29 красавiка 2024, панядзелак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы праект ЕЗ: энэргетычны звяз супраць "Газпрома"

4
Новы праект ЕЗ: энэргетычны звяз супраць "Газпрома"

Еўракамісія абвясціла аб стварэнні Энэргетычнага звязу.

Што гэта азначае, тлумачыць прэзідэнт украінскага аналітычнага цэнтра DiXi Алена Паўленка, піша "Лiга.нет".

Адзіны голас супраць "Газпрома"

Еўрапейскі звяз пастаянна акцэнтуе ўвагу на важнасці прынцыпу "адзінага голасу" ў сваёй замежнай палітыцы. Сапраўды, краіны - чальцы ЕЗ часцяком выступаюць адзіным фронтам у міжнародных пытаннях і прымаюць узгодненыя пастановы. І гэта тычыцца практычна ўсіх сфер. Акрамя адной.

У энэргетычнай палітыцы правіла "адзінага голасу" ўсё часцей не дзейнічае. Гэта тлумачыцца проста: уласныя інтарэсы асобных краін ЕЗ пераважаюць над агульнаеўрапейскімі.

Апошні і самы яскравы прыклад такой разрозненасці сярод еўрапейцаў - стаўленне да праекту газаправода "Паўднёвы паток". Расея, выкарыстоўваючы палітыку "падзяляй і ўладар", дамаглася таго, што краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы да апошняга ігнаравалі патрабаванні Еўракамісіі аб выкананні правіла Трэцяга энэргапакету.

Газ заўсёды быў прадметам палітычнага гандлю. Абмеркаванне кошту "блакітнага паліва" паміж асобнымі краінамі ЕЗ і Расеяй часта можа ўваходзіць у "пакет" з іншымі пытаннямі - напрыклад, працягам або узмацненнем санкцый супраць Расеі. Да гэтага часу ў многіх краінах ЕЗ там, дзе ёсць магчымасць выйграць у сродках, правіла "адзінага голасу" не працавала.

У красавіку мінулага года тады яшчэ прэм'ер Польшчы Дональд Туск апублікаваў артыкул у газеце Financial Times, прапанаваўшы ЕЗ стварыць новае аб'яднанне - Энэргетычны звяз як інструмент фармавання таго самага "адзінага голасу" ў энэргетыцы.

Яшчэ нядаўна гэта прапанова не знаходзіла вялікай падтрымкі ў бюракратычных і палітычных колах ЕЗ. У неафіцыйных размовах Энэргетычны звяз называлі ідэяй Польшчы, якую падтрымліваюць прыбалтыйскія краіны, але наўрад ці да яе далучацца Нямеччына і Францыя.

Усе змяніў газавы расейска-ўкраінскі канфлікт мінулага года. Шантаж Расеі выразна паказаў як Еўракамісіі, так і ўсім чальцам ЕЗ, што ніводная з еўрапейскіх краін не застрахаваная ад такога сцэнару.

Звышцяжкія газавыя перамовы сталі асноўным аргументам для таго, каб не проста разглядаць стварэнне Энэргетычнага звязу як адну з мэтаў новага складу Еўракамісіі, але і зрабіць гэта задачай для віцэ-прэзідэнта ЕК Мараша Шэфчавіча.

Апошні на мінулым тыдні заявіў аб пачатку практычнай працы над стварэннем Энэргетычнага звязу. Ён ужо правёў шэраг перамоваў з зацікаўленымі краінамі, у тым ліку Літвой і аўтарам ідэі - Польшчай.

Напрыканцы лютага павінен быць пададзены падрабязны план работы Энэргетычнага звяза да 2019 года. Шэфчавіч анансаваў, што плануецца пяць прыярытэтаў работы звязу: гэта энэргетычная бяспека, сканчэнне фармавання агульнага рынку, энэргаэфектыўнасць, захаванне клімату, даследаванні.

Месца Украіны

Сёння ў Энэргетычнага звязу ёсць два сцэнары будучыні: альбо яго "затруць" іншыя прыярытэты і ён у выніку так і не ператворыцца ў інструмент для фармавання адзінай палітыкі ЕЗ, альбо стане магутным адказам на палітыку Расеі.

Многае залежыць ад асабістага фактару - а менавіта, жадання самога віцэ-прэзідэнта Шэфчавіча рэалізаваць гэты праект. Але важным таксама з'яўляецца і ціск з боку зацікаўленых краін - Польшчы, краін Балтыі, Славаччыны, Чэхіі.

І пакуль гэтыя краіны не ўпэўненыя ў сваёй энэргетычнай бяспецы і бачаць для яе вонкавыя пагрозы з боку Расеі, да таго часу Энэргетычны звяз будзе мець шанцы на жыццё.

Украіна, безумоўна, павінна быць часткай працэсу фармавання і дзейнасці звязу. Па-першае, як чалец Энэргетычнай супольнасці Украіна з'яўляецца часткай адзінай энэргетычнай прасторы ЕЗ і мае права прэтэндаваць на далучэнне да праекту.

Па-другое, сяброўства краіны - транзіцёра газу ў ЕЗ у энэргетычным звязе дазволіць пазбегнуць многіх палітычных маніпуляцый ненадзейнага партнёра. Па-трэцяе, для самой Украіны сяброўства ў Энэргазвязе азначае не толькі павелічэнне даверу з боку еўрапейскіх кампаній і іх прыход на рынак, але і нулявыя шанцы для кіраўніцтва краіны ўвайсці ў чарговыя газавыя схемы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках