19 траўня 2024, Нядзеля, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі крызіс можа прывесці да 100% дэвальвацыі ў Беларусі

23
Расейскі крызіс можа прывесці да 100% дэвальвацыі ў Беларусі
Фота: AP/Alexander Zemlianichenko

Такі сцэнар магчымы пры далейшым падзенні коштаў нафты.

Беларускі рубель чарговым разам абрынуўся ў дачыненні да амерыканскай валюты падчас таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы. Цяпер 1 даляр каштуе 18 310 рублёў, нагадвае тэлеканал «Белсат».

Беларускі рубель залежыць ад расейскага, а той напярэдадні абнавіў гістарычны мінімум - за даляр даюць 70 з паловай расейскіх рублёў. Сіла расейскага ж рубля завязаная на коштах нафты. А яе кошт за апошнія дні ўжо прапісаўся на адзнацы ніжэй за 40 даляраў за адзін барэль, зняпраўджваючы ранейшыя прагнозы кіраўніцтва Расеі.

Так, у мінулым годзе Уладзімір Пуцін заяўляў, што калі кошт нафты апусціцца хоць бы да 85 даляраў, эканоміка арабскіх краін папросту абрынецца.

Пакуль жа падзенне коштаў на чорнае золата разбурае расейскую эканоміку. А гэтаму працэсу не відаць канца. Бо нафта, згодна з большасцю прагнозаў, працягне таннець. На гэта можа паўплываць дадатковы фактар. У Кангрэсе ЗША лідары рэспубліканскай і дэмакратычнай фракцыі дамовіліся аб скасаванні забароны на экспарт нафты - упершыню пасля нафтавага крызісу 1973 года. Цяпер дакумент павінен падпісаць прэзідэнт краіны Барак Абама. Шэраг спецыялістаў мяркуюць, што гэта не моцна паўплывае на сусветны рынак.

«Па-першае, таму, што аб'ёмы экспарту будуць не занадта вялікімі. Кошт нафты ў ЗША досыць высокі і яна не можа канкурыраваць на еўрапейскім рынку з тымі ж Аравійскімі пастаўкамі. І таму выкіду дадатковых аб'ёмаў нафты на сусветны рынак не адбудзецца», - адзначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Аднак навіна з амерыканскага Кангрэса ўжо паспела абваліць кошты нафты больш чым на 2 адсоткі. Калі ж нафта працягне таннець і далей, на расейскім валютным рынку могуць спраўдзіцца самыя песімістычныя прагнозы, мяркуе эканаміст Сінкевіч. А разам з імі гэты сцэнар можа паўтарыцца і ў Беларусі.

«Калі разглядаць найгоршую сітуацыю, калі нафта будзе каштаваць блізу 20 даляраў за барэль, курс расейскага рубля можа знізіцца больш за 160 рублёў за даляр. Ну і адпаведна беларускі рубель можа пацягнуць дэвальвацыю 50-100 адсоткаў ад сённяшняга курсу», - тлумачыць Аляксандр Сінкевіч.

«Бэнк оф Амерыка» ўжо падлічыў, што калі нафта патаннее нават да 35 даляраў, курс у Расеі можа вырасці да 94-х рублёў за 1 даляр ЗША. З улікам будучай дэнамінацыі і складанай сітуацыі ў айчыннай эканоміцы, прагназаваць курс у нашай краіне пакуль ніхто не бярэцца.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках