3 траўня 2024, Пятніца, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні прайшла прэзентацыя кнігі «Няскораны Марыніч»

Успаміны беларускага дыпламата Міхаіла Марыніча, запісаныя журналістам Аляксандрам Тамковічам, прэзентавалі ў Вільні.

Кніга «Няскораны Марыніч» складаецца з трох моўных версій - ангельскай, расейскай і беларускай - і месціць у сябе апошнія развагі і мноства фатаграфій з архіва Міхаіла Марыніча, былога беларускага дыпламата, міністра, мэра Менска і пасля лідара апазіцыі.

Прэзентацыя кнігі прайшла 1 снежня а 15.00 у Беларускім доме правоў чалавека (Вільня, вул. Латака, 3).

На прэзентацыі выступілі аўтар кнігі журналіст Аляксандр Тамковіч, сын героя кнігі Павел Марыніч і кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Таксама прысутнічалі, дыпламаты еўрапейскіх дзяржаў, сябры і калегі Міхаіла Марыніча.

Аляксандра Тамковіча, Павел Марыніч і Алесь Бяляцкі

Пра тое, як праходзіла прэзентацыя кнігі, сайту chareter97.org распавёў сын палітыка і дыпламата Павел Марыніч.

«Для мяне гэта была вельмі важная падзея. У бацькі была мара выпусціць кнігу сваіх успамінаў, дзе ён хацеў расказаць аб даволі вялікім перыядзе свайго жыцця, аб сваім шляху ў палітыцы, аб шматлікіх на сённяшні дзень таемных баках таго, што адбывалася ў Беларусі яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

Але, на жаль, увасобіць свае задумы ён не паспеў. І кніга, якую яны сталі пісаць разам з Аляксандра Тамковічам пасля другога інсульту - гэта кароткі экскурс у гісторыю яго жыцця.

На прэзентацыі кнігі ў Доме правоў чалавека было шмат людзей: прысутнічалі паслы еўрапейскіх краін, акрэдытаваныя ў Беларусі, беларускія і літоўскія праваабаронцы, калегі бацькі з Менска. Мне было вельмі прыемна чарговым разам пачуць цёплыя словы на адрас бацькі», - распавёў Павал Марыніч.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі распавёў пра Міхаіла Марыніча, якога ён памятае з працы ў Менскім гарадскім савеце, як пра сапраўды нязломнага чалавека.

«Я быў дэпутатам Менскага гарадскога савета ў той час, калі Міхаіл Марыніч кіраваў Менгарвыканкамам. Марыніч быў выхадцам з простай сялянскай сям'і, з Петрыкаўшчыны, сам змог вывучыцца і прабіцца «у людзі». Ён рабіў кар'еру «гаспадарніка» - не партыйную, а акурат гаспадарчую. Працаваў і ў райвыканкаме, і ў будаўніцтве, пакуль не стаў старшынём Менгарвыканкама.

У пачатку 90-х гадоў перад такімі людзьмі паўстала патрэба вызначыцца. Многія з пакалення Марыніча, добра знаёмыя яму людзі - Уладзімір Ярмошын, Міхаіл Мясніковіч, Аляксандр Герасіменка - зрабілі адзін выбар. І іх шляху далей разышліся: адны пайшлі служыць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а Міхаіл Марыніч бачыў іншы шлях развіцця Беларусі. У ён ў 2001 годзе паспрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, а ў 2004-м улады яго арыштавалі і з надуманай падставы пасадзілі ў турму. Міхаіл Марыніч выступіў супраць улады ў сіберны час: гэты час знікнення палітыкаў (1999-2001 гады), час разгону дэмакратычных структур (2003-2004 гады, калі былі закрытыя некалькі сотняў грамадскіх арганізацый). Улады жорстка адпомсцілі і Марынічу ў 2004-м.

Яго пратрымалі 2 гады ў зняволенні, фактычна зламаўшы яму здароўе: у турме ён перанёс інсульт. Міхаіл Марыніч выйшаў на волю пасля «прэзідэнцкіх выбараў» 2006 года з ужо надламаным здароўем, але ён і далей працягваў займацца палітычнай барацьбой. Магу сказаць, што ён сапраўды адпавядае назве кнігі. Гэта быў той самы «няскораны Марыніч», які да канца жыцця займаў сваю незалежную пазіцыю», - сказаў Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук. Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку амаль тры гады - у Афганістане. З 1990 да 1991 - мэр Менска, у 1990-1994 гадах - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання. У 1994 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Чэхіі і па сумяшчальніцтве - у Славакіі і Вугоршчыны. З 1994 да 1998 гады - міністр замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гадах - Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтве - у Эстоніі і Фінляндыі.

Узначаліў грамадзкую арганізацыю "Дзелавая ініцыятыва".

26 красавік 2004 года Міхаіл Марыніч быў арыштаваны. Прычынай гэтага стала ягоная актыўная грамадская дзейнасць і ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. 30 снежня палітык быў прызнаны Менскім раённым судом вінаватым у завалоданні аргтэхнікай амбасады ЗША перададзенай ягонай арганізацыі "Дзелавая ініцыятыва" ў бязвыплатнае карыстанне. Праз паўтара месяца калегія Менаблсуда палічыла магчымым знізіць тэрмін пазбаўлення волі Міхаіла Марыніча з 5 да 3,5 гадоў, улічваючы яго ранейшыя заслугі перад дзяржавай, сталы ўзрост і стан здароўя.

7 сакавіка Міхаіл Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму адмаўляліся перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці, Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску.

У падтрымку палітвязня тады выступілі кіраўнікі дзяржаў: прэзідэнт Францыі Жак Шырак і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга, дэпутаты парламентаў многіх краін свету, Еўрапарламента, парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Патрабаванне вызваліць Міхаіла Марыніча ўтрымліваецца ў рэзалюцыі Еўрапейскага Парламенту. Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі Звяз і Дзярждэпартамэнт ЗША. Уплывовая праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення. З турмы палітык выйшаў паводле амністыі ў красавіку 2008 года.

Міхаіл Марыніч падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ўваходзіў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

Беларускі дыпламат і палітык памёр 17 кастрычніка 2014.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках