». Гурт трапіў у «чорны спіс» забароненых у Беларусі каманд, але застаецца, як выказаўся Лявон Вольскі, «светлым промнем ў змрачнаватай беларускай гісторыі». Прыхільнікі гурту спадзяюцца, што заява аб роспуску «Крамбамбулі» з'яўляецца партызанскім манеўрам, і яна застанецца на перадавой беларускага музычнага фронту.

Ігар Аліневіч

Лідар беларускіх анархістаў Ігар Аліневіч правёў у турме пяць гадоў. Прайшоўшы праз катаванні, здзекі і катаржныя ўмовы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы анархіст не змяніў прынцыпам і захаваў у сабе чалавека. А яшчэ напісаў у турме кнігу «Еду ў Магадан» пра беларускі ГУЛАГ XXI стагоддзя. Гэтую кнігу варта прачытаць кожнаму, каб зразумець сутнасць дыктатара Лукашэнкі - яго баязлівасць, подласць і метады кіравання дзяржавай.

Ініцыятыва «Студэнты супраць»

Вулічны пратэст студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ледзь не давёў да інфаркту не толькі рэктарат галоўнай ВНУ, але і ўсё кіраўніцтва рэжыму. Цягам двух дзесяткаў гадоў улады падаўлялі любыя пратэсты, у тым ліку студэнцкія, шляхам арыштаў, выключэнняў з універсітэтаў і звальнення з працы іх удзельнікаў. Але, скарыстаўшыся тым, што, нягледзячы на ўсе гэтыя злачынствы, лукашэнкаўская Беларусь апынулася ўключанай у Балонскі працэс, студэнты БДУ наважыліся на барацьбу за свае правы. Сёння за маладымі беларусамі сочыць увесь свет, а мы ўзнагароджваем іх Нацыянальнай прэміяй у намінацыі «За асабістую мужнасць».

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, спартовец, чэмпіён свету па Муян-тай Віталь Гуркоў, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Ляпіс Трубяцкі» і яго лідар Сяргей Міхалок, «NRM», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Анджэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч , Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, рэжысёр Антон Цялежнікаў, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ханна Фрэй, палітычныя зняволеныя ў «справе 19 снежня «, ініцыятыва «Вызваленне» і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках