26 красавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-«сенатар» адрамантаваў «Лэнд Крузер» за кошт прадпрыемства на 300 мільёнаў

8

Гэтую суму з яго цяпер спаганяюць праз суд.

У 2012 годзе на трасе Менск-Горадня адбылася «гучная» аварыя. Былы сябра «савета рэспублікі», кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Мажэйкава» Казімір Рахатка на службовым джыпе «Таёта Лэнд Крузер» пратараніў «Опель Астру».

Прычым сітуацыя была такой: на пустой дарозе «Таёта» выехала на сустрэчную паласу. У «Астры» ехалі шасцёра чалавек, піша «Наша Нiва».

Кіроўца, ягоная жонка і 8-гадовая дачка, цешча і цесць, сястра жонкі - усе трапілі ў бальніцу. 53-гадовы цесць ў рэанімацыі памёр. Астатнія атрымалі пераломы рук і ног, у жонкі кіроўцы праблемы з хрыбетнікам. Рахатка таксама трапіў у бальніцу. Праўда, з невялікімі траўмамі.

Адразу пайшлі чуткі пра тое, што за краты Рахатка не патрапіць. Маўляў, такі чалавек... Так і атрымалася. На былога «сенатара» завялі крымінальную справу за парушэнне Правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Але ў канцы года расследаванне ціха спынілі. Тады гэты факт не афішаваўся.

Як паведаміла прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, віна абвінавачанага была даведзеная. Ён яе прызнаў. І была прынятая пастанова спыніць справу «ў сувязі з актам амністыі».

Падставамі сталі салідны ўзрост Рахаткі і тое, што злачынства ўчыненае не наўмысна. Але з часам паўстала новая калізія. Казімір Рахатка рамонт працоўнага джыпа правёў за сродкі свайго прадпрыемства.

Раённы пракурор палічыў гэта незаконным. І падаў у суд - на пакрыццё шкоды Лідскаму раённаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству «Мажэйкава», якое цягам многіх гадоў Рахатка і ўзначальваў.

Высветлілася, што за рамонт «Таёты» прадпрыемства «Мажэйкава» выплаціла 342 773 100 (!) беларускіх рублёў. Гэта шалёныя грошы, тым больш для вёскі. На канец 2012 года сума была эквівалентная амаль $40 тысячам - кошт новага аўтамабіля.

Лідскі раённы суд 29 кастрычнік 2014 гэтую суму знізіў удвая: Казіміра Рахатку абавязалі выплаціць 170 мільёнаў. Але экс-«сенатар» палічыў і гэтую суму залішне высокай - пастанавіўшы абскардзіць.

«Я прасіў бы зменшыць пакрыццё шкоды ў сувязі з тым, што 30 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве... Хуткасці я не перавысіў, проста выйшаў на левы бок руху і штосьці здарылася праз стан здароўя», - прасіў Рахатка на пасяджэнні абласнога суда 26 студзеня.

І звяртаў увагу, што ўся сума - гэта рамонт аўтамабіля з улікам агульнай амартызацыі, а не толькі наступстваў аварыі. «Гэтаму джыпу ўжо 12 гадоў». Вядома, што падчас рамонту салон джыпа абцягнулі скурай.

«Бо крэслы ўжо былі парваныя», - апраўдваўся Рахатка.

Цяпер суду, каб вызначыць, якая сума сышла менавіта на ліквідацыю наступстваў аварыі, трэба звяртацца да экспертаў.

«Хто будзе плаціць за экспертызу? - пытаўся суддзя. - Эксперт пальцам не паварушыць без аплаты. Будзеце плаціць?»

«Не, не буду», - аднекваўся Рахатка. Ягонае прадпрыемства «Мажэйкава» таксама адмовілася.

У выніку калегія суддзяў прыняла пастанову прыпыніць справу і прызначыць экспертызу. А выдаткі ў яе правядзенню пакуль ўскласці на прадпрыемства. Казімір Рахатка адмовіўся адказаць на пытанні журналіста «Нашай Нiвы». Сказаў толькі, што сышоў з пасады дырэктара ў «Мажэйкава» год таму. Не на ўласнае жаданне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках